Выбрать главу

Эдуард Марцінавіч Скобелеў быў з Глебкам у Нью-Йорку на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Цікава расказвае. Глебка прывёз адтуль чамадан эмігранцкіх выданняў.

75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі. Трагічны лёс. Саслалі, адарвалі ад літаратуры, да якой вярнуўся толькі пасля вызвалення, у сярэдзіне 50-х. Час быў упушчаны, літаратура стала ўжо іншай, змянілася пад уплывам мадэрнізму паэтыка. Колішні авангардыст Дубоўка, аўтар вельмі цікавых паэм — «камбайнаў», выглядае сёння вельмі традыцыйна.

12 ліпеня. Ужо год, як будуецца БАМ. Пра гэта шмат гавораць і пішуць. Шмат камсамольскага задору і рамантыкі. Будаўнікі жывуць у палатачных гарадках. З’явіўся свой фальклор:

Приезжай ко мне на БАМ,

Я тебе на рельсах дам.

15 ліпеня. На фестывалі савецкай драматургіі ў Чэхаславакіі адзначаны пастаноўкі п’ес А. Макаёнка «Зацюканы апостал» і «Трыбунал». Таленавіты Макаёнак. Талент у ім ажно іскрыцца. Сёння многія тэатры запальваюць перад яго п’есамі святло сваіх рамп. І добрую «капейчыну» мае на ашчаднай кніжцы, што надае яму дадатковую вагу.

21 ліпеня. Вярнуліся з «Атоліна». Там усё буяе.

Так яно і павінна было здарыцца. Мікуловіч нядаўна атрымаў заўвагу ад Машэрава за свой дачны «досціп». Працаваць — працуй, але да такіх «вынаходніцтваў» не «ўзнімайся». Але хто данёс гэта наверх?

22 ліпеня. Ліпень — вяршыня лета. Высока ходзіць сонца. Адтуль, з вышыні, атрымліваем мы і ўся зямля энергію яго промняў. Усё, здаецца, уціхамірваецца. Прырода набіраецца сілы, становіцца дрымотнай, спеліць ураджай. Ноччу чутно, як расце, наліваецца жыта.

Але, як сказаў адзін італьянскі пісьменнік, «няма міру пад алівамі». У гэтыя выхадныя быў з Тамарай у Плешчаніцах. Чуў пра трагічную навіну. Дырэктар торфапрадпрыемства Рагуцкі застрэліў сваю каханку, а потым з той жа стрэльбы забіў і сябе. Амаль як Хэмінгуэй, толькі з іншай прычыны. Хэмінгуэй быў ужо стары і стрэліў у старасці, а Рагуцкі ў росквіце ўзросту і сіл. Меў жонку, сям’ю, але вельмі ўпадаў за сваёй рудой прыгажуняй. Быццам дурманам якім апаіла чалавека. Я яе бачыў. Ён пару разоў выпадкова падвозіў мяне да Мінска. Ззаду сядзела яна. Сапраўды прыгожая, але нейкай як бы грубаватай прыгажосцю. Звярталі на сябе ўвагу яе спелыя грудзі, пульхныя вусны, бляск вачэй і нейкая бессаромнасць. Модная, спушчаная на лоб рудая грыўка рабіла яе легкадумнай. Кончыкамі пальцаў яна ўвесь час папраўляла прычоску. Ведала, што ён кахае яе, і кахае, па-руску кажучы, «безумно».

Цяжка меркаваць, што там паміж імі ўжо адбылося, але, відаць, на нешта яна не згаджалася. А ён ад кахання, як кажуць, задыхаўся і млеў. Жыць без яе не мог. Сцервай была, няйнакш. Зрэшты, жанчына збольшага павінна быць сцервай. А як жа інакш? Гэта адпавядае яе прыродзе — да сэрца ліпнуць і ў кішэнь паглядаць.

Першым стрэлам, калі яна ўстала і пайшла ад яго, у спіну яе штурхнуў, нібыта, як расказваў Пеця (мой швагер), прыкідку зрабіў, другім — яна, ганарыстая, нават не азірнулася — у патыліцу пацэліў. Потым перазарадзіў стрэльбу, зняў з правай нагі чаравік, сунуў рулю ў рот і нагой, вялікім пальцам, націснуў на цынгель…

Тэма кахання — неабдымная і бясконцая. Тры чвэрці сусветнай літаратуры круцяцца вакол гэтай тэмы і засяроджаны на ёй. У рамане Чыгрынава «Плач перапёлкі» яна, гэтая лінія, адсутнічае, і гэта ўспрымаецца мною як недахоп. А вазьміце класіку: «Манон Ляско» абата Прэво, «Мадам Бавары» Флабэра, «Анна Карэніна» Л. Талстога. Пра каханне, калі грозныя і цёмныя жарсці бяруць у чалавеку верх, напісаў А. Купрын. Маю на ўвазе яго «Наталлю Давыдаўну». Цікавае, з новым падыходам, апавяданне Б. Сачанкі «Канапляны чад».

Мінулы раз у лазні нейкі чалавек, неміласэрна хвошчучы сябе бярозавым венікам, расказваў пра жанчыну, якая, ужо з безнадзейнай анкалогіяй, намагалася адрэзаць мужу пэніс. Была да такой ступені раўнівая.

Тая, плешчаніцкая прыгажуня, дарэчы, таксама пакінула пасля сябе мужаўдаўца. Ён, бедны, узяўшы чарку, прыходзіў да яе на магілу ды там, каля магілы, ад перажыванняў, кажуць, і памёр.

24 ліпеня. Сапраўдны мастак павінен адчуваць стыхійную глыбіню быцця. Быццё — гэта «затока ў бурах» (выраз Янкі Скрыгана), у бурах непадуладных чалавеку жарсцяў. Гэта, дарэчы, я калісьці вычытаў у апавяданнях

Усевалада Іванова, якія ён напісаў у 20-я гады. Як і Янка Скрыган сваю «Затоку ў бурах».

27 ліпеня. Дзіўны анекдот пачуў учора — вось яго змест: «Незвычайнае нешта дзеецца ў свеце: немцы змагаюцца за мір (Вілі Брант), яўрэі ваююць (з арабамі), рускія змагаюцца з п’янствам (толькі што выйшла на гэты конт грозная пастанова ЦК)».