– Гэта пісаў не Андрэй! (Ён мяне ведае, канечне). Андрэй такога не напіша!
А вось ужо іншы, не малы – тэлефануе: “Што ты пісаць стаў так нецікава, сечкі нейкія прыдумаў – слова калхознае, на Абрамовіча наехаў, яўрэем яго абзываеш (?) – і не баішся, ты што, зусім ужо...”
Бедная, бедная наша літаратура і культура. Як плакала некалі ў часы “Лысай гары” ціхенька ў кутку, так і будзе ўсхліпваць. Ну чаму ў ёй столькі ідыётаў, чым мы перад іншымі народамі прагнявіліся?..
І не паваюеш жа, не зменіш нічога – няма супраць дурня ні лома, ні прыёма; нездарма ж кажуць – хворы вылечыцца, злачынца пакаецца, п’яны праспіцца, а дурны – ніколі.
Хаця... (Напісаў, а цяпер сам сабе буду супярэчыць.) Мо гэта ўвогуле тэндэнцыя, незалежная ад часу, узросту і нацыянальнасці? Антон Чэхаў – Авілавай:
“Горький... в последнее время начал писать чепуху, чепуху возмутительную, так что скоро я брошу его читать”. І годам пазней – жонцы, пра таго ж беднага Аляксея Максімавіча: “Что-то удивительно дикое. Если бы написал это не Горький, то никто бы читать не стал”.
Як афіцыйны рэдактар публічна я не магу дазволіць сабе падобнай раскошы ў ацэнках. А так, бывае, хочацца!
“Не, вы растлумачце, чаму мяне не друкуюць, не чытаюць, не перакладаюць, а калі друкуюць, чытаюць і перакладаюць, дык няма водгукаў, прэміяў, аддачы...”
Таму, дарагі, што пішаш ты “чепуху, чепуху возмутительную”.
І кропка.
5.
Гогаль, выбранае месца з “Выбраных мясцін з перапіскі з сябрамі”.
“Калі пісьменнік пачне апраўдвацца якімі-небудзь абставінамі, што паслужылі прычынай яго няшчырасці, ці неабдуманасці, ці хапатлівай неахайнасці слова, тады і кожны несправядлівы суддзя можа апраўдвацца тым, што браў хабар і выносіў несправядлівыя прысуды, складаючы віну на абставіны, жонку, сям’ю – ды ці мала на што можна спаслацца. Нашчадкам не будзе справы да таго, хто вінаваты, што пісьменнік сказаў глупства ці абсурд, альбо выказаўся прымітыўна. Нашчадкі не стануць разбірацца, хто штурхаў яго пад руку: ці блізарукі хцівы сябрук, ці рэдактар часопіса, які клапоціцца толькі пра выгоды свайго выдання. Нашчадкі не прымуць да ўвагі ні кумаўства, ні блату, ні цяжкага матэрыяльнага становішча пісьменніка. Яны ўпікнуць толькі аднога пісьменніка. Чаму зламаўся, чаму не выстаяў супраць усяго гэтага?!”
6.
Пішуць (часта смакуючы, і гэта так брыдка!) пра душэўную хваробу Гогаля, шукаюць прычыны яе, і чамусьці ніводнаму з даследчыкаў (нават выдатнаму Анры Труая) не прыйшло ў галаву задумацца над простым. Бацьку Гогаля было 13, маці – сем месяцаў, і ён, гэты бэйбус, дужа любіў з гэтым, несумненна, прыгожанькім дзіцяняткам нянькацца, гулёкацца, сюсі-пусіцца... Калі ж ёй споўнілася 13, а яму 27, раптам узгарэўся жаданнем ажаніцца з ёю.
Пачалі адгаворваць Васіля адкласці вяселле хаця б на год; дзе там! – яно адбылося ўжо праз месяц.
І вось вынік. Само гэтае яшчэ дзіця нараджае (у супярэчнасці з нашым раздзельчыкам 2) генія, якіх мала ведаў свет, – з аднаго боку, а з іншага – які няшчасны лёс і нядоўгі век быў наканаваны яе беднаму сыну! “Мамачка, злітуйся з мяне, забяры мяне адсюль!..”
7.
У іншых народаў, у нармальных нацыяў: “Як справы, як жыццё, сям’я, бізнес?
– “Ол райт! Окей!”
У нас: “Як справа?”
– “Як злева, так і справа”...
“Ну, а так, як яно, жыццё?”
– “Магло б быць лепш...”; “Ні то ні сё, ні два ні паўтара, ні пяць ні дзесяць...”; “Абы дзень да вечара...”; “Жызнь бекава: пая...аў бы – ды некава”, або, як выказаўся мой стары настаўнік беларускай мовы і літаратуры: “І не жывецца, і яб...цца”...
“Ну, тады – як дзела?”
– “Дзела ў пракурора, у нас дзялішкі...”
У самога не кватэра – катэдж, машыны дзве-тры, жонка-красуня, палюбоўніца (не адна), пасада (не адна) грашовая, прэстыжная, а ўсё ўздыхае, усё яму “бекава”...
Беларуская адвечная перастрахоўка, абы не пазайздросцілі, не сурочылі. Народзіцца немаўля – не хваліць яго, яшчэ і плюнуць на яго. Карова ацеліцца – “а каб гэтае цяля да лета не дацягнула!”... Калі хто жадае на словах дабра – нешта тут не так, значыць, у душы штось нядобрае мае.
І вось яна – выпаўзае з глыбіні стагоддзяў – замова ад сурокаў:
На “Добры дзень!” – “Штаны здзень”. – “Добрага ранку!” – “Спіну табе ў абаранку”. – “Здароў!” – “Здаравейшых бачылі”, або “Пасі кароў!”
На “Добры вечар” – “Дзячыць нечым!”, на “Дзякую” – “Па спіне ламакаю”...
А гэта што, бадай, самае і паўсюль распаўсюджанае: “Памагай Бог!”
– Казаў Бог, каб ты памог.
У нашай вёсцы жыў некалі камуніст, у вайну яго забілі, дык ён звычайна, калі падыходзіў да талакі, жадаў (не скажа ж атэіст: “Бог у помач”):