Выбрать главу

Пасля арміі давялося мне працаваць нейкі час у вясковай, багатай на кніжны фонд бібліятэцы. Быў ужо сякі-такі жыццёвы вопыт, была начытанасць, было неадольнае жаданне “выйсці на людзі” з якім-небудзь, хоць і малюсенькім, мастацкім творам...

І разам з тым нават прыблізна не ўяўлялася, як гэта робіцца. ( “З чаго пачаць?!” – адчайна ўсклікваў у адным са сваіх ранніх вершаў А. Сыс.)

Канечне, у чалавека ёсць лёс. Ёсць над ім Бог, які апякуецца, каб чалавек пайшоў менавіта такім, і ніякім іншым шляхам. Бо нездарма ж у хвіліны найбольшых душэўных пакутаў выкалупнуўся з паліцы не першы, а менавіта другі том Яна Скрыгана. І, канечне, нездарма адкрыўся на “Думках аб мове”, “Чарах слова”, “Майстэрні”...

Адчуванне было, нібыта мяне ўзялі за руку і вывелі з цёмнай, непралазнай глушэчы, дзе я безнадзейна блукаў, на сонечную паляну, адкуль ужо рукой падаць і да жаданай, цупкай дарогі.

2.

“Кожны народ павінен аберагаць сваю мову больш, чым граніцы, бо мова – галоўная яго абарона, куды больш моцная, чымся ўсе яго цытадэлі”.

(Ірландскі вучоны Дэві)

У снежні 1986 года ў новым тады Доме творчасці “Іслач” адбываўся першы пасля “Каралішчавічаў” семінар маладых літаратараў.

Гэта было штосьці незвычайнае. Дзесяткі выдатных пісьменнікаў, жывых класікаў, вядомых нам раней толькі па школьных ды універсітэцкіх падручніках... В. Быкаў, І. Шамякін, П. Панчанка, Н. Гілевіч, І. Чыгрынаў, Б. Сачанка, Г.Далідовіч, С. Грахоўскі, І. Навуменка... І іх можна бачыць, можна атрымаць ад іх аўтограф, можна нават, калі пашэнціць, пачуць з іх вуснаў ацэнку і сваёй творчасці!

У фае – не праціснуцца. На сталах поўным ходам распрадаюцца беларускія кнігі. Найдаўжэўшая чарга туды, дзе творы В. Быкава. Прыткнуўся у самы канец той чаргі і я... Але тут на суседнім стале ўвагу маю прыцягнуў прыгожы двухтомнік у супервокладцы. Ян Скрыган. Кнігі толькі-толькі выйшлі. І якія ж дарагія! Больш за пяцёрку. Усе мае студэнцкія зберажэнні разам з кашальком. Наўрад ці, прызнаюся шчыра, купіў бы іх, каб раптам спінаю не адчуў на сабе нечы пагляд. Паварочваюся – каля сцяны... мой кумір уласнай персонаю! Такога ж, як я, невысокага росту, стаіць і назірае за мной праз акуляры. Цяпер, калі прайшло амаль дваццаць гадоў, я магу памыляцца, але тады падаліся мне ў тым позірку і просьба, і надзея, і гонар, што хтосьці можа цікавіцца не адным Быкавым, а яшчэ і такім дарагім двухтомнікам...

Канечне, усе сумненні разам адпалі. Я ўзяў кнігі і пачаў расплачвацца.

– Вы праўда збіраецеся купляць? – сказаў Ян Аляксеевіч. – Мо вы чыталі мяне раней?

– Чытаў, і даўно вас вельмі люблю.

Прыязная ўсмешка знікла з яго твару.

– Як гэта “люблю”? – суха спытаў Скрыган. – Можа, вы хацелі сказаць, “даўно люблю вашую творчасць”?

Вось тут і даляцеў да мяне, як да Ю. Алешы некалі, “гук невядомага інструмента”, якім карысталіся тыя, для нас ужо легендарныя, пісьменнікі страшэнна далёкіх 20-х. Перада мною стаяў чалавек з іншага свету, з ім нельга было гаварыць так, як мы, пачынаючыя літаратары, адзін з адным гаварылі. Я зразумеў, што значыла для яго нават адно-адзінае няправільна, нязграбна ўжытае слова. Дзевятнаццаць год пакут, арыштаў, допытаў!.. Міжволі зразумееш цану Слова, якое можа выратаваць, а можа і безнадзейна пагубіць.

Я зрабіў чарговае глупства – пачаў апраўдвацца.

– Прабачце, Іван Аляксеевіч, я не зусім добра ведаю родную мову...

– Як так?!

– Бачыце, я родам з Мазыршчыны, у нас іншае маўленне, і лексіка...

– Няўжо такая кепская мова? – яшчэ больш строга спытаў Скрыган. – А ваш зямляк Мележ як пісаў на ёй?

Я не ведаў, куды падзецца ад сораму. Я думаў, чалавек будзе рады, што вось купілі такую дарагую яго кнігу, і за гэта прапусціць міма вушэй любую недарэчнасць, тым больш нявінны моўны “ляп”...

Вядома ж, тонкі псіхолаг Іван Аляксеевіч выдатна зразумеў сітуацыю:

– Хадземце да мяне ў пакой. Падпішу кнігі. І дайце, калі ласка, пачытаць штосьці сваё.

3.

Назаўтра раніцаю ў сталоўцы Ян Аляксеевіч аддаў мне апавяданне. Акрамя рукапісу ў папцы яшчэ ляжаў ліст.

– Насупраць аднаго слова я нават паставіў плюсік, – сказаў ён. – Вось гэтае – “выдаўжыўшы” ногі. Ніколі раней такога не чуў. А казалі, кепская мова...