Хаця, зрэшты, пара ўжо даўно перастаць задаваць гэтыя ў нікуды і ні да кога пытанні. Усё роўна ў адказ будзе цішыня.
2.
Выступаючы па тэлевізары, акцёр Сяргей Юрскі (той самы непаўторны Бэндэр з “Залатога цяляці”) расказаў, як ён аднойчы перажыў сапраўдны шок.
Канцэрт зорак эстрады. Тысячная аудыторыя. Многія з дзецьмі на каленях.
“...І калі я ўбачыў, як уся зала, ад старога да малога, у тысячу галасоў следам за спеваком зацягвае:
Ты отказала мне два раза,
Не хочу, сказала ты.
Вот такая вот зараза
девушка моей мечты!
...Калі я ўбачыў бабульку, якая разам з унучкаю ў такт пляскаюць у ладкі, – у мяне заварушыліся апошнія валасы на галаве. Гэта была вакханалія пошасці, гіпнатычны сеанс нейкага агульнага адурнення (“всеобщего помешательства”), і горка і брыдка зрабілася на душы, і сорамна за радзіму Пушкіна і Чэхава, і жахліва перад той безданню, у якую мая краіна коціцца...”
Дзівак чалавек! Так абвострана ўспрымаць, дык ніякіх нерваў не хопіць. Хай бярэ прыклад з беларусаў. У нас даўно ўжо ні ў кога не варушацца валасы, нікому не горка, не брыдка і не сорамна, калі, дапусцім, на канале “Лад” дзеткі па просьбе вядучага напяваюць свае любімыя песенькі; трэба меркаваць, яны ім заместа калыханкі. Вось трохгадовае хлапчанё бяззубай скарагаворкаю адбарабаньвае згаданую ўжо намі “Голубую луну”. Вось дзяўчынка яго ўзросту, глытаючы словы, ляпеча:
Я буду места, места, места неё
Твая невеста, цесна, цесная-ё!
(У сэнсе, “честна, честная-ё”.) Побач, канечне, бацька, маці, слухаюць сваё таленавітае не па гадах дзіцятка з замілаваннем, з пяшчотаю. Ганарацца за яго, і за сябе таксама, за тое, што вось з маленства прывучаюць свайго нашчадка да культуры.
3.
Якая зорная
Цішыня!
Якая зорная
Вышыня!
Якая зорная
Глыбіня!..
(А. Пісьмянкоў, “Вяртанне ў Браслаў”)
Цёплая вераснёвая ноч.
Мы з Алесем Пісьмянковым ляжым каля вогнішча на беразе возера Струста. Зорнае неба над намі, плёск хваляў за намі, утульнае полымя перад намі...
Толькі што мы папарыліся ў лазні, наварылі юшкі, насмажылі баравікоў на патэльні, сала на дубчыках, напяклі ў прысаку бульбы. Цяпер, наетыя і ўлагоджаныя, п’ем патроху гарэлку, курым, прыпальваючы цыгарэты ад вугельчыкаў, і размаўляем.
Ідылія! Усё было б зусім цудоўна, каб не тэма размовы.
Гэта варта было перціся сюды, на край Браслаўшчыны, у глухія запаветныя мясціны, каб прывезці з сабою ўсё тое, ад чаго марылі пазбавіцца ў Мінску, калі выбіраліся на прыроду! Але ж мы такія: у лесе – пра баб, з бабамі – пра лес...
Гутарым мы нават не пра любімую да абрыдласці літаратуру (што было б хоць трохі лагічна), а пра... палітыку. Тэма: дык ёсць усё ж дыскрымінацыя беларускай мовы, ці няма?
Алесь. Калі і ёсць, дык няўжо большая, чым у любой іншай рэспубліцы былога Саюза? Аднак толькі ў Беларусі мы маем тое, што маем. У цябе ж у аповесці “Вёска” ёсць выдатны маналог – “ды ці любяць яны самі сябе, гэтую мову сваю?”! Правільна сказана! Трэба любіць і хацець, і тады ўсе дыскрымінацыі бяссільныя. Вось мы з табою любім прыроду, рыбалку і Браслаўшчыну, захацелі гэтага – калі ласка! Ляжым і выпіваем. Хоць тут і запаветная зона, забаронена збіраць грыбы, лавіць рыбу і паліць вогнішча... Нас гэта спыніла? Тое самае і з моваю. Захацелі б вельмі моцна заўтра ўсе рабочыя трактарнага завода загаварыць па-беларуску – і так і было б! І ўсе размовы пра “дыскрымінацыю” адпалі б за непатрэбнасцю!
Я. Добра. Вось табе два прыклады. З мінімальнымі каментарыямі. Высновы рабі сам. Першы – наша мазырская раённая газета. Колькі яна існуе, столькі выходзіла па-беларуску. Цяпер, пры двухмоўі, вядома, скрозь па-руску. Акрамя адной рубрыкі – ведаеш, такія спачуванні ў рамках на апошняй старонцы? “Калектыў смуткуе з прычыны...”, “выказваем спачуванні ў сувязі з трагічнай смерцю...” Адно гэта па-беларуску! З чым у чалавека пачне атаясамлівацца беларуская мова?
Алесь (чамусьці ўзрадвана). З горам, з няшчасцем!