Выбрать главу

Нічога сабе! Гэта што ж, уночы перакладаць, а раніцаю ехаць у рэдакцыю якойсьці нямецкай “Маладосці” ці італьянскага “Полымя”, сляпіць апошнія вочы, перапісваючы чужыя тэксты? Толькі ў суд! Трэба, каб усё было жалезна, гарантавана. Каб устаў раніцай – на стале тры рукапісы, з Іспаніі, Шатландыі і з Беларусі. Выпіў кавы, выкурыў цыгарэту, уключыў камп’ютэр, разгарнуў слоўнік... Пераклаў (не прыдумаў – пераклаў з гатовага) старонкі чатыры да абеду, пагуляў, качак пакарміў на возеры, вечарам -- яшчэ чатыры... 30 х 8 = 240 еўра. У дзень.

А ніхто не хоча 49 тысяч беларускіх рублёў за якую-небудзь “Сечку” ў “ЛіМе”? Не перакладную – арыгінальную? Якая пішацца не ў асноўны, г.зн. нармальны, законны пісьменніцкі час, як на добры лад павінна было б быць, а менавіта ў пабочны, у свой асабісты – урыўкамі, начамі, на выхадных, у адпачынку?.. Матэрыялы для якой збіраюцца па каліве месяцамі, ды і пішацца якая, калі ўжо ўсё гатова і пад рукою, не восем і не чатыры старонкі ў дзень – добра, калі чатыры сказы...

Мне праўда шкада еўрапейскіх перакладчыкаў. Хаця б таму, што яны даволі актыўна перакладаюць і мяне ў тым ліку. Аднак жа -- усё адносна...

2.

Адзін аўтар, буйны графаман (графаманы дзеляцца на ціхіх і буйных), крычаў:

– Якое ты маеш права мяне рэдагаваць, калі тэксты мне дыктуе сам Гасподзь?!

– У такім разе я вымушаны рэдагаваць самога Госпада, -- адказваў я. -- Або ён дыктуе вам з памылкамі, або вы кепска расчуваеце яго дыктоўку.

Гэта не анекдот. І ўжо тым больш не анекдот наступная гісторыя. Нейкі японец (як у Вайновіча – “какой-то японец из Токио”) пачаў перакладаць “Братоў Карамазавых”, захапіўся, напёр у тэкст сваёй японскай адсябеціны, тлумачачы потым у інтэрв’ю, што, маўляў, “сам Дастаеўскі падказваў мне ў тэксце магчымыя хады”. (Толькі аб гэтым марыў Дастаеўскі, больш яму рабіць не было чаго.)

Што вы думаеце – пайшло. Бестселер. Чужы тэкст, чужы сюжэт, чужы раман падпісваецца сваім іменем, і рука не задрыжыць, пералічваючы ганарар – наўрад ці 49 тысяч беларускіх рублёў. Цяпер ён, гэты японец з Токіа, працуе над “Злачынствам і пакараннем”, у планах – “Ганна Карэніна”.

“Працуе”, “у планах”... Усё як у дарослых.

Рымейкі, рэміксы... “Фабрыка зорак”... Бярэцца старая цудоўная песня, пераспеўваецца, усё гэта без згадкі аўтара тэксту, без прозвішча сапраўднага -- першага – выканаўцы... Чорт ведае што. Плагіят, публічны крадзеж, злачынства без пакарання...

Ці мо я перабіраю меру? Мо яно так трэба? Іван Бунін таксама ўсё рваўся перапісаць “Вайну і мір”... У нас у газеце “Советская Белоруссия” апытанне: “Как вы относитесь к стёбному переосмыслению произведений Коласа и Купалы?” Леў Талстой любіў “переосмысливать” Мапасана, змяняючы сюжэт, загалоўкі... Адкуль гэты сверб да чужога? Ці мо сапраўды творчая ідэя, аднойчы рэалізаваная, адрываецца ад аўтара, пачынае жыць самастойна – настолькі, што на яе перастаюць дзейнічаць такія паняцці, як маральнае ці аўтарскае права? Дзяўчынка дасягнула паўналецця, атрымала пашпарт і больш не мае патрэбы ў апякунстве...

Не ведаю.

3.

Яно мне адразу не спадабалася, гэтае слова, як толькі яно выскачыла Піліпам з канапель і пайшло, пайшло гуляць рукі ў бокі!..

Слова “гламур”. Карані яго ў лацінскім grammatica – вучэнне, з латыні патрапіла ў французскую мову і падзялілася на grammaire – тое ж вучэнне, і grimoire – вядзьмарская кніга, зборнік заклінанняў, а калі пераплыло ў Брытанію, да яго дабраліся шатландцы і прыдумалі ўласна glamour – чары, вядзьмарства. Інакш, гэта звычайны англіцызм, абгладжаны рускімі языкамі, помесь шатландскага з наўгародскім, з той жа серыі асацыятыўных неалагізмаў, як і піар, крэатыўны, хайтэк... Яно, на думку тых, што яго ўвялі, прыгожа, загадкава гучыць. Тут і лямур, і тужур, і ажур, і гля-нец на вокладках часопісаў, і нібыта гля-нцаваты, гла-дкі стыль жыцця...

Піцерскі гламур... Маскоўскі гламур... Мінскі... “Вращение в гламурных кругах”... “Мечтаю воспитать свою двухлетнюю дочь в гламурной среде”... “Не принадлежу к гламуру, но стремлюсь к нему”... Кароль, каралева гламура... Як казаў герой аповесці У. Крупіна: “Яны там тое і робяць, што ўвесь час злучаюцца без разбору адно з адным, а нам глядзі па тэлевізары”.

І як жа я добра парадаваўся (хораша парадаваўся, напісаў бы Янка Брыль), калі пачаў заўважаць, што мова спакваля, але ўпэўнена стрэсвае з сябе гэтую “сабчакаўшчыну”, як з гэтага “гламура” пачынае аблазіць яго пошлы глянец, асыпацца яго фальшыва-бліскучае шалупінне... І вось ужо -- калі ласка, яно перад намі, слова-гібрыд, голенькае: