На стале — бутэлька «Кабернэ», закуска, пачак «Беламору».
Размова зайшла пра Маякоўскага. М. Лужанін неяк даваў мне чытаць кнігу «Воспоминания современников о Маяковском». Адна з аўтараў гэтых успамінаў — жанчына-мастачка — піша, што ў 20-я гады ў асяроддзі савецкай інтэлігенцыі модным было ўтвараць сямейныя шлюбы з трох чалавек: двое мужчын і жанчына, або дзве жанчыны і мужчына. «Такое было веянне часу», — патлумачыў Аляксандр Амвросьевіч.
— Было, — згадзіўся Рыгор Саламонавіч. — «Сексуальная рэвалюцыя», пра якую надта гучна гамоняць на Захадзе і якая мае нават сваіх тэарэтыкаў, такіх, як Маркузэ, пачалася не ўчора. Яе прадказаў Ленін: «В области брака и половых отношений, — лічыў ён, — близится революция, созвучная пролетарской». Новыя адносіны назвалі «грамадзянскім шлюбам» Восіп Брык, Ліля і Маякоўскі жылі разам грамадзянскім шлюбам. Але гэта складаная гісторыя. Гэта людзі неардынарныя. Восіп Брык і Ліля, як і Маякоўскі, шмат ездзілі па свеце, выконвалі розныя заданні, даручэнні высокіх службаў.
Маякоўскі быў чалавекам рашучым, бескампрамісным і самаўпэўненым, імкнуўся выглядаць нахабным, лідарам, непераможным любоўнікам.
Восіпа (ён быў вядомы працамі па вершаскладанні), пасля смерці Маякоўскага, зганіў Ілья Сяльвінскі, напісаўшы на сцяне дома, каля пад’езда, дзе жылі Восіп і Ліля, такое двухрадкоўе:
Здесь живет не Брик — исследователь стиха,
А шпик и следователь ЧК.
Заадно зганіў і Маякоўскага. Адразу як толькі яго не стала.
— Я пра гэта не чуў, — прызнаўся я.
— Пасля смерці У. Маякоўскага Л. Брык паспела пабыць жонкаю Прымакова — кавалерыста, героя грамадзянскай вайны, якога яна ўгаварыла паслаць ліст Сталіну ў абарону Маякоўскага. Гэта на гэтым лісце Сталін налажыў рэзалюцыю: «Маяковский был и остаётся лучшим поэтом нашей советской эпохи». Брык памёр у 1945 годзе. Цяпер Ліля жонка Васілія Катаняна — даследчыка творчасці Маякоўскага. У Парыжы ў яе сястра Эльза (Эльза Трыяле, замужам за Луі Арагонам).
Эльзу Трыяле я ведаю як французскую пісьменніцу, друкуецца ў «Иностранной литературе», у перакладзе на рускую мову.
Рыгор Саламонавіч закурыў і працягнуў гаворку:
— Ці ведаеце такога пісьменніка, як Барыс Пільняк?
— Ведаю. У КЛЭ пра яго артыкул. Аповесць «Голы год» чытаў, пра «кожаные куртки»…
— Напісаў ён шмат. Таксама, як і Маякоўскі, шмат па свеце ездзіў. Напісаў «Повесть непогашенной луны», у якой расказаў, як Сталін забіў Фрунзе. Між іншым, яе надрукаваў «Новый мир» у 1926 годзе. Увесь тыраж часопіса быў канфіскаваны. Чэкісты прыходзілі да падпісчыкаў на кватэру і забіралі часопіс у тых, хто выпісваў яго і паспеў атрымаць.
Пра ўсё пра гэта чую ў першы раз.
Спытаў у Бярозкіна: «А што такое трацкізм?» Трацкізм, Троцкі — пра іх маё пакаленне ведае няшмат, і гэтыя тэмы ніхто не абмяркоўвае. Калі часам чуеш, дык толькі «Иудушка Троцкий».
— Постаць неардынарная. Ленін давяраў Троцкаму бясконца. Гэта ж дзякуючы яму перамаглі ў грамадзянскай вайне, калі толькі ў такой вайне можна перамагчы. Выдатны, палымяны прамоўца. Умеў разварушыць чалавека. Апроч таго, і, можа, гэта самае галоўнае, ініцыятар сусветнай рэвалюцыі, яе тэарэтык. Абяцаў напаіць коней у Атлантычным акіяне. Але не ўдалося. Пасля вайны, калі пасябравалі з Кітаем, казалі: «Не вышло через Берлин — выйдет через Пекин». Між іншым, — Рыгор Саламонавіч зноў зацягнуўся сваім «Беламорам», — Троцкі назваў сталінцаў «тэрмідарыянцамі», гэта значыць, якабінцамі-адступнікамі, якія здрадзілі пралетарыяту ў імя новай буржуазіі, карыстаючыся стомленасцю рэвалюцыянераў і ўсяго народа. Пра ўсё гэта чую ўпершыню.
Бачыцца з Бярозкіным цікава, але калі падумаеш, што ў панядзелак з раніцы на работу, дык сумна ўздыхнеш.
31 сакавіка. Распагодзілася. Над зямлёй стаіць лёгкі, празрысты туманок.
Пётр Міронавіч за тое, каб чарговы пісьменніцкі з’езд, прызначаны на пачатак мая, адбыўся толькі ў новым Доме літаратара. Усе сілы кінуты на завяршэнне будаўніцтва.
Марцэлеў перайшоў на працу ў Акадэмію навук, але развітання не было, «адвальнай» чаркі не паставіў.
1 красавіка. Іван Навуменка пазваніў і запрасіў на працу ў Інстытут літаратуры, сваім намеснікам. Падумаў, што гэта першакрасавіцкі жарт, і так яму і сказаў. Іван Якаўлевіч пакрыўдзіўся:
— Што вы! Якія жарты! З работнікамі ЦК не жартуюць!
Калі так, дык прапанова сур’ёзная. У гэтай прапанове ёсць сэнс. Мне трэба больш пэўнае, «сваё» месца. Як-ніяк, у наступным годзе мне будзе сорак. Партыйная кар’ера мяне не цікавіць. Быць цаглінай у пірамідзе? Можна было б працаваць, але маральнага задавальнення не меў бы. Надакучыла, па праўдзе кажучы, мне гэтая мая служба. На памяць прыходзяць радкі (не памятаю, хто іх напісаў):