Я ніколі не разумеў – як так лёгка прывыкаюць людзі? Тут хворы зуб вырываць, і то перадумаеш, нашкадуешся, гэты ж зуб столькі быў з табою, памагаў табе есці, яму ж таксама жыць хочацца... А то два рабочыя родныя пальцы!
Яшчэ адзін, Мікола, таму на пілараме адхапіла кісць правай рукі. 50 гадоў. Паляўнічы, матацыкліст, рыбак, вясковы, карацей, дзядзька. Ды іншы змарнеў бы ад гора, памёр бы! Гэтаму хоць бы хны. Адзене на куксу шкарпэтку, кіруе адной рукой матацыклам, для касы зрабіў цераз плячо шлейку, рыбу таптухаю ловіць, сякерай нешта цюкае – хіба што мат-перамат на ўвесь двор.
А то Люша (ад Іллі), адзін з нямногіх няспітых мужчын, ну, дзядоў. Усё прасіў мяне сфатаграфаваць яго, толькі абавязкова з канём – у яго свой конь. Во, думаю, якія лірычныя вясковыя людзі, правільна нашы пісьменнікі пісалі. Аказалася, уласная картка яму сто гадоў не трэба, гэта каня перыядычна крадуць, дык каб потым праз міліцыю лягчэй было па фотапартрэце яго адшукаць. Прыязджаю чарговы раз у вёску – у Люшы пальца няма! “Сячкарняй адрэзала... Да-а, ерунда!” Вясёлы, шчаслівы... Самому пад 70.
А каб на вас з вашымі сячкарнямі, з вашымі пальцамі і з вашымі галовамі!
І незразумела, і зайздросна.
3.
У “Маладосці” № 4 за г.г. крытык Ігар Запрудскі выступае з чарговым артыкулам “Бадай-2”, дзе запрашае да палемікі – да “субяседавання” пісьменніка з крытыкамі ды супрацоўнікамі рэдакцый.
Калі ласка.
Асноўная мэта даволі аб’ёмнага артыкула: “Трэба намагацца нетупа ствараць вобраз баларускага Супергероя... нацыянальнага Героя без недахопаў і заган”.
Уяўляю, што гэта будзе за герой. І што крытыцы з ім рабіць? Як пра такога пісаць? Крытыку заклікаць да стварэння такога тыпа – тое самае, што пісьменніку марыць, каб мастацкія рэчы пісаў камп’ютэр. Каму і навошта тады спатрэбіцца сам пісьменнік?
Увогуле, з артыкула можна даведацца шмат цікавага. Напрыклад, як у часы Рыгора Бярозкіна “слова цыцка, як частка жаночага цела, не мела права на існаванне”, а таксама, што “ў некаторых творах нашай найноўшай літаратуры назіраецца відавочнае імкненне не грэбаваць пахамі грамадскай прыбіральні”.
Самае смешнае, што ў беларускай мове цыцкі і грудзі – не адно й тое ж (у нашых грудзей няма адзіночнага ліку), а самае сумнае – што пахі ханжаства і ілжэ-цнатлівасці куды брыдчэйшыя за пахі прыбіральні. У якую, дарэчы, сапраўды наша літаратура раней ніколі не заглядвала. Героі прачыналіся, снедалі – і адразу ж за працу. Калі ў “Знаку бяды” Пятрок, апынуўшыся ў Мінску, захацеў па малой патрэбе, гэта была вялікая пісьменніцкая “смеласць і знаходка”, а з нявіннага і натуральнага жадання героя вырас цэлы вялікі раздзел. Якому ў сваю чаргу прысвеціць цэлы вялікі артыкул пад красамоўнай назвай – “Нявыкрутка” – крытык Сяргей Дубавец: пра “катастрафічную ментальнасць” і “катарсіс” беларусаў.
4.
Калі ўжо размова зайшла пра ханжаства, ёсць такая рэч, як ужыванне (ці злоўжыванне) слова “Бог” у літаратуры.
Дастаеўскага ўпікалі, што ён “піхае Бога куды трэба і не трэба”. Упікальшчыкі ўявіць сабе не маглі, якія маштабы гэтае піханне, гэтая згадка Бога “всуе” набудзе ў нашы дні.
Ну, можна карыстацца ўводнымі словамі, устойлівымі выразамі – “далібог”, “дай Бог памяці”, “Божа ты мой мілы// Б’юся я, як гад”...
Але – “Аповесць-малітва”! “Паэма-малітва”! “Прысвячаецца мне, Богу і егіпецкай царыцы Клеапатры”. “Божа, дай здароўя мне, маім дзецям, унукам, праўнукам, нашчадкам і спадкаемцам, і пляменнікам...”
“Это финал? – пытаў герой фільма “Пакроўскія вароты”. – Нет, вы мне скажите, ЭТО финал?!”
Вяртаю аўтару апавяданне:
– Не пойдзе.
– Чаму?!
– Таму што суцэльнае божканне.
– Усё правільна. Чым часцей паўтараць слова Бог, тым лепш. Я некалі даў зарок: у кожным вершы, у кожным апавяданні ўжываць гэтае слова не менш, як 17 разоў. Больш – можна.
– А вы ведаеце, што гэта грэх? І ў рэлігійным, і ў мастацкім сэнсе? Вы не спрабавалі проста напісаць 17 цікавых эпізодаў, 17 жывых дыялогаў і 17 арыгінальных малюнкаў прыроды? І тым самым уславіць Бога больш за прамую згадку яго?
Аўтар, на шчасце, была не скандаліст. Ён толькі крыху здзівіўся:
– Так? А я неяк і не падумаў...
Вышэй напісана – “у нашы дні”. Ды не, разумелі і раней. Якуб Колас, “Песьні жальбы”, 1910 год:
Божа, Божа, твая воля!
(Хоць гэта можа быць і грэх.)
5.
Выпадак з божканнем – маленькая ілюстрацыя, што такое рэальнае жыццё і што такое літаратура.