Выбрать главу

“Назваўся груздом – лезь у кузаў”...

Пажадана самазвальны. А мы тут пра нейкія высокія матэрыі – што з чым сумясціць, ды як гарманізаваць... Дзівакі, ей-права!

2010 г.

СЕЧКА-14

1.

Крытык Леанід Галубовіч піша – не ў прыватным нататніку, не на сцяне грамадскай прыбіральні, не ў камп’ютарным Livejornal, а ў тоўстай афіцыйнай кнізе, “ничтоже сумняшеся”:

“Федарэнка – убогі геній сучаснай нацыянальнай прозы і самотны пакутнік уласнага няўдала скроенага жыцця”.

Аднаму Алаху вядома, што Лёня хацеў гэтым сказаць. Можа, ён сабраўся за мяне замуж і цяпер выбракоўвае за хібы? Ці наадварот, я – змучаны няўдалым асабістым жыццём, прэтэндую, як мінімум, на лішнія квадратныя метры яго жылплошчы?

Калі для Галубовіча я – “убогі геній у літаратуры”, дык для пісьменніцы Паліны Качатковай – “Пільны Бібліятэкар у літаратуры”. І вось гэта, як мне падаецца, найбольш адпавядае сапраўднасці. Калупаючыся ў розных каментарах, зносках, спасылках, разбіраючы ледзь не з лупаю драбнюткія шрыфты варыянтаў, я адчуваю проста фізічную насалоду, калі адшукваецца хоць на маленечкая знаходка, доўга потым у адзіноце любуюся гэтай вымытай з тонаў шлаку залацінкай, не жадаючы з ёю развітвацца, не хочучы несці ў “скупны пункт”, інакш – друкаваць.

Вось чытаю – з самага лета – таўсценны том пісьмаў Чэхава. І ў гэтым таўсценным томе, на жаль, поўна купюр. Але ўсё гэта акупаецца ціхай прыемнай радасцю, калі натыкаешся раптам на дэталь, якая самым неверагодным чынам пераклікаецца з... галубовічаўскім пасажам:

“Па вёсцы (піша Чэхаў) я праходжу не часта, і бабы сустракаюць мяне прыветна і лагодна, са шкадаваннем, як юродзівага”.

І далей – нібы пасланне-падтрымка нашаму пісьменніку-містыку Анатолю Казлову: “Надакучыла ўсё адно й тое ж! Хочацца пра чарцей пісаць, пра страшных, вулканічных жанчын, пра ведзьмакоў – але! Патрабуюць цнатлівыя аповесці і апавяданні пра Іванаў Гаўрылавічаў і іхніх жонак”. (Потым Маякоўскі з пагардлівай злараднасцю будзе называць літаратуру такога кшталту – “про дядю Ваню и тётю Маню”.)

Які-небудзь даследчык іншага калібру, канечне, ухапіўся б за Івана Гаўрылавіча, згадаў бы “святлейшага” Чыгрынава... Але мы не з такіх. Мы тут такое ў гэтых пісьмах выгледзелі, што любому гурману-філолагу толькі ахнуць. У наступным раздзельчыку будзе і пра ўбогасць, і пра юродства, і пра неасцярожнае абыходжанне са словам, і пра кашчунны гумар...

Вось ён, гэты №

2.

Іван Бунін у сваім так і няскончаным даследаванні “Антон Чэхаў” ускліквае:

– Очень зоркие глаза дал ему Бог!

І ўсё. Адзін сказ, адбіты зверху і знізу рыскамі. Проста як бы асноўная думка будучага раздзела. Потым, гэта, канечне, планавалася развіць, і мы нават можам здагадвацца, у якім накірунку: Бунін багатварыў чэхаўскі “Стэп”, а там якраз і адшукваецца кавалачак з фенаменальна зоркім героем Васем – за некалькі кіламетраў той умудраўся ўбачыць “лісіц, якія гуляліся, зайцаў, што мыліся лапкамі, дрохваў з раскінутымі крыламі, стрэпетаў, якія выбівалі ножкамі свае пляцоўкі. Дзякуючы такой вастрыні зроку, акрамя свету, які бачылі ўсе, у Васі быў яшчэ іншы свет, свой уласны, нікому не даступны і, верагодна, вельмі добры, цікавы, таму што калі ён глядзеў і захапляўся, цяжка было не зайздросціць яму”.

Вось прыблізна гэта і хацеў сказаць Бунін, толькі ў дачыненні да свету самога Чэхава:

– Вельмі зоркія вочы даў яму Бог!

“У мяне гасцюе акуліст са сваімі шкельцамі, – піша знаёмай Антон Паўлавіч. – Ужо два месяцы як ён падбірае для мяне акуляры. У мяне гэтак званы астыгматызм, – дзякуючы якому ў мяне часта бывае мігрэнь, і, акрамя таго, яшчэ правае вока блізарукае, а левае дальназоркае... Вось бачыце, які я калека”.

Не ведаю, што ўбачыла ў гэтым прызнанні знаёмая вялікага пісьменніка, – мы ж бачым тут амаль неверагодны, на дзіва паказальны выпадак, як небяспечна суадносіць рэальнасць з непрадуманай вобразнасцю, як могуць адпомсціць даследчыку яго ж уласныя, хай сабе і з самымі добрымі намерамі ўсклікнутыя словы: “Зоркія вочы даў яму Бог!”

3.

У газеце “Антенна” за 2006 г. напісана:

“Три талера” доберутся аж до Латинской Америки».

Ну што ж, пакуль усё гэта “бардзо міво”.

“Белорусский четырехсерийный телефильм ожидает удачная прокатная судьба. После премьеры на БТ-1 предложения закупить его поступили из Украины, Германии, Франции и даже Латинской Америки. А на одном из крупнейших российских каналов «Три талера» будут показаны уже в ближайшее время”.

Прайшло чатыры гады. І ні капеечкі аўтарскіх, ні сантыма, ні грыўны, ні талерчыка, ні шчарбатага! А вы ж вуснамі вашых юрыстаў абяцалі мне з пракату працэнты, нахабныя бессаромнікі, я ж каторы ўжо год на аптэку працую, хоць бы пра гэта падумалі, хоць бы чыста па-чалавечы пашкадавалі...