Творчасць! Яна нараджае шмат нечаканых пытанняў.
7 мая. Пачуў першы гром. Мякка, раскаціста грукатала далячынь, зычыла чалавеку здароўя і моцы, жадаючы падтрымаць яго сілы. «Не старэй!» — гаварыла гэтае грукатанне. Нібы атрымаўшы дазвол, прыпусціў дождж.
9 мая. Дзень Перамогі. «Свята са слязамі на вачах», якое з новай хваляй абуджае размовы пра тое, што было ў вайну, успаміны. Некаторыя кажуць, што ў 1941-м у палон трапіла чатыры мільёны. Жахлівая лічба! Гавораць пра памылкі камандавання, пра страх і жах, пра тое, як у спіну цэліўся заградатрад. Успамінаюць жывых, памінаюць мёртвых. Вялікая Айчынная вайна — цэлая эпоха ў нашым жыцці, глабальная падзея вялікага значэння, наступствы якой адчуваюцца і сёння. Сёння мы прыходзім да высновы, што вайна была куды больш пачварнай і бессэнсоўнай, чым гэта здавалася раней. Неяк з Іванам Гаўрылавічам успаміналі пісьменніка Алеся Рылько, які гэтак рана пайшоў з жыцця. Чыгрынаў сказаў, што яго дагнала вайна, ён, будучы ў партызанах, шмат перажыў. Для яго вайна сталася вельмі эксклюзіўнай.
Ваенныя і паваенныя чалавечыя лёсы нечаканыя і невытлумачальныя. Самую вялікую колькасць самазабойстваў далі тры пасляваенныя месяцы — май, чэрвень, ліпень. Факты былі абсалютна невытлумачальныя — канчалі з сабой не людзі, замешаныя ў супрацоўніцтве і г. д., а афіцэры з бліскучай біяграфіяй, з мноствам узнагарод, як той прыгажун-лейтэнант, пра якога расказвала ў Інстытуце літаратуры Эся Гурэвіч (медсястра ў часе вайны). Ён быў студэнтам БДУ, малады і, здавалася, нясумны, з цэлым каскадам ордэнаў і медалёў на кіцелі. Застрэліўся ў 1946-м, у Дзень Перамогі.
Часта можна пачуць: «Толькі каб вайны не было». Гэта таксама ўспамін пра Айчынную вайну (1941—1945 гадоў), хоць у аснове яго — нагнятанне сучаснага ваеннага псіхозу. Тым не менш, як ні дзіўна, памяць пра гераізм, пра трагічны гераізм, прытупляецца, і, відаць, нічога не зробіш, нічога, як гавораць у нас, у Кругелі, «не парадзіш», мінулае забываецца. Такі закон прыроды, закон энтрапіі. А можа, гэта і добра?..
Мінску даўно прысвоена ганаровае званне «Горад-герой», а ўзнагароды — ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» так і не ўручаны.
11 мая. Пачаў работу VІІ з’езд пісьменнікаў Беларусі. Уступнае слова тэмпераментна, махаючы рукамі, сказаў П. Броўка, які прыкметна паздаравеў пасля хваробы. Падзякаваў партыі і ўраду за падарунак пісьменнікам — новы Дом літаратара. Са справаздачным дакладам выступіў М. Танк. Гаварыў доўга. Хтосьці, здаецца Бураўкін, пажартаваў, што гаварыў чатыры з паловай гадзіны, а голас не толькі не сеў, а стаў яшчэ званчэйшы.
Ад рэвізійнай камісіі выступіў А. Зарыцкі. Звычайны даклад. Але перад гэтым Зарыцкі прыслаў у ЦК данос на М. Танка, быццам бы ён утойвае ганарар і не плаціць партыйныя ўзносы. Ад Зарыцкага ніколі такога не чакаў. Ціхмяны, марудлівы, маўклівы, але, відаць, точыць чалавека зайздрасць. Ці крыўда? Вельмі высокай думкі пра сябе, пра свой талент, а гэтага не заўважаюць. Вось і вынік. Мне прыгадалася сказанае У. Дамашэвічам на нядаўнім пісьменніцкім пленуме: «У нашым пісьменніцкім асяроддзі… няма шчырасці, добразычлівасці, многа зайздрасці, падколвання, падседжвання, падстаўлення ножкі, незычлівай усмешкі ў спіну. Няма радасці за чужы поспех. Ахайванне чужога і некрытычнае стаўленне да свайго ўласнага. Я — усё, астатнія — нішто. Ён адзін робіць літаратуру, астатнія — перашкаджаюць яму. Радасць, што нехта паслізнуўся, яшчэ большая, калі той нехта ўпаў і разбіў сабе галаву».
Не помню, каб Зарыцкаму як пісьменніку давалі нейкага медаля ці прэмію.
Вячэрняе пасяджэнне пачалося ў 1530. Як і на ранішнім пасяджэнні, прысутнічаў П. М. Машэраў і іншыя кіраўнікі. Адзін за другім падыходзілі да трыбуны П. Панчанка, І. Навуменка, І. Шамякін, М. Матукоўскі, Г. Бураўкін, А. Адамовіч, Н. Гілевіч, Я. Брыль, М. Дзялец і шмат хто яшчэ. У многім традыцыйнае: ура, ура і ўра! Але былі выключэнні. Я. Брыль сказаў (пераказваю): «Нават у лепшых творах — сумнае адчуванне недагаворанасці ў галоўным, недасказанасці, недапаказанасці. Невядома, што рабіць, каб быць дастойным чалавекам…»
На з’ездзе адзначаўся павышаны даследчыцкі пафас літаратуры, якая ўсё часцей вяртаецца да філасофскіх пытанняў маралі, сэнсу жыцця, ролі прыгажосці ў свеце. Трэба ставіць пытанні. Не абавязкова тыя, якія могуць быць вырашаны сёння, але ставіць іх неабходна.