Выбрать главу

— Я, галоўнае, не разумею, — не хацеў я слухаць, — гэтая ж “Бляха” прайшла і Амерыку, і Маскву, і наш “Лім”, і наш “Нёман”… Чаму ні перакладчыкі, ні рэдактары, ні карэктары, ні чытачы — ніхто нічога не заўважыў?

— …Па-другое, — спакойна працягваў Рубанаў, — з чаго вы ўзялі, што ніхто не заўважыў? Можа, і заўважылі, ды падумалі — так трэба? І па-трэцяе, калі б і было позна, і мы не паспелі б паправіць — нічога страшнага не здарылася б. У такіх выпадках аўтару апраўдацца лягчэй лёгкага.

— ?!

— Напрыклад, ваш Бляха мог за дзень не раз, а некалькі разоў пераапрануцца.

— Але ж у мяне не паказана гэтага!

— Пісьменніку і неабавязкова паказваць кожны мікраскапічны рух герояў. Хай чытач сам сёе-тое дадумвае.

— Бог з вамі, Уладзіслаў Якаўлевіч. Так можна апраўдаць любую неахайнасць, непісьменнасць… Бяздарнасць, урэшце!

— Абсалютна. Калі аўтар ўпрэцца, ён адваюе кожную сваю хібу. На крайні выпадак у яго ў запасе ёсць адно чароўнае слоўка — экзістэнцыялізм. Ён скажа: абсурднасць нашага жыцця я перадаю праз абсурдныя літаратурныя прыёмы.

— А калі б той Бляха… ну, не ведаю, выйшаў з дому мужчынам, а вярнуўся — жанчынаю?

— “За дзень адбылася трансфармацыя героя ў плане яго сэксуальнай арыентацыі”, — скажа аўтар.

— Вы жартуеце? А калі ў аўтара сонца… ну, не ведаю, устае на захадзе, і яно — не круглае, а квадратнае?!

— Такімі сродкамі перадаецца ўнутраная эвалюцыя героя. Такім ён гэтае сонца бачыць.

Мы памаўчалі, падыхалі кожны ў сваю трубку. Потым я сказаў паныла:

— А мне здавалася, на першым месцы ў пісьменніка заўсёды павінна быць элементарная павага да чытача. Каб чытач верыў яму, як самаму сабе. Бо, падмануўшыся раз, ён кнігу такога аўтара больш і ў рукі не возьме…

— Андрэй, вядома! Канечне ж, агрэсіўная дурасць, нахабная бяздарнасць заўсёды будуць маскіравацца пад наватарства! Я проста пацвельваю вас. Для вашай жа карысці, бо падазраю, што вы яшчэ не раз у жыцці пападзецеся на падобную вуду…

6.

Вельмі хутка прадказанне яго спраўдзілася.

Я быў дзяжурны па нумары “Полымя” і чытаў аповесць… не важна, якога пісьменніка — на яго месца можна падставіць любога з нас; скажу толькі, што там чарговыя героі прадзіраліся праз чарговыя хмызнякі. З ежы на дваіх быў у іх адзін акрайчык хлеба. Што такое акрайчык у нашым разуменні? — нават не далонь, палова далоні… Героям трэба было расцягнуць яго на некалькі дзён.

Спачатку ён падзяліўся напал, і адна палова была з’едзена, а другая пакінута, затым яшчэ напал, і яшчэ, і яшчэ… Нарэшце, самы апошні кавалачак атрымаўся “памерам з пачак папірос “Казбек”.

Ці таму, што я сам курэц, ці таму, што заспеў яшчэ ў сваім часе той “Казбек” (пачак, скажу вам, не маленькі, папіросы буйныя і нават не 20 іх там, як звычайна, а 25), але штосьці прымусіла мяне спыніцца ў гэтым месцы і зрабіць нескладаны арыфметычны падлік.

У мяне акругліліся вочы — першапачатковы “акрайчык”, які, да слова, адзін з герояў насіў у кішэні, выйшаў памерам… з паверхню пісьмовага стала!

Далей — болей. З-за гэтай нібыта драбязы пачынала рассыпацца аповесць, рушыліся ўсе яе далейшыя сюжэтныя хады, бо, маючы пры сабе такі запас хлеба, героям зусім неабавязкова было выходзіць да людзей, у вёску: не патрэба гнала іх туды, а аўтар вёў сілком…

Чым усё скончылася? Няцяжка здагацца — роўна нічым.

“Каму трэба твая звышпільнасць?” — сказалі мне.

“Хочаш быць самым разумным?”

“Нашто ты ўвогуле лезеш у чужы аддзел?” — і гэта было праўдай, тады я не меў дачынення да аддзела прозы.

“Рана табе яшчэ іншых вучыць”.

І вось яно — прагучала! — чароўнае слова-панацэя:

“Ды ці ведаеш ты, што такое экзістэнцыялізм?!”

Ведаю, трэба было сказаць. Калі гэта — дзядзька, які выходзіць з дому ў ватоўцы, а вяртаецца ў балоневай куртцы, з паўпудовым “акрайцам” хлеба ў кішэні — тады ведаю.

2004 г.

Сечка-3

1.

Вельмі дапускаю, што эстрадны спявак Барыс Майсееў адзін з самых яскравых прадстаўнікоў нашага дзесяцімільённага народа.

Цалкам пагаджаюся, што ён мае нейкае дачыненне да Дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ці да Дня незалежнасці Беларусі.

З іншага боку разумею і тых тры тысячы ветэранаў ВАВ, што запатрабавалі зняць з святочнай праграмы выступленне адыёзнага спевака.

Але забіце мяне: не дапускаю, не пагаджаюся і не магу зразумець вось гэтую інфармацыю: “Но гонорар за так и не взошедшую “Голубую луну” Борис получил” (“Камсамольская праўда”, 9 ліпеня 2004 г.).

Даруйце – які ганарар? За што? У якой суме? З чыіх грошай? Па якім ведамстве праходзіла? І як загадаеце разумець гэта дзесяткам, калі не сотням аўтараў, напрыклад, рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва”? Сярод якіх і вядомыя пісьменнікі, і акадэмікі, і вучоныя, і ветэраны вайны... Якія месяцамі ў вочы не бачаць нават сваіх мізэрных (у параўнанні з Барысавым) ганарараў? Яны што, людзі нейкага іншага, ніжэйшага, чым Майсееў, гатунку? Хіба яны менш, чым Бора, працуюць на карысць Беларусі?..