Выбрать главу

Трудно подыскать в нашей литературе что-либо более отвратительное, чем та “мораль”, которую проповедует автор в своей повести, изображая людей и самого себя как гнусных похотливых зверей, у которых нет ни стыда, ни совести”...

Можна падумаць, што гаворка як мінімум пра якога-небудзь сучаснага Сарокіна. А між тым гэта цытата з даклада А. Жданава, 1946 год; маецца на ўвазе савецкі пісьменнік Міхаіл Зошчанка і яго аповесць “Перад узыходам сонца”.

Канечне, само па сабе дзіка, як за бязвінны тэкст, – а аповесць абсалютна бязвінная, як бязвінны любы шэдэўр, – можна было страціць не толькі членства ў Саюзе пісьменнікаў, прадуктовыя карткі і магчымасць друкавацца, а і ўласна галаву. Уражвае іншае: поўнае неразуменне Андрэем Аляксандравічам Жданавым, 1-м Начальнікам Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК ВКП (б), што такое “отвратительная мораль”, якой яна бывае ў сапраўднасці і ў літаратуры.

2.

Вось апавяданне аднаго сталага беларускага аўтара пра вайну. У Берліне ідуць апошнія баі. Савецкі салдат Іван заглядае ў падвал (“не інакш, як там схаваліся гансікі, падумаў ён”) і бачыць на доўгай лаўцы немаладых жанчын у чорных апратках. Пад шырокай спадніцай адной з немак схавалася дзяўчына. Нядоўга думаючы, Іван бярэ яе за руку і цягне за сабой у ацалелую пабудову. “Хоць яна і малодзенькая (націскае на “о” аўтар), а такая ж галодная, як і я, – паспеў падумаць ён, лежачы побач з гарачым, поўным жадання целам дзяўчыны”. Зрабіўшы сваю работу, Іван на руках адносіць дзяўчыну назад у падвал, і калі яна “зноў апынулася пад спадніцай сваёй маці, Іван узяў халодную руку фраў, пацалаваў яе і сказаў ёй “данке”.

Замілаванаму “красівай карцінкай” аўтару і ў галаву не прыйшло, што вось гэтае, пасля ўсяго, гжэчнае цалаванне ручкі і гуллівая падзяка – самы што ні на ёсць яскравы прыклад амаральнасці, цынізму, апафеоз пошласці; не – наш дзівак-аўтар усур’ёз лічыць, што ягоны персанаж – герой не толькі ў літаратурным, пераносным значэнні, але і ў прамым, чалавечым – гуманны, выхаваны савецкі Герой, варты пераймання.

3.

Вернемся, аднак, да сапраўднай літаратуры, да Зошчанкі. Што ж гэта быў за такі чалавек і пісьменнік? Якога любіў чытаць уголас Сталін; аднойчы смяяўся ледзь не да слёз, потым сказаў: “А тут т. Зошчанка ўспомніў пра ГПУ і змяніў канцоўку”. Якога часцей за ўсіх савецкіх пісьменнікаў згадвае Набокаў – ажно тройчы, у той час як, напрыклад, Шолахава, Пастэрнака, Салжаніцына – па адным разе, Булгакава – зусім ні разу... З якім за гонар лічыў выпіць Ясенін і пагутарыць Маякоўскі. Славутасць якога была такой, што часта ён вымушаны быў спыняцца ў гатэлях пад чужым прозвішчам, у той час як па бяскрайніх эсэсэраўскіх дарогах бадзяліся адразу некалькі, як дзяцей Шмідта, фальшывых Зошчанкаў.

Чаго яму не хапала? Чаму не жылося? Што ён усё шукаў? Навошта ў 1942 годзе напісаў тую злашчасную аповесць, а ў 1943-м вырашыў друкаваць яе? Пра што яна?

Ды ўсё пра тое ж. Вечныя пытанні, якія рана ці позна, так ці інакш паўстануць перад любым – без выключэння – творцам, і кожнаму (як кажа Мікола Мятліцкі, “у меру свайго таленту”) давядзецца вырашаць іх.

Рэальнасць ці адлюстраванне? Фантазіі на тэмы жыцця – ці проста жыццё? Творчасць – ці нармальнае існаванне здаровага чалавека?

Зошчанка вельмі пільна ўгледзеў і хутка разабраўся, што розум, звязаны з мастацтвам, з творчасцю, часцей церпіць пакуты, беды, хваробы, у прынцыпе невядомыя чалавеку “сярэдняму, звычайнаму”.

Арганізм у стадыі творчасці – гэта гарэнне свечкі, запаленай з двух канцоў, гэта высмоктванне здароўя, мардаванне сябе, знясільванне, неўрозы, псіхозы, хуткая старасць, ранняя смерць. Вось чаму немагчыма радавацца жыццю, захлынацца простым шчасцем існавання, як у маленстве. Творчасць, літаратура – “варварскі занятак, не ўласцівы мужчыну і чалавеку”.

“Я ж арганізую сваю асобу для нармальнага жыцця, – казаў Зошчанка яшчэ ў 1927 годзе Чукоўскаму (такому ж неўрастэніку, як сам). – Трэба быць чалавекам добрага трэцяга гутунку. Я цяпер, калі кепскае апавяданне напішу, усё роўна друкую. І гарэлку п’ю...”

Але тут новая праблема. Калі стаць “трэцім гатункам” (яшчэ паспрабуй ім стаць), г.зн. абсалютна здаровым чалавекам – зусім адпадзе патрэба ў любой творчасці. Здаровы нармальны чалавек канечне ж выбярэ рэальнае жыццё замест бясплодных фантазій, яму проста не будзе часу забіваць галаву прыдуманымі персанажамі, калі вакол поўна рэальных людзей з сапраўднымі, жывымі пачуццямі.

Тады не напішаш нават кепскага апавядання, і гарэлкі не будзе на што купіць.