Выбрать главу

Нейкі маладзён, але смелы (ці нахабны?) хлапчына падышоў да Брыля: «Вось я хацеў бы пісаць, як вы. Вось што за дзень убачыў, пра тое і напісаў. Скажыце, як гэта зрабіць?» — «Звычайная справа, — адказаў Іван Антонавіч, — няма нічога прасцей. Кладу перад сабой чысты аркуш, бяру пяро ці аловак і пішу». Яго суразмоўца нічога не адказаў, толькі ўздыхнуў.

29 лістапада. Быў у Атоліне. Чырванеюць на снезе сцябліны маліны. Цішыня. Адчынілі прадуктовы магазінчык з гарэлкай, але, кажуць, сочаць, хто колькі бярэ.

3 снежня. У знакамітай вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна на магіле Ф. Багушэвіча адкрыты помнік. Скульптар, здаецца, З. Азгур. Мне здаецца, што ў яго беларускіх работах заўсёды прысутнічае яўрэйская тэма, гучаць тыя «скрипки времён», пра якія разважаў Барозкін.

5 снежня. Іосіф Скурко працуе ў міжнароднай маладзёжнай установе «Спутник». Мае службовую машыну — «Волгу». Працуе з замежнай моладдзю, з якой умее знайсці агульную мову. Пару дзён назад прапанаваў паехаць на Мядзельшчыну да дзядзькі Хведара — у Сваткі. Разам з намі едзе Рыгор Барадулін, якога Іосіф (мы, сябры, завем яго Юзікам) дужа паважае і любіць, лічыць сваім настаўнікам.

Выехалі ў пятніцу вечарам, пасля рабочага дня. Дарога — доўгая. Ехалі праз лес і ўваліліся ў прымерзлую і прыцярушаную снегам лясную калдобіну, ды такую глыбокую, што вада хлынула ў салон. Ледзь адчынілі дзверцы і выбіраліся па пояс у ледзяным крошыве. Вымаклі капітальна.

— Ну, усё! Запаленне лёгкіх забяспечана! — запанікаваў паэт.

Сталі ламаць ніжнія галіны дрэў і кідаць пад колы. Эфект — нулявы, прабуксоўваюць. Давялося пайсці наперад, пашукаць нейкага трактара. Цёмна, неба завалаклі хмары, але дарогу, прысыпаную сняжком, відаць. Прайшоўшы кіламетры з тры, адчуў пах нейкага варыва, а потым заўважыў і агеньчык. Гэта быў калгасны кароўнік, гатавалася ежа скаціне. Ля агню сядзеў дзяцюк гадоў трыццаці, падкладваў у агонь дровы. Аказалася, што ён і ёсць трактарыст. Болей таго: брат майго добрага знаёмага па Акадэміі навук Анатоля Шастаковіча. Хутка паразумеліся, ён завёў трактар, пасадзіў мяне побач, і мы паехалі на месца здарэння. «Волга» — лёгкая, і трактар выцягнуў яе, як кажуць, умомант, як пушынку, а праз гадзіну-паўтары мы былі ўжо ў Сватках у дзядзькі Хведара, які сустрэў нас вельмі гасцінна. Асабліва калі даведаўся, што з намі Рыгор Барадулін. Народ ведае сваіх паэтаў!

Памыўшы рукі, паселі за стол, накрыты ўвішнай гаспадыняй, узрадаванай прыездам Юзіка. Была і чарка. Гаспадар падаў прыклад — прыгожа выхіліў кілішак у рот. «Крэпкая, зараза!» — пахваліў гарэлку Юзік, спажыўшы свой кілішак. Пад канец выпілі журавінавага квасу.

Назаўтра дзядзька Хведар закалоў кабанчыка, які ўжо з раніцы падаваў трывожны голас, рохкаў, чуючы, відаць, нешта нядобрае. Калоў сусед, які памайстэрску валодаў «швайкай». Смалілі, як усюды цяпер, паяльнай лямпай. Тут вызначыўся Рыгор Іванавіч. Навучаны дзядзькам Хведарам, жвава вадзіў лямпай па свінячым азадку.

Частаваліся свежыной. Асабліва смачнай паказалася пячонка з цыбуляй.

Прабылі ў Сватках амаль увесь дзень. Дадому выправіліся толькі вечарам.

10 снежня. Начальству ўсё больш падабаецца выступаць з артыкуламі. Не даць рады! Толькі аднаму закончыш «матэрыял», як ужо нясуць «заказ» (хутчэй — загад) ад другога — пішы! Ды яшчэ патрабуюць нейкай асаблівай якасці. Кожны хоча паказаць, што ён сучасны і разумны. Відаць, цяпер такая партыйная мода, новы стыль. Адзін з сакратароў — дык той нават крыўду выказаў: «Себе вы вот как пишете, а мне не хотите…»

Трэба і сабе штосьці напісаць. Дзеля заробку. Зарплата невялікая, 220 руб. Ганарар якраз дарэчы.

13 снежня. Семінар дзіцячых пісьменнікаў у Каралішчавічах. Адкрыў Максім Танк уступным словам «Камуністычнае выхаванне дзяцей і моладзі і задачы беларускіх пісьменнікаў». Выступалі І. Чыгрынаў, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін і ў тым ліку я. Сказаў, што лёс кнігі цяжка прадказаць, часам кніга мяняе свайго адрасата. «Рабінзон Круза» Даніэля Дэфо ствараўся для дарослых, а стаў любімай кнігай дзяцей, а, скажам, «Аліса ў краіне цудаў» пісалася Льюісам Кэралам для сваёй маленькай пляменніцы Алісы, а цяпер кнігу чытаюць дарослыя.