Выбрать главу

На мінулым тыдні ў «ЛіМе», на дзвюх палосах, было інтэрв’ю П. Панчанкі. На пытанне: «Над чым вы працуеце сёння?», ён адказаў:

«Калі гаварыць пра сённяшні дзень, дык цяпер я здаў да выдання зборнік вершаў пад назвай «Крык сойкі». Над гэтым зборнікам я працаваў апошнія тры гады. Спытаеце, чаму я так назваў зборнік? Сойка — вельмі прыгожая птушка. Цікавая яна яшчэ і тым, што заўсёды паднімае трывожны крык, калі непадалёку з’яўляецца нехта чужы. Голас сойкі трохі непрыемны, але рэзкі, як крык перасцярогі перад нейкай пагрозай…

Што я хачу выказаць такой назвай?

Я вельмі люблю лес, родную прыроду і мяне непакоіць тое, што на ўладаннях сойкі нярэдка з’яўляюцца, шчыра кажучы, непажаданыя госці з ліку турыстаў ці выпадковых вандроўнікаў. Назва кнігі, вядома, умоўная. Яе не трэба прымаць аднабакова, бо гэта не проста крык і нават не маё асабістае папярэджванне, а голас усяго нашага грамадства, усяго народа, які клапоціцца аб захаванні нашых лясоў, аб чысціні вод у нашых рэках, азёрах і марах, аб захаванні жывой прыроды, расліннага і жывёльнага свету, захаванні атмасферы, каб не толькі нам лепш жылося, але каб усю гэтую прыгажосць захаваць і перадаць нашым нашчадкам, унукам і праўнукам, людзям будучых пакаленняў і будучых стагоддзяў. Каб гэта здзейснілася, у кожным сэрцы сёння павінен гучаць крык сойкі».

Уражанне такое, што Панчанка палагаднеў, сцішыўся, стаў больш удумлівым. Паглядзім, гэта цікава.

26 студзеня. Перакладчык С. ізноў ажаніўся. Пры сустрэчы расказаў жарт: «Адзін у другога пытаецца:

— Ці праўда, што Бог забраў у цябе трэцюю жонку?

— Праўда, браце. Але я ўзяў чацвёртую: бярэ Бог, бяру і я».

С. скардзіцца на захворванне страўніка, харчуецца бурачкамі з маянэзам.

2 лютага. Усё больш прыкметная тэндэнцыя — рост дакументалістыкі. Яна мае свае рысы і адзнакі. У сучаснай дакументалістыцы стала вельмі адчувальна асабовасць аўтара, яго суб’ектыўнасць, нават калі ён свядома адыходзіць на іншы план, даючы слова героям і дакументам. Роля светапогляду, палітычнай, маральнай пазіцыі пісьменніка тут надзвычай вялікая. Гэта характэрна ўсім формам і жанрам дакументальнай літаратуры — уласна дакументальнай, мастацка-дакументальнай, навуковай.

Мастацкая дакументалістыка як адзін з відаў вялікай літаратуры мае сваё разгалінаванне жанраў, звязаных агульнай сістэмай з жанрамі ўласна мастацкімі — раманам, аповесцю, п’есай, паэмай і г. д., ніколькі не адмяняючы іх, а наадварот — узбагачаючы.

Дакумент забяспечвае літаратуру праўдай, паэзіяй «нехлусні». Літаратура можа і павінна параўноўваць сябе з дакументалістыкай — гэта для яе важна. Дакументальны матэрыял заўсёды плённа ўплываў на прозу, раман, даючы ім амаль, так сказаць, «гатовы змест» і напрамак далейшых пошукаў, актыўна ўплываючы на мастацкую форму.

4 лютага. Будуецца Дом літаратара (архітэктар Грыгор’еў).

Алесь Адамовіч (сказаў пры сустрэчы) завяршае манаграфію «Беларуская проза на літаратурнай планеце». Гэта ці не адзіны ў нас даследчык, які разглядае беларускую прозу не толькі ў яе нацыянальнай спецыфіцы, але і імкнецца паказаць яе як частку агульнасаюзнага працэсу ў кантэксце сусветнай літаратуры. Алесь Адамовіч — вучоны-кампаратывіст, крытык і пісьменнік у адной асобе. Ён, трэба адзначыць, не надта паважае філасофскія сістэмы, якія прэтэндуюць на канчатковую ісціну і прад’яўляюць да жыцця вузкія, дагматычныя патрабаванні. У сваім бачанні беларускай літаратуры, на якую ён імкнецца глядзець «здалёку і зблізку», у створанай ім канцэпцыі рамана тэарэтычная думка даследчыка адчувае сябе досыць свабодна, натуральна і нязмушана, у злагадзе з гістарычнай логікай літаратурнай творчасці, развіццём мастацкага слова.

5 лютага.Адкрыўся ХХVІІІ з’езд Кампартыі Беларусі. Плошча каля Дома афіцэраў застаўлена машынамі: «волгі», «уазікі», «масквічы».

6 лютага. Выступленне М. Танка на ХХVIII з’ездзе Кампартыі Беларусі: «Разам з партыяй, разам з народам». Усё тое ж самае, што колькі гадоў таму.

10 лютага. Пасяджэнне секцыі крытыкі і літаратуразнаўства з дакладам М. Мушынскага «Сучасная беларуская літаратура ў люстры крытыкі». Выступілі А. Клышка, М. Лобан, К. Губарэвіч, А. Мальдзіс, з пісьменнікаў-«генералаў» ніхто не выступаў, апроч хіба што Мікалая Аляксеева — генерала ад інфантэрыі, але ніяк не ад літаратуры.