Хтосьці, адчуваю, можа сказаць: «Гладка гаворыш. А вось узяў бы і напісаў!..» Не кожнаму дадзена напісаць…
23—24 жніўня. Разам з дзецьмі (няма на каго пакінуць) выязджалі на дачу. Крыху працавалі на ўчастку. Збіралі апошнія памідоры, капалі моркву.
Сын суседа Грышы Вячоркі — школьнік. Пэўна, рамантык. Ходзіць па наваколлі, адзін. Пройдзе нейкую адлегласць, спыніцца, стаіць, нібы ў нешта ўслухваецца. Ці не паэт будзе?
На дачы добра, але вечарам, калі ехаць дадому, дык не ўбіцца ў аўтобус.
25 жніўня. Заходзіў Г. — стары, з аспіранцкіх часоў знаёмы, супрацоўнік аднаго з інстытутаў Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук. Казаў, што ў калектыве Інстытута літаратуры маральнае разлажэнне, былы дырэктар Барысенка п’е.
— Ну, дык а хто цяпер не п’е?
— Ты, брат, як кароль Лір, — паспачуваў Г. — Пакуль у ЦК — цябе паважаюць, з табой лічацца, цябе баяцца. А калі што…
Папраўдзе, я над гэтым не думаў.
30 жніўня. Вецер. Гнуцца дрэвы. Ляціць лісце. Як заўсёды напрыканцы жніўня, перад вераснем. Прырода будзе рыхтавацца да зімы.
4 верасня. Літаратурны вечар, прысвечаны 30-годдзю ўтварэння ДРВ. Выступалі І. Мележ, М. Танк, Я. Семяжон, А. Грачанікаў, Г. Кляўко, Е. Лось, В. Іпатава і інш. Госць з В’етнама гаварыў аб папулярнасці беларускіх кніг у сябе на радзіме. У нас з в’етнамскіх падрадкоўнікаў удала перакладае Я. Семяжон. Малайчына Язэп Ігнатавіч!
6 верасня. Было задажджыла. Цяпер дажджы прыпыніліся. Пацяплела. Хадзіў на Камароўку. Купіў некалькі пачаткаў спелай, як бурштын, кукурузы і два кілаграмы груш. Хутка мама якой-небудзь аказіяй прышле з Брэста сваіх. Грушы ў нас растуць вакол хаты свае — буйныя, жоўтыя, чырванабокія, сакавітыя. Пакуль што пакаштуем з базару.
8 верасня. Па абедзе ў двары СП сустрэў К. Кірэенку. Павіталіся. Я спытаў пра здароўе. Пытанне яму яўна не спадабалася, хоць спытаў я без задніх думак. Больш я ні пра што не пытаўся.
16 верасня. Пасля работы напаткаў пісьменніка І., які вярнуўся з Фінляндыі.
— У музеі амаль і не хадзіў, увесь час бегаў па туфлі для жонкі, — з пісьменніцкай наіўнасцю прызнаўся ён.
20 верасня. Цікавая тэма: Дастаеўскі і Беларусь. Ёсць у Іванаўскім раёне невялікая вёска Дастоева. Яе ў 1506 годзе атрымаў у вечнае карыстанне адважны воін пінскага князя Фёдара Яраславіча Даніла Іванавіч Ірцішч. Ад назвы вёскі і бярэ пачатак прозвішча Дастаеўскіх.
Вялікі рускі пісьменнік Ф. М. Дастаеўскі ганарыўся тым, што яго продкі паходзілі з Беларусі. Ён жыва цікавіўся гісторыяй нашага народа. У кнізе І. П. Шпадарука «Ф. М. Дастаеўскі і Беларусь», якая выйшла ў выдавецтве «Народная асвета», прыводзіцца рэдкі дакумент 1865 года, у якім пісьменнік адзначае ўласцівыя беларускаму народу глыбокую «веру ў сябе і свае сілы, якая дала магчымасць яму ўстаяць на працягу раду стагоддзяў».
Карыстаючыся багатым фактычным матэрыялам, аўтар кнігі расказвае аб асноўных момантах жыцця і творчасці пісьменніка, аб уплыве яго творчасці на беларускую літаратуру, папулярнасці яго твораў у рэспубліцы, знаёміць з мінулым і сучасным вёскі Дастоева.
23 верасня. Пахаванне Міхася Лынькова. Памёр на 76 годзе жыцця. Вельмі сардэчны чалавек. Мне ён здаваўся старым і стомленым. Стаміўся Міколка-паравоз. На пахаванні гучала любімая песня нябожчыка «Жураўлі» на словы Р. Гамзатава.
Удава Соф’я Захараўна не захацела, каб некралог быў падпісаны прозвішчамі Броўкі і Лужаніна. Старыя рахункі.
2 кастрычніка. Споўнілася 60 гадоў Сяргею Сяргеевічу Смірнову. Я асабліва запаважаў яго, калі разам ехалі ў Брэст. З захапленнем слухаў яго аповеды. Было гэта гэтай вясной.
Паслаў віншавальную тэлеграму.
3 кастрычніка. Сёння было б, каб жыў, 80 гадоў Сяргею Ясеніну. У 60-я гады, будучы яшчэ аспірантам, я наведаў вёску Канстанцінава, дзе ён нарадзіўся. Тыповая руская вёска, якіх шмат на Разаншчыне. Стаіць яна на высокім беразе Акі на некалькі кіламетраў. Звычайная вуліца, дамы, дрэвы… Знаёмства з роднымі паэтавымі мясцінамі дапамагае глыбей зразумець яго творчасць.
Хата, дзе прайшло яго дзяцінства. «…З вуліцы выглядала яна вельмі прыгожай. Налічнікі, карніз і свяцёлка дзівосна выразаны і падфарбаваны белай фарбай. Жалезная страха, вадасцёкавыя трубы і абабітыя дошкамі вуглы надавалі ёй святочны выгляд», — так пісала аб роднай хаце сястра паэта Кацярына Аляксандраўна. Хата даўно згарэла. Але перад намі — дакладны адпаведнік ранейшай.
У Канстанцінаве адкрылі мемарыяльны музей паэта, і ўсё там зараз так, як было пры жыцці юнага Сяргея. Нават вуліца каля яго дома не заасфальтавана. Каля веснічак акуратна стаіць таполя, якую пасадзіў Сяргей Ясенін у адзін з апошніх прыездаў дадому. У садзе захавана невялікая хацінка, куды перабралася маці паэта пасля пажару.