Пэўных дакументальных звестак аб дзейнасці Ліманоўскага ў гады вайны, аб супрацоўніцтве з акупантамі, аб жыцці ў пасляваенны час у эміграцыі мы не маем».
Я таксама не маю, пра нешта можна толькі здагадвацца. Жывы герой для цікавага сюжэта, але хто дасць напісаць?
31 жніўня. Нядзеля. Быў на Камароўцы, пачуў прымаўку: «Чорны, як каўка». А што гэта — каўка? Яшчэ кажуць: «Не каўкай!»
4 верасня. З верасня Н. Пашкевіч ужо не рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Галоўны рэдактар «ЛіМа» — Леанід Прокша. Гэта, пэўна, нечакана для ўсіх. Раней Прокша рэдагаваў «Голас Радзімы».
8 верасня. М. Ткачоў прадставіў нарэшце спіс, але толькі адзін — на рэабілітаваных (членаў СП). Спіс рэпрэсіраваных, сказаў, прасіце ў КДБ.
Спіс рэабілітаваных беларускіх пісьменнікаў:
1. Янка СКРЫГАН
2. Алесь ЗВОНАК (Звонак Пётр Барысавіч)
3. Мікола ХВЕДАРОВІЧ
4. Андрэй АЛЕКСАНДРОВІЧ
5. Алесь ПАЛЬЧЭЎСКІ
6. Максім ЛУЖАНІН (Каратай)
7. Сцяпан ЛІХАДЗІЕЎСКІ
8. Ісак ПЛАТНЕР
9. Грыгор БЯРОЗКІН
10. Грыгор КАМЯНЕЦКІ
11. Станіслаў ШУШКЕВІЧ
12. Юрка ГАЎРУК
13. Сяргей ГРАХОЎСКІ
14. Дзмітрый АСТАПЕНКА
15. Сымон БАРАНАВЫХ
16. Уладзімір ХАДЫКА
17. Цішка ГАРТНЫ
18. Якаў БРАНШТЭЙН
19. Ісак ХАРЫК
20. Васіль ШАШАЛЕВІЧ
21. Юліян ТАЎБІН
22. Валерый МАРАКОЎ
23. Васіль СТАШЭЎСКІ
24. Платон ГАЛАВАЧ
25. Барыс МІКУЛІЧ
26. Сымон КУНІЦКІ
27. Міхась ЧАРОТ
28. Арон ЮДЗЕЛЬСОН
Званіць у КДБ па пытанні аб усіх рэпрэсіраваных адраіў Парватаў. «Это может навлечь тень на весь отдел». Ды я і сам не адважыўся. А каб яны былі, каб жылі, літарататура наша была б іншай, непараўнальна больш багатай. Вось што выходзіць з таго, калі літаратурная барацьба перарастае ў палітычную. Але дзякуй богу, што гэтая навала нейкім чынам спынілася, бо ў энкавэдзістаў было, несумненна, жаданне пасадзіць усіх пісьменнікаў. «Тады, — як сказаў адзін паэт, — давялося б у Доме пісьменніка павесіць замок». Можа, гэта і спыніла?
9 верасня. Жыву на зарплату, усведамляючы свой наёмны статус. Зарплата ў два разы вышэйшая, чым у інстытуце. Там атрымліваў 90 руб., тут — 180. Чаму, дарэчы, у нашай літаратуры не існуе тэмы грошай як важнага фактара ў чалавечых адносінах?
12 верасня. Адпрасіўся на пару дзён у Брэст, на вяселле Евы. Паеду заўтра з раніцы. Узяў у буфеце ЦК кілаграм сухой каўбасы. Больш за адзін раз не даюць.
15 верасня. З вяселля вярнуўся стомлены, бо быў за маршалка. Хата цесная, душна. Па маёй прапанове сталы накрылі ў садзе. Гасцей было не шмат: родзічы, сяброўкі, суседзі. Прыйшлі нейкіх двое пераапранутых і, калі маладыя ўсталі і адышліся, яны нахабна занялі іх месцы, сцвярджаючы, што яны якраз і ёсць маладыя. Дзве жанчыны, у адной падвязаныя пад носам вусы. Давялося добра ўпаіць іх гарэлкай, каб яны нарэшце саступілі месца нашым маладым.
Мясцовы вясельны жарт.
Пазнаёміўся з Валодзем — жаніхом, цяпер маім шваграм. Мужам Евы Ложкінай. Нібы ўжо і не сястра… Была Ева Гніламёдава, а цяпер хто?
17 верасня. 30-годдзе з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі. У канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбыўся ўрачысты вечар.
Распачата падрыхтоўка да Другога з’езда калгаснікаў Беларусі. Мне — праз памочніка — спушчана даручэнне: даць кавалак у даклад Першага — пра сучасную літаратуру і мастацтва і іх задачы ў сувязі з далейшым развіццём сельскай гаспадаркі і калгаснага ладу.
18 верасня. Не спаў ноч. Думаў, як выканаць гэты не сацыяльны нават, а партыйны заказ. «Беларуская літаратура — дзеравенская», — нібыта хацеў падбадзёрыць Парватаў. «А чаму б і не?» — падумалася. Успомніў пра «Палескую хроніку» Івана Мележа, пра грэблю, якую масцілі куранёўцы, каб без перашкод маглі дабрацца да мястэчка, у Юравічы. Гэтак для куранёўцаў-палешукоў пачынаўся шлях у сацыялізм. Сёння вялікіх маштабаў набрала меліярацыя. Правафланговы меліярацыі — Пётр Міронавіч. Эх, думаю, праз Мележа падтрымаюка я яго. Выходзіць, што і мы з Мележам прымаем удзел у гэтым працэсе. Думкі выліліся ў тры старонкі машынапіснага тэксту, набранага пяшчотнымі ручкамі Святланы Ампадзістаўны. Аддаў у рукі памочніка Пятра Міронавіча журналіста Валянціна Панамарова — чалавека вялікага, багатага целам, і вясёлага.