Выбрать главу

У Радаме прысутнічаў на вельмі цікавым, разняволеным канцэрце-конкурсе савецкай песні. Падарылі доўгагральную пласцінку з песнямі Акуджавы па-польску. Па-польску Акуджава гучыць не горш, чым па-руску.

Нарэшце вярнуўся ў Варшаву, дзе ў гатэлі сустрэў Мітрафана Дарафеевіча. Запрасілі нас прыняць удзел у падвядзенні вынікаў конкурсу сярод тых, хто вывучае рускую мову. «Алімпіяда—75» — так называлася гэтае мерапрыемства — праходзіла ў Інстытуце рускай мовы. Дырэктар Інстытута — вельмі прыстойны чалавек — праф. Івінскі П. І. з Вільнюса.

З пасольства званіў Мечыслаў Сянкевіч.

Увечары выкраіў гадзінку, каб наведаць Барскага. Знайшоў Валбжыка 15, дзе ён «мешка». Халасцякуе. Кватэра застаўлена самаварамі. Сотні дзве, цэлая калекцыя. Стаяць на паліцах, як кнігі ў бібліятэцы. Алесь правільна ўкладвае грошы, далёка глядзіць. У дзедавай хаце ў Кругелі валяецца на гарышчы пазелянелы самавар, які бабуля Фёкла ў 1922 годзе прывезла з Заволжа. Жылі небагата, на чай і цукар грошай не хапала і вядзёрны самавар закінулі на гарышча. Хай бы Алесь забраў.

Алесь частаваў варанай бульбай, якую шчодра пасыпаў скваркамі. Бульба — смачная. Была пані з прыгожымі ножкамі.

22 мая. Злазіў з цягніка ўжо ў Мінску. Развітаўся з Мітрафанам Дарафеевічам, які тым жа цягніком паехаў у Маскву.

Загадалі напісаць справаздачу.

24 мая. Учора споўнілася 70 гадоў Шолахаву. У «ЛіМе» з вялікім партрэтам гэтага пісьменніка артыкул І. Чыгрынава «Урокі вялікага настаўніка». Сёння, на дачы ў Атоліне, чытаю гэты артыкул. Усё быццам бы і правільна, а нестае нейкай ізюмінкі, чагосьці асабістага, пісьменніцкага. У вусных гаворках Іван Гаўрылавіч любіць распавядаць пра стасункі паміж Шолахавым і Сталіным, ведае нават тое, пра што правадыр цікавіўся і пытаў, калі выклікаў аўтара «Ціхага Дона» да сябе ў кабінет і размаўляў з ім. Апроч таго, Іван Гаўрылавіч быў нават у тым доме на вуліцы Сіўцаў Уражак у Маскве, дзе мае кватэру Шолахаў. Як бы прымярае сябе на Міхаіла Аляксандравіча.

У Польшчы пра Шолахава ніхто не пытаў.

Выходзіў на ўчастак паглядзець, што Тамара паспела пасадзіць за маю адсутнасць. Але ж гаспадарлівая! Гуркі ўзыходзяць, а памідоры ўжо растуць, гайдаюцца на градзе. Шмат кветак: ружы, вяргіні, нарцысы, цюльпаны. І любімыя Тамарыны клімацісы.

Цэкоўскія дачнікі працуюць як двухжыльныя, лепш чым над пісьмамі працоўных. Што значыць — працаваць на сябе.

26 мая. На працы ў аддзеле ўсё без змен. Ну, што ж, можа гэта і някепска, калі няма дрэнных навін. Горш, калі навіны дрэнныя.

7 чэрвеня. У Пастарнака натрапіў на такое месца: «Терять в жизни более необходимо, чем приобретать. Зерно не даст всхода, если не умрет. Надо жить не уставая, смотреть вперед и питаться живыми запасами, которые совместно с памятью вырабатывают забвения». Цікавы паэт — цікавы філосаф.

13 чэрвеня. Заранок ужо ў гарадскім камітэце партыі. Расце. Лезе на неба, як цыган па драбіне.

17 чэрвеня. Кандрату Крапіве прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Дакументы паслалі калі! А толькі цяпер стала вядома.

Ніколі не бачыў у ЦК Кандрата Крапіву. Ды і ў Саюз пісьменнікаў ён не ходзіць. Нейкая загадка. Пятрусь Усцінавіч дык у нас днюе і начуе. Умее даступіцца да начальства, нешта камусьці «выбіць» — ордэн, званне, кватэру. Кандрат Кандратавіч — не.

20 чэрвеня. Прыязджаў з Масквы вядомы крытык і літаратуразнавец Уладзімір Максімавіч Піскуноў. Хоча тут абараніць дысертацыю. Нацэліўся на Інстытут літаратуры Акадэміі навук, дзе ёсць доктарскі савет. З Уладзімірам Максімавічам я пазнаёміўся ў рэдакцыі часопіса «Вопросы литературы» ў Маскве. Чалавек ён бывалы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, пасля якой працаваў у камісіі, якая адбірала трафейныя кінафільмы для паказу ў СССР. Я гэтыя фільмы перагледзеў, здаецца, усе: «Тарзан» (4 серыі), «Девушка моей мечты», «Королевские пираты», «Леди Гамильтон», «Три мушкетера», «Кардинал Ришелье», «Дорога на Эльдарадо», «Тигр Акбар», «Сети шпионажа» і іншыя. Фільмы ўсіх кінастудый свету: нямецкія, аўстрыйскія, англійскія, французскія, амерыканскія… Не дубляваныя, а з цітрамі, трэба чытаць.

Дысертацыя Піскунова на тэму: «Человек в советском романе», — два таўсценныя тамы, пераплеценыя ў сіні каленкор.

Апякуецца ім наш Віктар Каваленка. Справа, здаецца, «на мазі».

21 чэрвеня. Піскуноў прапанаваў схадзіць у рэстаран і, здаецца, вельмі здзівіўся, калі я згадзіўся. А мне цікава пачуць маскоўскія навіны. Як там Яўгеній Еўтушэнка, Васілій Аксёнаў, Бэла Ахмадуліна? Уладзімір Максімавіч

хваліўся, што бывае ў іх кампаніі. Знаёмы з Назымам Хікметам, які дзівіць усіх сваёй неабыякавасцю да жаночага полу.