У Любліне выступаў у клубе савецкай кнігі і прэсы «Маша» перад русістамі — выкладчыкамі рускай мовы і літаратуры. Прысутнічала чалавек 50. Пыталіся пра сацыялістычны рэалізм, пра тое, ці выяўляе ён шматстайнасць савецкай літаратуры. Я адказаў, што тэорыя сацыялістычнага рэалізму развіваецца, што гэты метад адкрыты для розных мастацкіх канцэпцый і паэтык. Савецкія пісьменнікі не паўтараюць М. Астроўскага з яго раманам «Як гартавалася сталь». У станоўчых героях Чынгіза Айтматава, Васіля Быкава, Алеся Ганчара, Валянціна Распуціна, Васіля Шукшына, Уладзіміра Цендракова і іншых адлюстравалася новая гуманістычная канцэпцыя, больш багатая ў параўнанні з той, якая панавала ў мінулым.
На наступны дзень выступаў з лекцыяй перад слухачамі народнага ўніверсітэта ў Гардзеніцах (20 км ад Любліна). Прысутнічала чалавек 80. Тут цікавіліся ўсім: і літаратурай, і тэатрам, і гісторыяй. Я, як умеў, адказваў. Адзін з прысутных (стары член Народнага фронту — гэтак ён сябе адрэкамендаваў) напомніў, што нікому, а толькі палякам Сталін дазволіў у 1945 годзе ўнесці свой сцяг у пераможаны Берлін, дзе да гэтага палякі ніколі не былі.
Слухачы пыталіся, што чытаюць у Савецкім Саюзе, ці папулярныя ў СССР Дастаеўскі і Чэхаў, цікавіліся кнігамі К. Сіманава.
Абедалі позна, у тых жа Гардзеніцах, у сталовай мясцовага сельскагаспадарчага тэхнікума. Стол даволі сціплы: чырвоны боршч і катлета, — і мы пабралі ўжо лыжкі і пачалі сёрбаць гэты боршч-юшку (у Польшчы яго падаюць без варыва), як мой візаві — гаспадар пан Вантрабянскі (дырэктар гэтай вучэльні і заадно старшыня мясцовага прадстаўніцтва TWP) раптам уважліва на мяне зірнуў і хітравата спытаў:
— А можа, пане професожэ, по-за протоколэм? Дактары пану не забараняюць?
— Ён пстрыкнуў сябе пальцамі ніжэй вуха.
Я няпэўна паціснуў плячыма.
— Ядвісё! Ядвісё! — паклікаў пан Вантрабянскі.
Падышла афіцыянтка — маладая дагледжаная бландзінка з карункавым фартушком і ў белай накрухмаленай наколцы.
— По пенцьдзесёнт! — загадаў, хвацка махнуўшы рукой, мой візаві. Я між іншым падумаў, што закажа болей, таму што разам з намі сядзелі яшчэ некалькі чалавек з нашай «світы», і яны відавочна не адмовіліся б ад пачастунку, але не, пан Вантрабянскі аказаўся чалавекам эканомным. Ядвіся прынесла на талерцы дзве чарачкі, і мы выпілі, экзарбітавалі, як казалі даўней. Крыху няёмка было перад астатнімі, але я тут усяго толькі на правах госця.
Пасля Гардзеніцаў вярнуліся ў Люблін. Маю спадарожніцу пані Эльжбэту змяніў мясцовы гід пан Яцэк Гонсёроўскі, таксама малады і ўвішны, ён забяспечыў турыстычную частку праграмы. Агледзелі цэнтр горада, спыніліся каля помніка Люблінскай уніі. Гэта даўно пастаўлены абеліск на адной з плошчаў у гонар Люблінскай уніі 1569 года, якая аб’яднала Вялікае Княства Літоўскае з Польшчай у Рэч Паспалітую з польскім каралём на чале. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне існавала да 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
Наведаліся ў касцёл Святога Станіслава, дзе была падпісаная гэтая унія. Ёсць звесткі, што беларускія паслы падпісалі яе пад прымусам.
Зазірнулі ў музей сучаснага мастацтва. Мадэрнізм у яго горшым разуменні. Цяжка гэта назваць карцінамі, у лепшым выпадку проста опусы: нейкія плямы, выпадковыя зігзагі пэндзля, штучныя, адарваныя ад рэчаіснасці фарбы.
Пан Яцэк — чалавек не без гумару: «У Польшчы, — сказаў ён, — калі першы хваліць другога, то часцей за ўсё, каб насаліць трэцяму». Але ці толькі ў Польшчы?
Назаўтра пабывалі ў Майданаку. Гэта былы гітлераўскі канцлагер. Жахлівае месца, ва ўсім праступае пачварнае аблічча фашызму. Сапраўдная фабрыка смерці.
17 мая ўзялі курс на Радам (цэнтр Радамскага ваяводства). Па дарозе спыняліся ў летняй рэзідэнцыі польскіх каралёў Казімежы Дольным, у горадзе Варка, наведалі сядзібу-музей Баляслава Пруса ў Грубешуве. Люблю гэтага раманіста, майстра сацыяльна-псіхалагічнага аналізу.
Цікавай для мяне з’явілася сустрэча ў горадзе Варка з выкладчыкамі і вучнямі мясцовага ліцэя, школьнымі настаўнікамі і іншымі асобамі. Я распавёў пра сучасную савецкую літаратуру, пра экалагічныя праблемы, вастрыню якіх яна імкнецца асэнсаваць. Потым пайшлі пытанні і выступленні ад публікі. Кранулі гістарычныя падзеі. Нейкі мужчына, сівы і з кульбай, кінуў рэпліку, што ў 1939-м СССР выступіў на баку Гітлера. Я адказаў, што гэтак лічыць нельга. Пераканаўчы доказ таму — 22 чэрвеня 1941 года, якое можа быць адказам на кінутую рэпліку. Публіка, здаецца, мяне падтрымала.
Выступаў перад творчай моладзю і актывам Саюза сацыялістычнай моладзі Польшы, а таксама разам з польскімі пісьменнікамі ў клубе міжнароднай кнігі і прэсы ў праграме «Вясеннія сустрэчы з савецкай літаратурай».