Іосіфа тут завуць Зюкам: «Ну, як жывеш, Зюк?» — пытаўся бацька.
2 жніўня. У апошнім «ЛіМе» змешчана разгромная рэцэнзія П. Місько «Каб не спех ды яшчэ сёе-тое» на кніжку нарысаў В. Мысліўца «Мае заводчыкі». Трэба будзе зрабіць заўвагу «ЛіМу» — так нельга. Чым ён правініўся — малады аўтар?
4 жніўня. Пачуў, што мая паездка ў Пількаўшчыну насцярожыла Яўгена Іванавіча. Падазрае, што я нібы нешта правяраў па чыімсьці заданні. Не, нічога такога не было. Ніхто мяне не пасылаў. Сам.
У мінулым ён, відаць, меў праблемы з тым, колькі ў бацькі на хутары кароў. Значыць, нехта іх лічыў.
9 жніўня. Пахаладала. Шэрае неба, рэзкія павевы ветру і стоенае за хмарамі сонца сведчаць, што лета ўжо на схіле. Закрывавіліся рабіны. Мінскае мора пакрылася зялёнай раскай.
Адпачыць сёлета, відаць, не давядзецца.
12 жніўня. Цікавы артыкул Р. Бярозкіна «Роздум над «Песняй пра зубра», надрукаваны ў сённяшнім нумары «ЛіМа». Бярозкін умее зацікавіць чытача эстэтычнымі якасцямі твора, даць ім сацыяльна-філасофскае абгрунтаванне ці проста здзівіцца нейкай рысачцы, імгненню. Крытык адзначае рэнесансны характар твора, у якім «усё існуе як непадзельнае цэлае» (гэта якраз рыса мастацтваэпохі Адраджэння), а таксама «невычэрпнасць «партрэта» і «характару» зубра».
Пакладзены добры пачатак у вывучэнні паэмы.
15 жніўня. Прыехаў з-за мяжы пісьменнік-эмігрант Янка Ліманоўскі. З якой мэтай — не ведаю. Наведаў Саюз пісьменнікаў. Тут яму наладзілі (Белокс) сустрэчу, у кабінеце М. Танка, які быў на Нарачы. На сустрэчы прысутнічалі П. Глебка, А. Бачыла, А. Бажко, А. Кулакоўскі, Л. Прокша, У. Карпаў і інш., у тым ліку і я. Госць хваліўся, што накупляў два чамаданы школьных падручнікаў па беларускай мове і літаратуры. Казаў, што павязе ў ЗША, дзе ён цяпер жыве. Адчувалася, што чалавека мучыць настальгія. Ужываў старое слова «адылі». Адылі — аднак, затым. Задавалі пытанні: «А як там Масей Сяднёў?», «А што робіць Казак?», «Дзе жыве Алесь Салавей?» Пра такіх пісьменнікаў я нават не чуў. Рэпрэсіраваныя?
Я. Ліманоўскі захапляўся Мінскам. Казаў, што прыгажэйшы нават за Вашынгтон. Па паводзінах і рысах вельмі нагадвае савецкага чалавека.
Я запрасіў у Бібліятэцы імя Леніна даведку на Ліманоўскага. Заадно патэлефанаваў сакратару СП па аргпытаннях М. Ткачову, папрасіў даць спісы рэпрэсіраваных і рэабілітаваных нашых пісьменнікаў. Ткачоў шумна дыхнуў у трубку, але сказаў: «Паспрабуем».
18 жніўня. Той-сёй не хоча, каб Гілевіч ехаў у Балгарыю. Меўся ён ехаць на з’езд славістаў. Хай бы ехаў! Затрымліваюць беспадстаўна.
19 жніўня. У апошнія гады пачалі перакладаць і выдаваць (у «Иностранной литературе» і асобна) амерыканца Фолкнера. Дачытаў яго трылогію пра Сноўпсаў. Проза Фолкнера робіць уражанне, хоць яна нібы па-за канкрэтнымі падзеямі жыцця пісьменніка і наогул па-за часам. Чалавечая рэчаіснасць яго раманаў — міфалагізаваная. Аўтар акцэнтуе ўвагу на ролі лёсу, па-беларуску сказаць — «кону», у чалавечым жыцці. Пісьменнік — асілак. У амерыканскай літаратуры такіх нямала.
21 жніўня. Гартаў свежы нумар «Маладосці» — нічога, вартага ўвагі. У «ЛіМе» А. Савіцкі дае ўрывак з новага рамана «Плаўка» — пра рабочы клас. Пра рабочы клас пісаць цяжка — не сфарміравалася традыцыя. Але камусьці трэба пачынаць.
Сіла пісьменніка ў рэалізме, у той меры праўдзівасці, якую ён можа сабе дазволіць. Часам гэтая мера надта невялікая. Таму і не верыш таму, пра што пісьменнік піша.
25 жніўня. З «Ленінкі» прыслалі даведку на Янку Ліманоўскага.
«Ліманоўскі Янка.
У 20—30-х гадах быў вядомы як празаік, публіцыст, крытык, перакладчык. Яго аповесці, апавяданні, нарысы напісаны на самую разнастайную тэматыку. Гэта і мінулае (героіка ў гады Вялікага Кастрычніка і грамадзянскай вайны), і сучаснасць (сацыялістычнае будаўніцтва). На яго творах ляжыць адбітак тагочасу — сацыяльная зададзенасць і ілюстрацыйнасць. І ўсё ж творы Ліманоўскага мелі папулярнасць, станоўча ацэньваліся крытыкай (аповесць «Вецер з усходу», 1929, зборнік апавяданняў «Над абрывам», 1929).
Друкаваў крытычныя артыкулы і рэцэнзіі ў перыядычным друку. Некаторыя і сёння заслугоўваюць увагі («Маладняк» перад з’ездам», «Аб культурнайарыентацыі» і інш.). Актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім жыцці: выступаў з прамовай на I з’ездзе БелАПП («Маладняк», 1929, № 1), на Х з’ездзе Саветаў («Маладняк», 1931, № 3), уваходзіў у аргбюро літаб’яднанняЧырвонай Арміі і Флоту і г. д. Аднак на пачатку 30-х гадоў далучыўся да вульгарна-сацыялагічнай, «бэндаўскай» крытыкі, пісаў разносныя артыкулы і рэцэнзіі: «За два гады класавай барацьбы ў літаратуры» («Маладняк», 1931, № 6—7); «Аб творчасці Кузьмы Чорнага» («ЛіМ», 1933, 13 чэрвеня); «Аб творчасці М. Зарэцкага» («ЛіМ», 1933, 9 ліпеня) і інш. Рэзкія выпады Ліманоўскагабумерангам абрынуліся на яго самога. У 1937 г. ён быў выключаны з Саюза пісьменнікаў Беларусі (артыкул М. Клімковіча «Нацдэмаўскае і трацкісцкаеахвосце», «ЛіМ», 1937, 23 ліпеня).