Выбрать главу

Чытаю, канспектую... Сілюся аддзяліць Божы дар ад яечні, бузіну ад кіеўскага дзядзькі, “мух ад катлет”, спрабую рассмакаваць гэты стогадовай заляжаласці вінегрэт, гэты амлет з пралетарыяту, літаратуры і “сапог всмятку”... Сапраўды, не так проста. Супярэчнасцей да халеры. Адзін абзац літаральна перакрэслівае другі, адно слова адмяняе другое...

Ну што гэта такое: “Далоў літаратараў беспартыйных!” – і тут жа: “Горкі – аграмадны талент, але навошта Горкаму брацца за палітыку?”

“Газеты павінны стаць органамі розных палітычных арганізацый, літаратары павінны ўвайсці абавязкова ў партыйныя арганізацыі”, – а ніжэй: “бясспрэчна, тут несумненна неабходнае забеспячэнне большага прастору асабістай ініцыятыве, індывідуальным схільнасцям, прастору думкі і фантазіі...”

“Літаратурная справа павінна стаць часткай агульнапралетарскай справы, “калёсікам і вінцікам...”, – і зараз жа: “бясспрэчна, літаратурная справа менш за ўсё паддаецца механічнаму раўненню, нівеліраванню...”

-- Ну, -- праз гады пытаю ў сваіх выкладчыкаў, -- і за што мне “неуд”? “За что боролись?!” – крычаў мужык у часы антыалкагольнай кампаніі, душачыся ў чарзе да жаданага акенца.

Фінал артыкула прыводжу ў арыгінале, каб ні адна крупінка гэтых сапраўды залатых слоў не страцілася пры перакладзе:

-- Успокойтесь, господа! -- звяртаецца Уладзімір Ільіч да ўяўных апанентаў-інтэлігентаў, гарачых прыхільнікаў свабоды слова. -- Каждый волен писать и говорить всё, что ему угодно, без малейших ограничений.

І вось гэта, а не вінцікі, болцікі і гаечкі, бачыцца мне сапраўды мудрым, правільным, справядлівым, вартым усялякага вывучэння і канспектавання.

2007 г.

Сечка-11

Раней усё стараўся, каб была хоць якаясь лейтматыўная лінія, адзін скразны герой (Ракаў, Пісьмянкоў, Варановіч, Рубанаў, Ленін, Сыс, Асташонак, Дамашэвіч, Быкаў...), каб існавала хоць нейкая “глабальная” думка, на якую, як пацеркі, нанізваліся б раздзельчыкі... А цяпер проста хочацца вольнага пісьма, хаатычнага россыпу разваг, абагульненняў-высноў, эпізодаў-выпадкаў – тых, што некалі, ці нядаўна, ды і цяпер падаюцца асабіста мне цікавымі.

1.

У маю медыцынскую картку ў паліклініцы выпадкова патрапіла чужое паведамленне. Нікому яно не спатрэбілася, і я захаваў яго.

УЗ 2 ц р п-ка

Экстренное извещение

об инфекционном заболевании

1. Фамилия, имя, отчество пациента А…ич Наталья Владимировна

2. Дата рождения: 1956

3. Пол: мужской, женский (нужное подчеркнуть)

Менавіта так – рашуча, упэўнена, безапеляцыйна падкрэслена: мужской.

І ўспомніўся мне стары, пахабны і па вялікім рахунку не смешны анекдот, які, тым не менш, ідэальна падыходзіць да нашага “извещения”.

Савецкі час. Яўрэй перабіраецца цераз мяжу на захад. «Стой, кто идёт? Фамилия!» – Такі й такі. «Имя!» Такое й такое. «Пол!» – «Женский». – «? – как? почему?» – «П…да я, п…да, зачем не пошёл другой дорогой!»

2.

Куды менш пахабнае, хоць і блізкае па тэме. Сусед па палаце, малады хлопец з пераламаным хрыбетнікам, раптам прамовіў, гледзячы ў жахлівую белату столі:

Страна нуждается в героях –

П...да рожает дураков.

І вось колькі ўжо часу – ці пазіраю ў вакно, ці ў тэлевізар, ці слухаю пра палітыку або сямейныя праблемы, ці рэдагую-перапісваю чужыя рукапісы, ці бадзяюся па вуліцы, ці спрабую пісаць сваё – перад усім усплываюць гэтыя словы – эпіграфам.

3.

...Прыязджаў некалі да мяне ў госці Алесь Асташонак, мы пілі, не разводзячы вадою, спірт, закусвалі чырвонай мурманскай рыбкай, ружовай беларускай паляндвічкай, і я, на правах гаспадара, ведаючы, што ў чужой кватэры Алесь наўрад ці скарыстаецца сваім разрадам па боксе, абдымаючы яго за плечы, чытаў-сцябаўся:

Я то хоть бульбаш обычный,

Ты же, извини, еврей.

Что ж так плачем неприлично

Над Радзімаю своей?

Мы с тобой, Алесь, по-нову

Тельник на груди рванём!

Ведь вначале было слово,

Пятый пункт – уже потом…

...Даўно ні Алеся, ні мурманскай рыбкі, ні пятага пункта, ні Цімура Кібірава (у сэнсе, дзе ён, хто ён?)... Што гэта, блін, было?! Дзе яно, блін, дзелася?!

4.

Сябар, каб прывучаць да роднай мовы свайго дзесяцігадовага сына, дае яму – не дае, нават загадвае, каб той чытаў хоць патроху “Шчарбаты талер”. Бедны малы! Бывае, спатыкнуўшыся на якім слове ці каструбаватым сказе, адкідвае ненавісную кніжку і ледзь не ў слязах крычыць: