Выбрать главу

Добра, калі ўсім добра.

3 ліпеня. Ля Вечнага агню стаяць піянеры, у тым ліку і дзяўчаткі, прыціснуўшы да грудзей аўтаматы. Адзначаецца Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Настрой — урачысты.

5 ліпеня. На радзіме Кузьмы Чорнага, у вёсцы Цімкавічы, адбыўся вечар, прысвечаны яго 75-годдзю.

А. Адамовіч нагадаў нядаўна дзённікавы запіс Чорнага: «Божа, дай мне напісаць мае раманы!»

Перачытваю знаёмыя рэчы. У прозе К. Чорнага жыццё — як яно ёсць — набывае найвышэйшую каштоўнасць, тут шмат паэзіі, якая пераадольвае абсурд чалавечага існавання і дае духоўную апору, гарманізуе свет.

8 ліпеня. Хто ні разу (як і К. Крапіва) не звяртаўся ў ЦК ні з аніякай просьбай — гэта Алесь Звонак. З яго крыху сухаватай паэзіяй я пазнаёміўся яшчэ ў студэнцкую пару. Гэта быў зборнік «Табе адной», які ўбачыў свет у 1957 годзе, пасля вяртання аўтара ў Мінск. Падабаюцца яго радкі:

Парві няўдачы першай чарнавік, —

Надзеі голуб зноў ляціць высока.

Падабаюцца і іншыя вершы, Алесь Звонак — бліскучы тэхнік. Яму ўласціва дасціпнасць і дакладнасць слова, лёгкасць радка, валоданне партрэтным штрыхом.

Алесь — гэта псеўданім паэта, завуць яго Пётр Барысавіч.

Вядома, і ў яго біяграфіі пры жаданні можна адшукаць пляміны. Калісьці ён жорстка спляжыў сваіх паплечнікаў, ужо арыштаваных У. Дубоўку, Я. Пушчу і А. Дудара, сказаўшы пра іх: «махровыя нацыянал-дэмакраты ад літаратуры» («Зьвязда», 1930, 24 верасня). Але даўно гэта было, з таго часу мы ўсё ж такі як-ніяк крыху паразумнелі.

Я быў у яго на дачы, на Лысай гары. «Знаходжуся ў заслужанай невядомасці», — нібы пахваліўся ён. Дасціпны чалавек. Выпілі па чарцы (Гарык Вольскі недзе дастаў). Расказаў пра пісьменніка Ямпольскага (на жаль, не ведаю), якога ўзялі ў маі 1941 года за тое, што ён, школьнік старэйшых класаў, з сябрамі-аднакласнікамі размаўляў пра літаратуру. У якасці рэчдоказу было захаванне партрэта Троцкага. У працэсе рэабілітацыі (пасля дванаццаці гадоў адсідкі) Ямпольскі запрасіў паказаць яму той самы партрэт. Гэта была выдраная са школьнага падручніка фотарэпрадукцыя — Луначарскі ў рэвалюцыйным фрэнчы і пенснэ.

Пра «сваю» Калыму расказвае неахвотна. Адно сказаў, уздыхнуўшы: «Калыма — гэта Асвенцім без печаў».

І агарод у яго дагледжаны — стараецца жонка Берта. Расце нават грузінскі тархун (наша назва — эстрагон).

Узіраючыся ў стыль А. Звонака, у яго паэтычную манеру і ўлічваючы тое, што ён жыве на Лысай гары («сведка ўсіх падзей», — як сказаў пра сябе, з іншай нагоды, А. Куляшоў), мне падумалася, што, можа, ён аўтар вядомага «Сказа пра Лысую гару»). Напісаў яму на гэты конт ліст. А. Звонак адказаў мне таксама лістом. У якім адмаўляўся ад аўтарства: «…разумею Ваш намёк, але, на вялікі жаль, не я аўтар «Сказа пра Лысую гару», аб чым магу толькі шкадаваць». Не варта шкадаваць, Пётр Барысавіч, хоць я і згодзен з Вамі: «Сказу…» сапраўды нельга адмовіць у таленавітасці партрэтных вобразаў і характарыстык, але гэта ўсё ж такі нейкая зласлівая таленавітасць, якая ставіцца да чалавека залішне прадузята і аднабакова…

Тым не менш, «Сказ пра Лысую гару» належыць беларускай літаратуры і літаратурнай традыцыі — ён, думаецца, застанецца як сведчанне пра той час і пра таго «лысагорскага» чалавека. «Быў час, быў век, была эпоха…»

10 ліпеня. Забег задыханы Броўка. У Машэрава ён ужо быў, але далажыў і нам: «Выданне БелСЭ завершана. Дванаццаць вішнёвых тамоў!» Што ж, добры падарунак рэспубліцы. Як член ААН Беларусь павінна мець сваю нацыянальную энцыклапедыю (накшталт Брытанскай) і, вось, мае. У некаторых рэспубліках выйшлі яшчэ толькі першыя тамы, а ў некаторых толькі яшчэ створаны рэдакцыі.

Ёсць падставы, і не малыя, для радасці. Многае, асабліва біяграфічныя артыкулы, засмучае. Шмат пра што ў іх не гаворыцца, многае замоўчваецца, утойваецца, што вельмі прыкра. Як бы вось гэта вы можаце ведаць, а пра гэта ведаць не трэба, «не паложана». Сацыялістычны рэалізм.

11 ліпеня. На Уздзеншчыне, у Літвянскім сельскім Доме культуры, адбыўся вечар, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Пятра Глебкі. Ездзілі туды супрацоўнікі інстытута, які ён калісьці ўзначальваў. Неяк у Заслаўі я разгаварыўся з Р. П. Платонавым — намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. Дасведчаны чалавек, па спецыяльнасці — гісторык. Зайшла чамусьці размова пра Глебку, пра тое, як ён у 1945-м, з дазволу Панамарэнкі, ездзіў у Германію па жонку, якая апынулася там сярод перамешчаных асоб…

Кажуць, Глебка любіў павучаць. Глебка многае любіў. Назіральны мастак Віктар Шматаў прыкмеціў нават, што ў Глебкі «каньячная губа». Пятро Фёдаравіч любіў жыццё, хараство якога яшчэ і ў тым, што яно доўжыцца, працягваецца.