“Гламурнік адстойны...”, “уже давно гламур ассоциируется с банальной безвкусицей”, “гламур – не светский лоск, а светский лох...”
І г.д.
4.
Здаровая, жывая, прыгожая мова сама сябе фільтруе, сама лечыцца. І ўсё ж у некаторых выпадках ёй трэба наша дапамога.
Каму з нас са школы, ды з якой школы? – з даясельных яшчэ часоў не ўбівалі ў галовы: “У здаровым целе – здаровы дух”?
Ніколі не любіў. Не разумеў. Не верыў. Бо вочы маю, як мая маці казала, бо наглядзеўся ў жыцці на безнадзейных, непапраўных калек з ідэальнымі целамі і на здаровых духам, прыгожых інвалідаў. Вось і рымскі сатырык Ювенал, той самы, з якога выбралі і перакруцілі гэтую цытату, таксама сумняваецца ў кульце цела:
“Orandum est ut sit mens sana in corpore sano”, -- што значыць: “Як бы хацелася, каб у здаровым целе быў здаровы розум”; у перакладзе на сучасную мову яшчэ лепш: “Добра было б, каб спорт і фізкультура заадно развівалі і мазгі”.
У сувязі з нашымі апошнімі цёплымі зімамі хто толькі (ад дворніка да міністра) не цытуе “Анегіна”:
“...Зимы ждала, ждала природа.//Снег выпал только в январе”, -- з бясплатным тлумачэннем, што во яно як у іхнія экалагічна чыстыя стагоддзі бывала!
Сапраўды, нешта неверагоднае. “В январе” -- у Пушкіна дакладна, трэцяга студзеня; накінем 14 дзён па старым стылі – 17-га! Катаклізм!.. Калі кепска чытаць геніяльны раман. Дастаткова перагарнуць пару старонак назад, туды, дзе: “Стоял ноябрь уж у двора…”, “и вот уже трещат морозы…”, “блистает речка, льдом одета” (на якім паслізнецца гусь); а вось і яно:
…Весёлый
Мелькает, вьётся первый снег,
Звездами падая на брег.
Так што, на жаль ці на шчасце, тады ўсё было як у нас цяпер, не лепш і не горш: то зіма, то адліга, і ў рамане снег выпадае, як і належыць яму, у свой час, у лістападзе, потым растае, а прыблізна на Вадохрышча зноў вяртаецца зіма.
Яшчэ агульнавядомае (лічыцца). Нібыта Ленін аднойчы прачытаў “Палату № 6”, адчуў фізічнае ўдушша, хутчэй захацелася яму на свежае паветра, і ён прамовіў геніяльна-крылатае:
-- Вся Россия -- палата номер шесть.
Я сам ледзь не задыхнуўся, ледзь сам не патрапіў у згаданую палату, шукаючы пачаткі і канцы гэтай прыгожай легенды, занадта прыгожай, каб быць праўдаю... Знайшоў – усё тое ж, што звычайна знаходзіцца ў падобных выпадках: “Как известно, Ленин не очень жаловал Россию, назвав её однажды...”, “общеизвестно ленинское выражение...”, “по меткому ленинскому сравнению...”, “со школы мы знаем, что Ленин, прочитав Чехова...”, “где-то... кажется... когда-то... исходя из ленинского известного...”
Ды каму “известного”? Дзе назваў? Пры якіх умовах? Мо хто ведае -- падкажыце, буду ўдзячны. Бо я пакуль магу назваць толькі аднаго аўтара гэтага параўнання, рускага пісьменніка Мікалая Ляскова: “У “Палаце №6” у мініяцюры паказаны агульныя нашы парадкі і характары. Паўсюль палата №6. Гэта Расія... Чэхаў сам не думаў таго, што напісаў (ён мне казаў гэта), а між тым гэта так. Палата яго – гэта Русь!”
“А.П.Чехов в воспоминаниях современников”, 1947г., с.316. У пазнейшых перавыданнях гэтай кнігі Ляскова не знайсці.
Угадаем з трох разоў, чаму?
5.
І ў ноч і ў туман
Ім фарватар падкажа
Запалены Леніным
Вечны маяк.
(А. Вольскі)
Некалі ў студэнцкія гады дзякуючы гэтаму маяку я пацярпеў сур’ёзнае караблекрушэнне і ледзь не пайшоў на дно: атрымаў “нездавальняюча” па “Асновах марксісцка-ленінскай тэорыі культуры”, пазбавіўся стыпендыі, семестр галадаў і ўвогуле толькі цудам утрымаўся ў інстытуце. Маю на ўвазе артыкул “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”. Я ўсё ніяк не мог узяць у толк, каму трэба, каб пісьменнік быў “калёсікам і вінцікам” аднаго адзінага механізма?
Самому творцу хіба хочацца мець у галаве столькі нарэзаў, колькі ў вінціка? Не. Сістэме? І ёй выгадна, каб пісьменнік быў свабодны, каб, груба кажучы, піхаў свой нос ва ўсё, што яму цікава, а яна, сістэма, спадцішка назірала б за ім і рабіла свае высновы, і выпраўляла б тыя хібы, якія свядома ці падсвядома заўважае творца. Леніну гэта трэба было? Не – ён сам кажа, што “любое параўнанне кульгае; кульгае і маё параўнанне літаратуры з вінцікам, жывога руху з механізмам”.
Карацей, нікому нічога я не даказаў, атрымаў “нездавальняюча”, і вось праз 20 гадоў вымушаны зноў засесці за ленінскія працы. Цяпер мае выкладчыкі могуць ганарыцца мною. Многіх з іх любімых выдатнікаў-“шасцёрак” прымусіш цяпер вывучаць даўно адменены (за непатрэбнасцю) прадмет?