Гэта, на жаль, не дастаткова перадаюць творы пісьменніка пра вайну. Але вінаваты ў гэтым больш час, калі яны былі напісаныя. Вось і ваенныя дзённікі таксама чакалі, калі нешта зменіцца.
11 красавіка. У «Правде» — артыкул В. Быкава «Сорок третий». Нічога асаблівага, цяпер такія артыкулы пішуць усе. Але Быкаў — мастак, ён піша вобразна, панарамна, ён малюе. Гаворка ідзе пра незабыўныя падзеі ваеннага лета 1943-га:
«Весь июль сорок третьего года внимание мира было приковано к пылающим и грохочущим, политым кровью и мазутом курским полям. 12 июля под Прохоровкой произошло знаменитое, для нас победоносное сражение, когда войска 5-й гвардейской танковой армии встретились с двумя танковыми корпусами фашистов. Более полутора тысяч танков и самоходных орудий столкнулись здесь во встречном наступательном бою. Мир тогда еще не знал подобной картины — две противоборствующие гигантские лавины танков стальным морем залили степной простор».
Аналіз спалучаны з абагульненнем, аб’ёмным па сваім змесце:
«Битва была выиграна благодаря усилиям всего ведомого Коммунистической партией воюющего советского народа, начиная от бойцов передового охранения где-то под Белгородом и кончая подростком-учеником на каком-нибудь из оборонных заводов Сибири. Замечательную победу под Курском ковали все сообща: и те, о героизм которых разбилась бронированная мощь вермахта, и те, кто в глубоком тылу создал все необходимое для достижения победы».
Артыкул — уклад у агульную канцэпцыю гісторыі Вялікай Айчыннай.
12 красавіка. Беларуская літаратура вядома і на Кубе. Творы М. Танка і В. Быкава ў перакладзе на іспанскую надрукаваны ў кубінскім часопісе «Union».
15 красавіка. У Маскве адбыўся аб’яднаны пленум праўленняў творчых саюзаў СССР, прысвечаны 30-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У нас такое мерапрыемства не плануецца, таму што нядаўна была ўсесаюзная нарада фактычна па гэтай тэме.
22 красавіка. У СП БССР адбыўся адкрыты партыйны сход камуністаў СП БССР з удзелам прадстаўнікоў Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кірава. Было абмеркавана пытанне «Аб умацаванні і пашырэнні творчай садружнасці з працоўнымі калектывамі». Я не выступаў, кіраваўся прымаўкай: менш гавары, то больш пачуеш. Выступаў У. Юрэвіч.
Не лёгкі занятак — партработа. Цяжка ўкласці душу ў справу, да якой яна не ляжыць.
26 красавіка. Суботнік. Калегі мае па Інстытуце літаратуры, як звычайна, працавалі ў Батанічным садзе, а я тут пры амуніцыі, у камбінезоне і з шуфлем, зноў на бетонных работах, з растворам, які, стаўшы ў чаргу, скідаюць самазвалы. Аднак ужо так, як раней, не шчыраваў. Не выжыльваўся. Ды і начальства побач не было — недзе, казалі, на рыбалцы.
1 мая.На трыбуну не хадзіў. Вельмі ціснуць на псіхіку лозунгі з рэпрадуктараў. Той, хто ідзе паўз трыбуны ў шэрагах працоўных, зблізу чуе іх некалькі мінут, а той, хто стаіць на трыбуне, чуе іх увесь час. Адно і тое ж!
У дзяцінстве на дэманстрацыі ў сельсавеце, у Ратайчыцах, лозунгі, панапісанаму, выкрыкваў сам старшыня. Помню, з усяе сілы гукнуў:
— Няхай жывуць савецкія пажарнікі!
Я не ведаў, хто такія «пажарнікі», і спытаў у настаўніцы. Яна растлумачыла, што гэта тыя, каторыя тушаць пажар. Мне было дзіўна, бо ў нашай вёсцы іх не было. Калі загаралася ў каго сажа, дык ваду насілі і падавалі на дах усе.
— Гэта ў гарадах, — дадала настаўніца.
5 мая. Учора святкаваўся Вялікдзень. Уражанне ад калегаў, якія курыруюць гэты бок грамадскага жыцця, «справы рэлігіі»: «Надта шмат народу на ўсяночнай. Не праціснуцца. Шмат моладзі, камсамольцаў».
6 мая. У Празе, у Доме савецкай навукі і культуры, адбыўся вечар, прысвечаны сучаснай беларускай літаратуры. Браты-славяне не забываюць. Асабліва памятае пра нас Вацлаў Жыдліцкі.
7 мая. Сустрэў суседа М. Запрасіў зайсці да яго на хвіліну. Жонка кудысьці з’ехала. Атрымаў глыток свабоды. Кватэра ў яго невялікая. Здзівіў мяне аграмадны гадзіннік, ад падлогі да столі. Унутры яго важна шавяліўся маятнік. Сусед расказаў, што цешча яго — вядомая разведчыца часоў вайны — забрала гэты гадзіннік ад Кубэ. Можа, маніць? Як гэта яна магла зрабіць? Да таго, як яго падарвалі на міне, ці пасля таго? М. паціскае плячыма, не ведае.
У гісторыі Мінска часоў акупацыі шмат цьмянага, нявысветленага, таемнага, сакрэтнага (як, скажам, гісторыя Баляслава Берута).
Гісторыя Мінскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны да гэтага часу застаецца непраясненай, нягледзячы на чэрвеньска-ліпеньскую 1969 года пастанову «Аб дадатковых мерах па вывучэнні падполля…» Загадкава выглядае постаць сакратара падпольнага гаркама партыі Івана Кавалёва. Дарэчы, яшчэ жыве яго ўдава Матрона Кузьмінічна Кавалёва.