1 жніўня. Чытаў у «ЛіМе» рэцэнзію В. Каваленкі на аповесць Б. Сачанкі «Не на той вуліцы». Здалося, што крытык вельмі суб’ектыўна (занадта!) інтэрпрэтуе гэты твор. Днямі прысутнічаў у СП на гутарцы з пісьменніцай з Люксембурга Розмары Кіфэр. Хтосьці спытаў, як у Люксембургу пісьменнікі ставяцца да крытыкі. Самы высокі і патрабавальны крытык, — адказала Розмары, — сам мастак, яго сумленне і творчая прынцыповасць.
5 жніўня. З Б. Сачанкам і А. Вярцінскім ездзілі на кніжную базу да Лапцёнка. Барыс Іванавіч крыўдуе на Віктара за лімаўскі артыкул. А. Вярцінскі, здаецца, нераўнадушны да японскай літаратуры. Як толькі ўбачыў кнігу выбранага Ікары Сайкаку, тут жа ўзяў. Мне таксама дастаўся экзэмпляр.
Барыс Іванавіч «кантралюе» букіністыку Мінска, ведае, у каго які рарытэт. Пакуль кнігам ад тых, хто іх здае, трапіць на паліцу для ўсіх, іх праглядае Барыс Іванавіч. Праўда, такі ён не адзін, але Барыс Іванавіч вельмі паважаны і ўплывовы. Галіна Іванаўна — галоўны спецыяліст букіністычнай кнігарні — гаворыць пра свайго кнігалюба з пашанай.
Набытае ён вельмі беражэ і сцеражэ.
Апошнім часам чытаю (набыў у Лапцёнка) забытага рускага савецкага пісьменніка Андрэя Платонава. Па стылі неверагодна арыгінальны: «без меня народ неполный»; «его уважали сельсоветы»; «волосы её пахли природой»; «она умела первая, не предупреждая, целовать людей»; «в большом зале учреждения стоял гул от умственной работы»; «прошлый год я достала кровельное железо, мне пришлось за это сделать аборт»; «коровы, и особенно быки, слишком впечатлительны, чтобы переносить железнодорожную езду»; «счастье всегда имеет большой размер, оно равняется всему социализму» і г. д. За гэтымі стылявымі дзівосамі стаяць нейкія буйныя зрухі і зломы ў светапоглядзе і светаўспрыманні. А. Платонаў, як я цяпер разумею, быў захоплены вырашэннем нейкіх анталагічных пытанняў быцця. Гэтым у свой час і ў рознай меры былі заклапочаны нашы — Купала, Колас, Багдановіч, Бядуля, Гарэцкі, Чорны, але потым лінія перарвалася.
Неяк у Маскве я пазнаёміўся з літаратуразнаўцам Анатолем Абрамавым з Варонежа. Адтуль і Андрэй Платонаў. Многае з яго спадчыны (раманы, аповесці, п’есы), расказваў Абрамаў, не надрукавана і наўрад ці калі ўбачыць свет. Крытыкуе савецкую сістэму ад пачатку да канца.
15 жніўня. Паляцелі з Заранком і Іосіфам на Прыпяць. На адзін дзень. Тамара не пярэчыла.
У Гліннай Слабадзе наведалі бацькоў Міколы. Ніна Іванаўна ўсё такая ж гасцінная. Каб не рабіць ёй клопату, начавалі ў Мазыры, дзе была заказана гасцініца. У суботу быў цудоўны ўзыход сонца. Запомніліся пяшчотна-ружовыя аблокі, нібы напісаныя нейкім мастаком. Напрыклад, Шчаснай. Паехалі з мазырскімі знаёмымі на рыбалку. Палілі вогнішча, смажылі на патэльні рыбу (купілі ў рыбакоў). Загаралі, адчуваючы, што лета ўжо заканчваецца.
Навучыўся ездзіць на матацыкле «Ява».
Наступную ноч спаў у Заранка на сенавале. Люблю спаць, каб нада мною плавалі зоркі. Тады вельмі надзейны, даверлівы сон. Зоркі не здрадзяць.
Вярталіся дадому пад вечар на «Жыгулях». Няблага адпачылі.
18 жніўня. Заходзіў Шамякін. Пагаварылі. Скардзіцца на непрыяцеляў. Нейкія «тры Б.» Гаворыць пра іх, крыху картавячы. Цікуюць за ім, ставяць палкі ў колы. Але хто гэтыя «тры Б.», не сказаў. «Калі-небудзь іншым разам…»
Іван Пятровіч шмат працуе. Пры гэтым начамі, і ў асноўным над сучаснай тэмай. Пра паслабленне ўвагі да твораў аб падзеях сучаснасці гаварыў у выступленні на сходзе рэспубліканскага партыйнага актыву ў чэрвені гэтага года. «Думаю, — казаў ён, — асноўная прычына ў саміх творах. Відаць, мала сярод раманаў, аповесцей, п’ес, паэм ды фільмаў аб нашых днях і нашых сучасніках такіх, якія адказвалі б на тыя пытанні, якія хвалююць сёння грамадства. Няўмела і нясмела мы пішам пра сённяшняе жыццё…»
«Няўмела і нясмела…» Цалкам згодзен. Узяць хаця б тое плешчаніцкае здарэнне. Жарсці не на жарт! А дзе пра такое прачытаеш у нашай літаратуры? Усё прыгладжана, ураўнаважана, даведзена да «прыстойнасці». На жаль, і шамякінская «Міхаліна» не дае на гэта поўнага адказу.
Пазнанне чалавека было і застаецца галоўным прадметам літаратуры. Больш таго, сёння цікавасць да чалавечых глыбінь асобы выходзіць у літаратуры, як і ва ўсім сучасным мастацтве, на першы план. Не варта — у інтарэсах гэтай праблемы — рэзка размяжоўваць літаратуру па тэмах і звязваць з гэтым мастацкія крытэрыі літаратурнай творчасці. Галоўнае — у чалавеку, у асэнсаванні рэчаіснасці з маральнага пункту гледжання, у выяўленні духоўнага патэнцыялу асобы, у імкненні прасачыць, як гэты патэнцыял раэлізуе сябе ў дзеянні на карысць грамадства.