Бог святы! Няўжо ёсць яшчэ недзе людзі, нават цэлыя краіны, цэлыя нацыі, якія разумеюць, што пісьменніцкая праца па шкоднасці “сродни изготовлению цинковых белил”, а па карысці для дзяржавы – вышэй за часовыя набыткі ўсіх спартсменаў і выканаўцаў папсы разам узятых, што гэта дзяржаўны скарб, што гэта дзякуючы ім, пісьменнікам, і нікому больш, займелі некалі тытульныя назвы самі дзяржавы і носяць іх дасюль, што стомленых ад жыцця вытворцаў і носьбітаў гэтага скарбу варта ўсяляк аберагаць, ашчаджаць, пахмяляць, забяспечваць ім бязбедную старасць, бо цалкам магчыма, што гэта можа аказацца адзіным плюсам, адзінай добрай справай, якая апраўдае і сваё эпізадычнае прабыванне на гэтай грэшнай, у прыватнасці, французскай зямлі…
– Рабіць ім больш няма чаго, гэтым французам, – я так скажу.
«Падающего – толкни!» Стаміўся ад жыцця?! Мы табе стомімся! Вілу захацеў? А вілы табе ў зад! Палац на беразе мора?! А ў электрычку, катацца з Ліёна ў Льеж ці з Парыжа ў Брэст!
Толькі так.
6.
«Скажите нам, Отечества отцы,
кого же мы должны принять за образцы?»
А. Грыбаедаў
Ну, і па традыцыі – мовазнаўчая тэмка.
Каторы раз пераконваюся, наколькі “жывая” мова прыгажэйшая і разумнейшая за мову “вучоную”, прыдуманую якойсьці адной, “не вельмі складанай” галавой.
Напр., на Мазыршчыне людзі казалі і кажуць не “таленавіты”, а “таленТавіты”. І праўда: куды і чаму гэтае канцавое “т” знікае? Чаму захавалі яго рускія: таланТ – таланТливый?
Я заўсёды пішу па-свойму – “свінЮшнік”, а мне заўсёды ўпарта правяць на “свінУшнік”, тлумачачы тым, што суфікс -ушк больш беларускі за -юшк. А куды падзенем тое, чым комін закрываюць: юшку? А рыбны суп (дарэчы, цікава, што ў такой “рыбнай” краіне, як тая ж Францыя, не знайшлося для абазначэння гэтай стравы аднаго слова, а называюць яе – soupe de poisson – суп з рыбы)? А тое, што з носа ці з вуха цячэ, калі кулаком добра прыкласціся?..
“Забраўся” і пайшоў, “завярнуўся” і пайшоў. Паправяць на “сабраўся” і “павярнуўся”. І без гэтага выбухнога “з” слова бяднее. А яно павінна быць паўнакроўным, мець гук і колер, каб выклікаць асацыятыўны вобраз. Забраўся – тут і забраў кашулю ў штаны, і заправіў калашыны ў боты, і заправіўся – у сэнсе, пад’еў... Завярнуўся (актыўнасць дзеяння, экспрэсія) – пакаЗАў ЗАд...
У “Слоўніку эпітэтаў беларускай мовы”, стар. 157. “Данік... крадком цікуе на мілы, прыгожы твар яе (Я. Брыль, Сірочы хлеб)”. Перакладзем на рускую: “Даник... украдкой следит на милое, красивое лицо её”.
– Адэскі акцэнт, – як трапна заўважыў Алесь Наварыч.
Цікаваць можна толькі ЗА кімсьці і ЗА чымсьці. Звычайная памылка, нічога страшнага (у любімага пісьменніка Янкі Брыля – Льва Талстога таксама можна сустрэць: “Накурившись, между солдатами завязался разговор”, “Хаджы-Мурат”). Вось толькі ці варта падаваць гэты “адэскі” сказ як эталон прыгожага пісьменства, як прыклад для пераймання? Ці абавязкова было ўключаць яго ў слоўнік тыражом 49 тысяч асобнікаў – пад рэдакцыяй, “увы”, прафесара Ф. М. Янкоўскага?
7.
І ў заканчэнне – тэма “выдаткі славы”.
Сяджу неяк у сталічным дзіцячым парку імя вялікага беларускага пісьменніка Максіма Горкага на лавачцы. І раптам заўважаю, што са мной людзі вітаюцца. Мяне яўна пазнаюць. У мой “бок” кідаюць позіркі. Прычым на тварах у людзей прыязныя усмешкі і нават як бы ўхмылачкі. Вось бабулька з унукам... Вось маладыя дзеўкі... Пенсіянер з сабачкам, і сабачка таксама са мной вітаецца, весела гаўкнуўшы...
“Ну што ж, – думаю, – вось я і славуты. Чаго чакаў, хацеў, тое нарэшце адбылося. Мяне ведаюць, пазнаюць, вітаюцца... А толку?”
Что слава? – яркая заплата
На бедном рубище певца...
І тут я выпадкова перавёў вочы ўніз, і на ніжняй дошачцы, акурат пад сабой, прачытаў выразнае нецэнзурнае слова з трох літараў.
Мінск, 2007 г.
Сечка-10
1.
Ёсць такая ЕАП – еўрапейская асацыяцыя перакладчыкаў, дык вось яны нядаўна пачалі судзіцца з выдаўцамі. Прычына – адсутнасць гарантаваных заказаў, мізэр аплаты... Усяго 30 еўра за старонку перакладу, гэта ў Германіі, у Італіі ўвогуле 15. Дайшло да таго, што некаторыя “вымушаны акрамя асноўнай (перакладчыцкай) дзейнасці займацца яшчэ і пабочнай”.