Выбрать главу

– Слава труду! – на што абавязкова якісь дасціпнік, не адрываючыся ад работы, буркаў: “Пацалуй бабу ў п...у”, і камуніст не крыўдзіўся.

8.

“Як людзі кажуць” (друкавалася мною ў 1993 годзе ў газеце “Наша слова”, нават Анатоль Клышка хваліў); тэма – правільна каты ці кошкі? Усе слоўнікі, якія ўдалося перагледзець, даюць кальку з расейскай: “дарогу перабегла кошка”, “сямейства кашэчых, кашачых”, “кашэчы канцэрт”, “гульня ў кошкі-мышкі”, “кошкі на душы скрабуць” (дарэчы, чаму не шкрабуць?), “ведае кошка, чыё мяса з’ела”, казка “Кошкін дом”, і г.д., таксама ў слоўніках замацавана дыялектнае слова “котка” жаночага роду.

Між тым у жывой народнай беларускай мове слова “кошка” ўжываецца ў адным-адзіным значэнні – калі трэба падкрэсліць, што гэта менавіта кошка, а не кот, калі, груба кажучы, зазірнуць ёй пад хвост. Ва ўсіх астатніх выпадках: каты – зборнае значэнне, выразы – каціны бацька, ведае кот, чыё мяса з’еў, як кот наплакаў, кот дарогу перабег, каціны канцэрт (ва ўспамінах П. Мядзёлкі – “... у касцёле запраўды каціны канцэрт, хоць вушы затыкай”). Гульня “в кошки-мышки» па-беларуску заўсёды звалася “квач”...

Во праблемы былі 15 гадоў назад! Цяпер бы іх нам.

9.

– А нужен ли слепым свет?

– Нет.

Часта думаю: каму гэта трэба? Тое, што я столькі часу (з 2002 года) таўку ваду ў ступе? Сто разоў пісаў і тлумачыў, што пад час і падчас – розныя часціны мовы, што ёсць лёгкае правіла: калі можна замяніць на “ў час”, тады і “пад час” пішацца асобна. Усё адно пасміхаюцца і робяць па-свойму, г.зн. ва ўсіх выпадках пішуць злучна, тлумачачы – “так па слоўніку”. Дык будзьце прынцыповымі да канца, пішыце, як па слоўніку – гарком, камунізма, сацыялізма...

Прапанаваў некалі прыгожае слова “занізкі” замест польскага “каралі”, і што – узяў яго хто-небудзь, скарыстазў дзе-небудзь, адзначыў хоць бы?

Спрабаваў даказаць, што пісаць Фінляндыя і Грэнландыя ў абодвух выпадках варта было б ці праз я, ці праз а – і што? Нуль на масу.

Толку, што разбіваў лоб, каб давесці, што і прыгажэй, і па народнаму – на лобе, а не на ілбе, на лёдзе, а не на ільдзе, чацверкам, а не чацвяргом, – і што? “Пофік дым”.

І ўсё ж!.. Вада камень точыць. Натыкнуўся ў тым жа “Арфаграфічным слоўніку” 1990 г.в., які для нашых афіцыйных карэктараў і пісьменнікаў ёсць Евангеллем, на сказ, які крыху пагрэў мне душу; вось гэты:

“Пры падрыхтаванні шостага выдання слоўніка ўлічаны слушныя заўвагі чытачоў”... Не сумняваемся, што наперадзе будзе яшчэ і шаснаццатае выданне.

1993, 2008 гг.

Сечка-12

1.

У вядомым мультфільме Дзед Мароз пытае ў вульгарнага шафёра: “Скажы, мілы чалавек, а што такое лета?” – так і ў мяне, бывае, калі-нікалі шчыра цікавяцца:

– Што азначае само слова – сечка?

Я тады хлушу, што гэта новатвор, слова-выдумка, як у рускай мове – “дэцал”; так па-беларуску называецца нешта кароценькае, аднаднёўка, мініяцюрка, вытрымка з дзённіка, карацей – “запіс”, як проста і коратка назвалі гэты жанр у “Дзеяслове” (“Слова ад “Дзеяслова” і “Дуліна ад Барадуліна”).

Мне кажуць – мала. Ты пішаш усё менш і ўсё карацей. А мне б хацелася навучыцца так – восеньскі ліст адарваўся ад галіны, і пакуль падае, марудна кружачыся, на зямлю – вось бы злавіць гэты адрэзак часу і “ўпіхнуць” у яго думку. Альбо – пісаць дубчыкам на мокрым пяску паміж прылівам і адлівам. Напісаў – накаціла хваля, змыла і забрала з сабою ў нікуды, ці, лепш сказаць, у сваю бязмежную прастору.

“След мой волною смоет, а я на берег с утра приду опять...”

2.

Бо дзень і ноч працуе ўдарна

Літаратурная сячкарня.

У. Мазго

“Сярдзіта зашамкала сячкарня вострымі нажамі, перасякаючы салому на дробныя шматочкі” (Я. Колас).

Што ў гэтым сказе? У гэтых свісцячых “с” і пагрозлівых “р” і “ж”? Правільна – папярэджанне аб пільнасці, тут не да жартаў – будзь напагатове, трымай вуха востра, а рукі не піхай куды не след!

Небяспечная штука – сячкарня. Не для тых, хто круціць (а круцілі зазвычай па двое, знарок наймалі для гэтага жанчын), – для таго, хто падае ў барабан салому або выграбае з бункера, з-пад крывых нажоў, сечку. Рабіў гэта, як правіла, сам гаспадар. У нашым выпадку Арцень. Ды вазьмі ты палку, ёсць жа, урэшце, спецыяльная лапатка – не, хочацца хутчэй, рукамі, памацаць, лішні раз да свайго дабра дакрануцца...

Вынік: шах-шах! – два пальцы Арценю як карова языком злізала. Упалі ў бункер і пакаціліся ў мяшок. І што? Пакрычаў, пабегаў, паплакаў, заматаў анучаю, дарэзаў сечку... Пасля расказваў, што на вайне гранатаю адарвала. Пакрысе сам паверыў, хадзіў выбіваць паперы ветэрана вайны... Было яму пад 60. І жыў ён яшчэ гадоў 20 без гэтых пальцаў, нібыта без іх і нарадзіўся.