Нарэшце я зразумеў, што ўзялі мяне сюды, каб пісаў ім артыкулы і выступленні. Для сябе нічога не пішу. У планах было падрыхтаваць артыкул пра нашу паэзію, пачынаючы з 20-х гадоў, абмяжоўваючыся выключна назвамі кніг. Упэўнены, што назва зборніка, яго загаловак, дае дакладнае, цудоўнае ўяўленне пра стыль, паэтыку, сувязь са сваім часам. За ўсім гэтым відаць і аўтар.
Дарэчы, тут не проста з машыністкамі. Па-беларуску друкуе толькі адна — у машбюро. Наша сакратарка Святлана Ампадзістаўна, што сядзіць у прыёмнай, спецыялізуецца толькі на рускамоўных тэкстах.
19 кастрычніка. У вёсцы Слабада-Кучынка Капыльскага раёна адбыўся вечар, прысвечаны 70-годдзю Адама Бабарэкі, які тут нарадзіўся. Спадчына гэтага крытыка і эстэтыка (адзін з псеўданімаў — Адам Чырвоны) яшчэ слаба вывучана.
20 кастрычніка. Банкет у гонар пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі, што вярнуліся з паездкі па Беларусі. Наладзілі банкет у Заслаўі, дзе пабудавалі вялікую гасцініцу для прыёма высокіх гасцей. Шыкарная зала, па сценах карціны з беларускімі вобразамі і матывамі. Паселі за агульны стол, але на адлегласці адзін ад аднаго. Стол дазваляў — доўгі. Я сядзеў па суседстве з Віктарам Каваленкам, паважаным нашым крытыкам і літаратуразнаўцам. Абслугоўваў банкет рэстаран «Мінск», па вышэйшым разрадзе. У кожнага за крэслам стаяў афіцыянт-мужчына, падлівалі каньяк і давалі з запальнічкі прыкурыць, калі хто курыў. Віктар Антонавіч, хоць і не курыў, таксама ўзяў цыгарэту, і афіцыянт тут жа шчоўкнуў каля яго носа запальнічкай. Прыемна!
Былі тосты, але нічога асаблівага. В. Закруткін, пісьменнік з Дона, перадаў прывітанне ад Шолахава. Пілатовіч паапладзіраваў, яго падтрымалі Марцэлеў і астатнія, у тым ліку я з Каваленкам. Паступова банкет падышоў да завяршэння. Ужо добра сцямнела. У «рафікі», іх было некалькі, сядалі на добрым падпітку, рагаталі, сардэчна развітваліся. Меўся ехаць і я, але Пілатовіч нечакана пацікавіўся:
— Недзе тут дача Макаёнка?
— Уладзімір Васільевіч, вы ў курсе? — падладзіўся да сакратара ЦК загадчык аддзела.
— Можна пашукаць, — прыкінуў я, — недзе каля шамякінскай, у Ждановічах.
«Шкада, — падумаў я, — што няма Лёшы Гардзіцкага, ён піша пра Шамякіна дысертацыю і часта гасцюе ў яго на дачы. Ён бы паказаў».
— Ну, дык паехалі! — не то прапанаваў, не то загадаў Пілатовіч. Я не быў п’яны, а цяпер канчаткова працверазеў, але кастрычніцкая ноч, цёмна, знайсці патрэбную дачу няпроста. Паехалі, з Марцэлевым, паперадзе.
Блукалі. «Волга» хісталася на калдобінах. Спынялі запозненых пешаходаў, пыталіся. Нарэшце натрапілі, асвяцілі хаціну фарамі. Гаспадар не спаў, адчыніў дзверы, папытаўся, хто. Запрасіў заходзіць.
— Даўно я шукаў сюды дарогі! — шматзначна сказаў Пілатовіч. Гэта трэба было разумець так, нібы ён шукаў кантакту з вядомым драматургам. Кантакту, які быў па нейкіх прычынах страчаны. Пасля я даведаўся (расказваў сам Макаёнак), што яны пасварыліся ў кабінеце Пілатовіча, які, паводле слоў Андрэя Ягоравіча, пачаў яго вучыць, «як пісаць п’есы», не перабольшваючы «крытычную дозу». Цяпер Макаёнак як бы ў стане творчага крызісу, аддаліўся ад жонкі, жыве на дачы адзін. Гасцям быў рады, крыху здзівіўся, кожнаму падаў руку. Дастаў са скрынкі і паставіў на стол бутэльку віна, запрасіў сесці.
— «Місket», — патлумачыў ён, ткнуўшы ў наклейку. — Вярнуўся нядаўна з Венгрыі (быў у складзе дэлегацыі ад СП СССР), там гэта самае дарагоевіно, а ў нас капейкі — рубель шэсцьдзясят пяць. Вось узяў у Ждановічах скрынку. Побач стаялі скрынкі з яблыкамі, з уласнага, відаць, саду, перакладзенымі сенам.
Пілатовіч, глянуўшы на скрынкі з яблыкамі, сказаў:
— Перад тым, як піць гарэлку, трэба з’есці кілаграм яблыкаў, і не будзеш п’яны.
— Нашто тады піць? — засмяяўся драматург.
Сакратара гэта нават быццам пакрыўдзіла.
— Вы заўсёды схільны чамусьці пярэчыць… — незадаволена хітнуў ён галавою.
— Не-е. Чаму вы так думаеце? Гэта я проста правяраю сябе, ці ўмею лагічна думаць. — Макаёнак адкаркаваў бутэльку, ляпнуўшы даланёю па донцу, разліў па шклянках віно.
— Ну, Андрэй Ягоравіч, а як працуецца? — нясмела ўступіў у размову Марцэлеў.
— Пакуль што без пэўнага выніку.
— Вось давайце за вынік і вып’ем! — прапанаваў Пілатовіч, узяўшы ў руку шклянку.
Усе, у тым ліку і я, чокнуліся і адпілі.
За акном, у начной цемені, упаў з дрэва яблык, пляснуўся аб зямлю. У Чорнага ёсць апавяданне пра восень, пра даспеласць у шырокім сэнсе гэтага слова. «Вераснёвыя ночы». Там у садзе з грушы валяцца даспелыя плады. Добра напісана, як яны, набіраючы хуткасць, грукаюць аб зямлю, наводзяць на роздум.