Раней Піскуноў працаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры, пісаў у сааўтарстве з М. К. Геем. Колем Геем, — як ён гаворыць. Коля Гей — сын Канстанціна Гея, які ў пачатку 30-х гадоў быў на пасадзе першага сакратара ЦК КП Беларусі. Гэта ён дакладваў Сталіну пра Купалаў замах на самагубства ў 1930-м.
— Цяпер Коля, — Уладзімір Максімавіч крыху злараднічае, — пачаў піць.
Але, — дадае ён, нібы апраўдваючы былога свайго сябра, — у кожнага чалавека свая бочка. Хто з маладосці яе выпівае, а хто толькі пад старасць пачынае. Ад Піскунова пачуў прымаўку:
Чем правее, тем глупее,
Чем левее, тем подлее.
Гэта ўжо што тычыцца нашага менталітэту.
22 чэрвеня. Самы доўгі дзень. У гэты дзень пачалася вайна і разам з ёй маё ваеннае дзяцінства. Можа, калі і раскажу, што тады адбывалася. Я ўпэўнены, што імкненне захаваць уласнае жыццё ў страшэнных абставінах не менш годная і цяжкая справа, чым памерці, са зброяй у руках абараняючы іншых. Калі, зразумела, выжываючы чалавек не становіцца нягоднікам, здраднікам, забойцам. Але ўсяго было.
Я, па сутнасці, ветэран.
23 чэрвеня.Шкада Уладзіміра Максімавіча. Перашкодзіла яму абараніцца Фіглоўская. Агаварыла перад Машэравым. Уладзімір Максімавіч успамінае, што калісьці даў адмоўны водгук на яе дысертацыю, і яна запомніла.
Але саветаў па абароне па краіне шмат, недзе абароніцца.
25 чэрвеня — 70 гадоў Петрусю Броўку. Ён ужо з раніцы ў нас, у ЦК. Не ведае спакою нават у дзень юбілею. Вельмі плённа працуе як галоўны рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі.
А мне падабаецца верш П. Броўкі «Калі надыдзе час спачынку…» Зрэшты, не толькі гэты. Адразу пасля вайны ён напісаў цудоўныя балады. Помняцца паэмы «Ясны кут» і «Голас сэрца». Мулявін не памыліўся, калі паклаў «Александрыну» на музыку.
27 чэрвеня. Завяршыліся Дні літаратуры і мастацтва БССР на Украіне. Канцэрты, творчыя сустрэчы, вечары, выстаўкі кніг, кінафільмы, спектаклі. Вярнуліся стомленыя. Пачнём рыхтавацца да візіту ў адказ.
29 чэрвеня. Былі на дачы ў Атоліне, трэба было падкарміць гуркі. Дачнік Мікуловіч — былы першы сакратар Гродзенскага абкама — вельмі працавіты і практычны чалавек. Па-свойму ініцыятыўны, вынаходлівы, нават дасціпны. Ходзіць за кароваю з вядром і ўмее своечасова падставіць яго пад хвост, калі тая пачне апраўляцца. Застаецца толькі здзіўляцца, — як кажа ў такіх выпадках Марцалеў. Сярод калегаў расце незадаволенасць, асуджэнне. Некаторыя бурчаць: «Гэта ж трэба, каб у чалавека, былога паважанага першага сакратара абкама, у такой ступені развіўся прыватна-ўласніцкі інстынкт! Ганьбіць, здзекуецца са звання партыйнага работніка!»
А можа, я часам думаю, жыццё і павінна быць гэткім прыземленым, абсурдным?
1 ліпеня. Шматлюдны ўрачысты вечар у Вялікім тэатры оперы і балета БССР, прысвечаны 70-годдзю Петруся Броўкі. Прысутнічалі П. Машэраў, Ц. Кісялёў, А. Кузьмін, пісьменнікі — свае і шмат прыезджых, грамадскасць, аматары паэзіі П. Броўкі. Зачытваліся прывітальныя тэлеграмы ад Шолахава, Ляонава, Сіманава, Грыбачова і інш. Шмат выступоўцаў. Тапілі чалавека ў мёдзе. Адчувалася, што Пятру Усцінавічу было прыемна.
Юбіляру ўручылі ўзнагароду — ордэн Дружбы народаў. У яго «іканастасе» якраз гэтага ордэна не хапала. Уручаў Машэраў. Машэраў з Броўкам на «ты».
Быў багаты банкет у рэстаране «Журавінка».
У фае рэстарана, калі разыходзіліся, убачыў Яна Скрыгана. Ён у нейкім незвычайным белым капелюшы. Капялюш адмысловы, з шырокімі палямі, я міжволі загледзеўся. Ён гэта заўважыў і пажартаваў:
— Праўда, у гэтым капелюшы я выглядаю прынамсі на дзесяць гадоў маладзей?
— А колькі вам гадоў?
— У капелюшы ці без яго?
Ян Скрыган любіць здзівіць. Апошнім часам памяняў імя — Янку на Яна. Дарэчы, я таксама справіў сабе касцюм. Надыбалі з Тамарай у ЦУМе. Тамара, праўда, адгаворвала мяне, не раіла — надта няпэўны колер: не то руды, не то сіні, не то зялёны. Нейкі рабы. А я такі колер люблю. Я называю яго балотным. Апрануў яго на Броўкаў юбілей, і нешта не ўпадабаў нам. загадчыка Яўген Барысавіч. Пыхнуў цыгарэтай і прызнаў, што надта «легкомысленный». Выходзіць, што ў Тамары і ў майго начальніка блізкія густы.
2 ліпеня. З раніцы Броўка ўжо ў ЦК. Зазірнуў да мяне. «Ну, як?» Я адказаў, што ўсё прайшло, як трэба. «Па вышэйшым разрадзе». Асабліва задаволены юбіляр тым, што пра яго напісаў Бярозкін. Паказаў мне газету «Вячэрні Мінск» з артыкулам Бярозкіна «Сталасць — гэта не старасць». «Узрост — усяго толькі лічба», — згадзіўся я.
Бярозкін, я заўважыў, быў на вечары і на банкеце. Выйшаў, падпіўшы, на веранду, гаманіў з калегамі, курыў свой «Беламор», нешта даказваў.