Але досыць. Паехалі ў першакрыніцу. Спакойна, стрымана, непрадузята.
Згадка першая. Мышкін пра Аглаю:
— Красу цяжка судзіць… Краса — загадка.
Адэлаіда (гледзячы на партрэт Насты Піліпаўны):
— Такая краса — сіла. З такой красою можна свет перавярнуць!
Іпаліт (прачнуўшыся) — да Мышкіна:
— Праўда, князь, што вы неяк казалі, што свет уратуе "краса"? Панове! — закрычаў ён гучна ўсім, — князь сцвярджае, што свет уратуе краса! А я сцвярджаю, што ў яго такія гуллівыя думкі, бо ён закаханы. Не чырванейце, князь… Дык якая краса ўратуе свет?
Харошае пытанне. І цікавая рэакцыя Мышкіна — "князь разглядваў яго ўважліва і не адказаў яму".
І нарэшце, згадка чацвёртая, і апошняя — Аглая Мышкіну:
— Слухайце раз назаўсёды, — калі вы загаворыце аб чым-небудзь кшталту смяротнай кары, ці аб эканамічным становішчы Расіі, ці аб тым, што "свет уратуе краса", дык папярэджваю вас загадзя: не трапляйцеся мне пасля на вочы!
Інтанацыя не столькі Аглаі, колькі аўтара; такое адчуванне, што пад канец рамана яму самому надакучыла круціць і так, і гэтак, і тлумачыць невытлумачальнае.
7.
Але праз дзесяць (!) гадоў пасля выхаду "Ідыёта" ў сваім "Дзённіку пісьменніка" Фёдар Міхайлавіч вяртаецца да любімай тэмы:
"Літаратура красы адна толькі і ўратуе", — так ён піша.
І мы нарэшце можам уздыхнуць з палёгкаю. Усё становіцца на свае месцы. Слова "літаратура" ўсё тлумачыць. Пісьменнік адкінуў абстракцыі і ўжыў прафесійны тэрмін. Ён высока ставіць сваю прафесію, лічыць, што ёй трэба аддаваць усяго сябе, рабіць сваю справу прыгожа, каб была ва ўсім краса — і гэта ўратуе.
Усё зразумела. Не зразумела толькі, што рабіць прадстаўнікам іншых прафесій — шаўцу, селяніну, банкаўскаму служачаму, фотамадэлі, — якія не лічаць свой занятак горшым за літаратурны? Іх што ўратуе?
Дарэчы, ледзь не забыўся пра галоўнае. Збіраючы матэрыял для гэтага эсэ, натрапіў на:
"Краса ўратуе свет, — сцвярджаў Іаган Крыстоф Фрыдрых Шылер у артыкуле "Аб французкай рэвалюцыі канца ХVШ ст.".
"Пакуль у народзе захоўваецца ідэал красы, датуль… жывы народ", — паўтараў пазней Дастаеўскі, хаця і ўкладваў у гэта зусім іншы сэнс".
Перш узнікла была спакуса засесці за Шылера, і разбірацца ўжо, што ён меў на ўвазе…
Ды не стаў я гэтага рабіць.
2002 г.
Сечка-2
1.
Хто растлумачыць, навошта гэтыя прыстаўкі да абазначэння жанру? Не проста аповесць, а “ціхая аповесць”, не раман, а “раманчык”, “спроба рамана”, не апавяданне, а “апавяданне-быль”, “апавяданне з жыцця”, “эксперыментальнае апавяданне”? Што за перастрахоўка? Каб менш было патрабаванняў да зместу?
Тое самае з пісьменніцкай “цэхавай” прыналежнасцю. Не проста паэт, а “паэт-песеннік”, не празаік, а “пісьменнік-баталіст”, “дзіцячы пісьменнік”…
Так і ўяўляюцца працягнутыя для знаёмства рукі:
— Вельмі прыемна — паэт-эстэт…
— Празаік-эпік…
— Белетрыст-батавік…
— Паэт з народа…
— Паэт-франтавік…
— Эсэіст-філосаф…
І, як апафеоз, атрыманая мной навагодняя віншавальная паштоўка з Рэчыцы, падпісаная так: “Анатоль Караленка, казачнік-нафтавік, вольная барацьба ў цяжкай вагавай катэгорыі, рэчыцкі Андэрсен”.
2.
“Пераемнасць традыцый”, “славутыя дынастыі”, “дзеці ідуць па слядах бацькоў”…
Усё было б зразумела, сімпатычна і ўхвальна, калі б справа тычылася вузка-прафесійнага вопыту, які можна перадаць і якім можна авалодаць: напрыклад, пляценне кошыкаў ці лапцей, свінабойства, выплаўка чыгуну і сталі, кладка печаў, шафёрскія навыкі і г. д.
Але як перадаць у спадчыну такую індывідуальную, непаўторную рэч, як талент? Ці ўвогуле магчыма гэта? Нездарма ж існуе прымаўка: “На дзецях геніяў прырода адпачывае”…
Што б ні казалі, а ёсць у гэтай “пераемнасці” нешта фальшывенькае, саладжавае, нават саромнае. Калі вядучы Клуба Вясёлых і Знаходлівых на вачах мільёнаў людзей памаленьку “перадае” свой дар канферансье сыну… Калі памірае прэзідэнт Азербайджана і нікім больш, як зноў-такі сынам, не знаходзіцца яго замяніць… У газеце “Советская Белоруссия” чытаю: “Выпрабоўваць новыя ўзоры аўтаматаў Калашнікава прызджаў нават сын вядомага на ўвесь свет канструктара — таксама буйны спецыяліст, аўтар новых распрацовак”…
Ад гэтага апошняга проста дыхнула Гогалем. Памятаеце, у “Рэвізоры”, калі Бобчынскі расказвае пра карчмара Уласа, у якога “жонка тры тыдні таму нарадзіла, і такі бойкі хлопчык, таксама будзе, як і бацька, трымаць карчму”?