Выбрать главу

— А хто ж на вас данос зрабіў? — спытаў нарэшце я.

— Айзік.

— Кучар?

— Ён.

Ідучы берагам Свіслачы, заўважылі ў вадзе нейкага вусатага звярка. Плыў да берага, смешна натапырыўшы вусы. Выдра, ці што? Рыгор Саламонавіч зноў закурыў, зацягнуўся папяросай.

— Цяжка табе там, у тваім ЦК, — паспачуваў ён, — кідай, ідзі куды ў газету ці часопіс. Ты ж маеш фах на руках, няблага пішаш пра літаратуру…

— Я пра гэта думаю.

Праз сквер дайшлі да праспекта і развіталіся.

Ноччу доўга не мог заснуць. Выйшаў на балкон. Неба. Зоры. Кажуць, што зорнае неба — гэта і ёсць самы вялікі цуд на свеце, што і нарадзіцца варта толькі дзеля таго, каб назіраць, цешыцца, здзіўляцца зорнаму небу, Месяцу, Сонцу. Гэта вызваляе ад пошлай аднастайнасці жыцця, адорвае пачуццём свабоды, адчуваннем паўнаты і інтэнсіўнасці ўражанняў і перажыванняў, пазбаўляе ад эгаізму і фанатызму.

18 кастрычніка. У «Мастацкай літаратуры» выйшла двухтомная «Анталогія ўкраінскай савецкай паэзіі» на беларускай мове. Алесь Траяноўскі просіць у гэтай сувязі напісаць артыкул для «Звязды». Няма жадання за што-небудзь брацца, але, відаць, давядзецца. Даўно ўжо нічога не друкаваў. Мусіць, згодна прымаўкі: «Салавей у клетцы не спявае». Затое цешыць чужы поспех. Выйшла выбранае Рыгора Барадуліна — «Свята пчалы». Добрую прыдумаў назву! Багатая атрымалася кніга, сардэчная.

Пад полазам белым,

з’інелай падковай,

Галінкай азяблаю

крохне —

хрусь,

Як яблык, крамянае і хрупаткое

Слова марознае: «Беларусь».

Хто яшчэ так скажа, як Барадулін?!

20 кастрычніка. 70-годдзе з дня нараджэння П. Броўкі адзначае Масква. Вечар у Калоннай зале Дома Саюзаў. Здаецца, ніхто з беларускіх паэтаў такога гонару не меў. Толькі вось выдзелілі для мерапрыемства «цяжкі» дзень — панядзелак.

21 кастрычніка. Хадзіў на спектакль «Брама неўміручасці» па п’есе Крапівы. Здзівіў рэжысёрскі «давесак»: над сцэнай, пад столлю бушуе і раве на ўвесь тэатр малпа. Што гэта абазначае, што сімвалізуе, — невядома. Наш час? Эпоху? Ці чалавечую структуру ўвогуле, у якой слаба ладзяць паміж сабой свядомае і бессвядомае, «кара» і «падкорка»?

23 кастрычніка. Паляцелі ў вырай гракі. Пацішэла.

Скардзіцца на нездароўе Мележ.

31 кастрычніка. Даклад М. Лобана на аб’яднаным пасяджэнні секцый прозы і крытыкі «Проза маладых — майстэрства, тэндэнцыі». У Саюзе пісьменнікаў, паводле маіх назіранняў, ідзе змена пакаленняў, але на плённым

развіцці літаратуры, у прыватнасці прозы, гэта амаль не адбіваецца. Проза маладых, трэба прызнаць, надта кволая, як і іх жыццёвы вопыт. Па сутнасці, няма цікавых дэбютаў і няма чаго чытаць. Бракуе сур’ёзных абагульненняў. Марцэлеў сказаў, што ў маладых «адчуваецца недахоп сацыяльнай напоўненасці». Гэта традыцыйнае патрабаванне артадаксальнай крытыкі. Але ж няма сацыяльнага без глыбіні звышсацыяльнага, метафізічнага, калі хочаце. Пра гэта варта было б сказаць маладым, але не скажаш, бо забаронена. Старыя дапамагаюць маладым, а маладыя калі-небудзь абавязкова скажуць: «Саступіце нам дарогу! Вы нам святло засціце, вам на той свет пара!»

«Прыходзіць час, калі трэба адкласці іголку, каб маглі пачаць шыць іншыя». Не ведаю, чыя гэта прымаўка, які народ яе стварыў, але яна правільная.

3 лістапада. Дзень нараджэння Якуба Коласа. Класік. Бацька нацыі. Дакладней, адзін з бацькоў.

Дачуўся, што аднаму з цеплаходаў Дунайскага параходства прысвоена найменне — «Якуб Колас».

У Інстытуце літаратуры выдаецца збор твораў у 14-ці тамах. Шкада аднак, што многія творы сапсаваныя цэнзурай, няаўтарскімі праўкамі і ў такім пакалечаным выглядзе і выдаюцца.

Ужо разы са тры наведаў коласаўскія мясціны — Мікалаеўшчыну, Альбуць, Высокі Бераг, Свержанскую граду і інш. Апошні раз у Мікалаеўшчыне былі з Данілам Канстанцінавічам. Заязджалі ў Стоўбцы. У нядзелю там базар. А я аматар завітаць на базар, на местачковы, паслухаць гаману, людскую рознагалосіцу. Прайшліся з Данілам Канстанцінавічам паміж радамі. Я пачуў, як адзін мешчанчук пытаўся ў другога:

— Ну, як кідаешся?

— Трапячуся, — адказаў той, частуючы сябра папяросай. — А ты як?

— Таксама. Трапячуся.

Гэта значыць — яны павіталіся. У Якуба Коласа такой формы людской гаворкі, здаецца, няма. Даніла Канстанцінавіч пацвердзіў:

— Няма.

А цікава. Нешта ў гэтым ёсць.

5 лістапада. У магазінах, асабліва ў прадуктовых, паўсюль чэргі. Заранок кажа, што тых, хто стаіць у чэргах, называюць стоікамі. Але не ўсюды дрэнна, у многіх калгасах і саўгасах рэспублікі справы ідуць няблага, як, напрыклад, у Верцялішках на Гродзеншчыне. У газетах друкуюцца матэрыялы: «Маладзеюць Верцялішкі». Шмат што, на маю думку, залежыць ад старшыні, ад яго чалавечых якасцей, таленту і магчымасцей.