Выбрать главу

Некалі перад маскоўскай Алімпіядай-80 быў аб’яўлены конкурс на лепшы сімвал яе, і выбралі гэтага ўсім цяпер вядомага сімпатычнага мядзведзіка з пяццю кольцамі на спражцы рамяня – працу невядомага правінцыйнага мастака. Адвалілі яму за перамогу ажно сто савецкіх рублікаў. І быў наш мастак на сёмым небе ад шчасця, пакуль не грымнула перабудова і ён не даведаўся, колькі “наварыла” дзяржава з адных толькі сувеніраў, і што ад іх рэалізацыі ў прынцыпе законна яму належала така-а-я доля... Кінуўся гаротнік па судах, канечне, імгненна нажыў інфаркт і, як кажуць, “памёр і некралога не пабачыў”. Цяпер – менавіта цяпер, у нашае ХХІ стагоддзе! – “справу мастака працягвае яго ўдава”, таксама пакуль беспаспяхова.

Знакамітаму рэжысёру Сяргею Бандарчуку пракляты савецкі рэжым ніяк не даваў разгарнуцца – зняць серыял паводле “Ціхага Дона”. І вось зіхоткі промнямі свабоды 1991-ы! Пішы, друкуй, стварай, здымай што хочаш! Акурат аб’явіліся на Кубані некалькі італьянскіх прайдзісветаў, якія назвалі сябе прадзюсерамі, прывезлі чамаданы грошай на здымкі, наабяцалі Бандарчуку сем бочак апельсінаў, паставілі невялічкія ўмовы (нпр., усе галоўныя героі павінны быць з Галівуда; першы інфаркт здарыўся з Бандарчуком, калі ён даведаўся, што яго Рыгор Мелехаў мае нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю...). Як бы там ні было, з горам папалам фільм знялі, і тым жа вечарам прадзюсеры разам з гэтым адзнятым фільмам зніклі ў паўднёвым накірунку – як высветлілася, назаўсёды. Ні Бандарчук, ні здымачная група, ні шматлікія мясцовыя ўдзельнікі масовак не атрымалі ні капейкі. Дзе цяпер знаходзіцца гэты серыял, хто яго глядзіць, навошта гэта ўвогуле трэба было – загадка па сёння.

Як сапраўдны, шчыры, наіўны славянін Бандарчук, успомніўшы, што ўсе шляхі вядуць у Рым, едзе судзіцца... прама ў італьянскую сталіцу. І сустракаецца там з такім жа старэнькім Фрэдэрыка Феліні. Выслухаўшы калегу, Феліні ў знак суцяшэння запрасіў яго на прэм’еру свайго апошняга фільма. Прыйшлі ўвечары ў абсалютна пустую, рымскую, гулкую, як Калізей, кіназалу. “А дзе ж гледачы?!” – “Бачыш, Серджыо, справа ў тым, што ўсе мае сапраўдныя гледачы ўжо на тым свеце. І адзіны спосаб вярнуць іх – самому памерці”.

Неўзабаве і адзін, і другі праўда памерлі.

...Як падумаеш пра ўсё гэта, пачухаеш патыліцу ды і махнеш рукою. Бог з імі, з талерамі, тут ужо неяк не да талераў...

4.

Даўно мяне падмывала напісаць штосьці пра ЖЖ. Свядома называю так – Жывы Журнал, хаця нашы дамарослыя грамацеі прапаноўваюць Жывы Часопіс – тое самае, як бы настаўнік разгарнуў перад сабой класны часопіс. Падмывала – ды вось пакуль не ведаю, як уплішчыць лыка ў строчку... зрэшты, я ўжо дастаткова прывучыў свае думкі да незалежнасці і смела адпускаю іх на волю, упэўнены, што па першым свісце яны збягуцца да мяне, як сабачкі да нагі...

Цікавая ўсё ж з’ява гэты ЖЖ – Livejornal. Гэткая свая, адрозная ад звыкла папярова-друкаванай, літаратура, свой сусвет, дзе няма аўтарытэтаў, дзе ты сам сабе і пісьменнік, і рэдактар, і выдавец, і крытык...

Дык вось: надумаў я – як сам сабе гаспадар – распачаць у тым ЖЖ дыскусійку пра канчаткі польскіх прозвішчаў. Не так даўно іх перасталі скланяць. Калі не памыляюся, пачынаючы з пікантнай гісторыі з Монікай Лявінскай. Журналістам падалося, што прыгажэй будзе гучаць Моніка Лявінскі.

Падхапілі рускія журналісты, палітолагі, і нашыя следам, затым спартыўныя каментатары і ўрэшце ўсе пагалоўна, як так і трэба – панеслі! “Тэнісістка Каралін Вазняцкі...” (чым кепска Караліна Вазняцкая?) “У футбаліста Лукаша Падольскі траўма...” “У Яраслава Качыньскі – гора... Выдатная актрыса з выдатнага фільма “Іронія лёсу” Барбара Брыльская ўжо “наведвае нашую краіну” як Барбара Брыльскі (тым самым ператварыўшыся напалову ў мужчыну).

Няправільна! Непрыгожа. Рэжа вуха! Чорт ведае што. Абы папугайнічаць, як казаў Мікалай Васільевіч Гогаль вуснамі Чычыкава.

Як бы там ні было, але не атрымалася дыскусійкі. Быў я прысаромлены, абвінавачаны ў тым, што адстаў ад жыцця, а некаторыя шчыра дзівіліся, як такая лухта можа некага цікавіць у гарачы перадвыбарчы час.

5.

Затое атрымаўся казус. Адна дзяўчынка з Вільні напісала, відаць, штосьці з чымсьці зблытаўшы:

“Ну, гэта старое і балючае пытанне – у нас крытыкі проста няма, бо занадта ўсе крыўдлівыя: слова не скажы, а калі хто што пра каго напіша ў крытычным ключы, то век яму тое будуць выпамінаць. У нас працуе пакуль што піяр, прычым самапіяр, і толькі...”