Выбрать главу

І праўда, як гэта здорава і зайздросна: пахадзіць па свежай пакошы, папіць у спёку халоднага малака нагбом з паліванай гладышкі, паслухаць рып маладога снегу пад падэшвамі, пасумаваць разам з жоўтым восеньскім лістом, памацаць у пальцах клейкую пахкую веснавую пупышку, пачытаць любімую кнігу, няспешна, роўным прыгожым почыркам запісаць усё гэта...

Не жыццё, а песня! А песні хіба можна адмераць мяжу, хіба не кашчунна акрэсліваць яе канкрэтыкай, нават такой спаважнай, як цэлых сто гадоў?

3.

Неяк Машэраў склікаў аўтарытэтных пісьменнікаў на раду.

“Чаму ў вашых рэдакцыях працуюць усяго тры гадзіны, з 14 да 17? І то называецца гэта не праца, а сустрэчы з аўтарамі?”

На што Янка Брыль расказаў Пятру Міронавічу, як у іх у польскай арміі быў надта шкадлівы, прыдзірлівы капрал, які тым не менш не стамляўся паўтараць:

“Мне ўсё роўна, дзе, чым, у які час вы будзеце чысціць боты – абы яны блішчэлі!”

– Так і мы, Пятро Міронавіч, думаем, што абсалютна няважна, колькі пісьменнік працуе – абы вынік быў. А ён ёсць – добрыя часопісы выходзяць, новыя выдатныя імёны з’яўляюцца, і ў выніку нашая літаратура квітнее.

Машэраву так спадабалася, што ён рассмяяўся і махнуў рукой: рабіце што хочаце, “абы боты блішчэлі!”

Разумею, што мы цяпер жывем у іншым часе, пры іншых умовах і нават у іншым фізічным вымярэнні. Нашых гісторыяй з капралам не праб’еш. І ўсё ж круціцца ў мазгах і на языку простая арыфметыка: чаму раней, калі рэдакцыі працавалі 3 гадзіны ў дзень, былі Мележы, Шамякіны, Брылі, Быкавы, Караткевічы, Стральцовы, Танкі, Макаёнкі?.. Пачалі працаваць па-стаханаўску, як на рэжымна-стратэгічным аб’екце (ледзь не па зменах: “Сёння мне ў начную – рэдагаваць новага Караткевіча”), – зніклі Мележы і Брылі...

Рэдактарства – гэта творчасць. Талент рэдактара ніколькі не меншы, чым талент пісьменніка. І, як любы талент, падуладны ён натхненню, але ніяк не рэжыму. Толькі людзі, самі да смешнага чужыя і творчасці, і натхненню, могуць не разумець гэтага. Або наадварот, вельмі добра яны разумеюць, а ўся справа ў тым, што:

Нам, товарищи, нужны

Подобрее Мележы,

И такие Быковы,

Чтобы нас не трогали…

4.

(Наступны эпізодзік чакаў свайго часу роўна 10 гадоў, з самай першай “сечкі”, ды ўсё не надаралася магчымасці ўплішчыць яго куды-небудзь. Хай ідзе цяпер.)

Грамадзянскі подзвіг далёкага ад палітыкі Чэхава – адмовіўся ад звання ганаровага акадэміка ў знак пратэсту, што не прынялі ў тыя ж акадэмікі Горкага.

Заўсёды цікава было, як ён адважыўся? Ён, які так сярдзіта выгаворваў захопленаму рэвалюцыйным уздымам Лугавому: “Студэнты бунтуюць, каб стаць героямі і падабацца паненкам: вось уся рэвалюцыя!”

У школе і ВНУ нас вучылі: “Перапоўніўся святым гневам да царызму”. Ніколькі не збіраюся прыніжаць учынак вялікага пісьменніка, проста хачу разабрацца – а што ён губляў?

“Белетрысты могуць быць толькі ганаровымі акадэмікамі, – піша Чэхаў Суворыну, – а гэта нічога не значыць, усё адно як ганаровы грамадзянін горада Вязьмы ці Чарапаўца; ні грошай, ні права голасу. Скажыце: дзеля чаго трэба было прыдумваць званне ганаровага акадэміка?”

Усё ж доўга яны з Караленкам раіліся, абмяркоўвалі, узважвалі, быў цэлы падрыхтоўчы перыяд, паўпадпольныя сустрэчы, зашыфраваная перапіска...

Вырашылі падстрахавацца Талстым, каб ён таксама напісаў заяву з адрачэннем. Чэхаў паехаў на перамовы.

“Я не лічу сябе ніякім акадэмікам”, – буркнуў Талстой і ўнурыўся ў чытанне. (З такою ж лёгкасцю двойчы, у 1897 і 1906 гг., адмовіцца ад вылучэння яго на прэмію, зацверджаную выхадцам з Расіі Альфрэдам Нобелем.)

У Караленкі лопнула цярпенне, ён падаў заяву ў Акадэмію адзін.

Толькі праз месяц (!) Чэхаў, які “пасля пакутлівых роздумаў змог прыйсці да высновы, вельмі для мяне цяжкай і сумнай”, нарэшце напісаў славуты ліст, з такой мілай канцоўкай, што рука не падымаецца перакладаць:

“С чувстом глубокого уважения имею честь пребыть Вашим покорнейшим слугою”.

5.

“Пераглядаючы самыя сварлівыя крытыкі,

я знаходжу іх настолькі

забаўнымі, што не разумею, як мог на

іх крыўдаваць; здаецца, каб хацеў я з іх пасмяяцца,

дык нічога не мог бы лепшага прыдумаць,

як толькі перадрукаваць без усялякіх каментароў”.

А. Пушкін

“…Меня и моих друзей, прочитавших в журнале «Молодость» № 8 за 2009 г. «произведение» «писателя» А. Федоренко «Уночы», настолько возмутила и разгневала эта публикация, что мы не выдержали.