Выбрать главу

9 чэрвеня. Бачыўся з Міколам, ён ужо ў Інстытуце культуры. Выгладзіўся, папаўнеў (жанаты). Адно — скардзіцца на левае вуха, недачувае, у вуху шуміць. Просіць пазычыць грошай, бо хоча купіць «Ніву». Пазычыў бы, але не маю такой магчымасці. Жывём ад зарплаты да зарплаты.

12 чэрвеня. Субота. Завітаў Іван Гаўрылавіч. Цяпер ён сакратар Саюза пісьменнікаў. Купілі ў маіх суседзяў бутэльку каньяку. Сядзім на кухні, размаўляем. Падышла маленькая Волечка — паглядзець, што гэта мы робім. Іван Гаўрылавіч пагладзіў яе па галоўцы, прыцмокнуў языком:

— Малая ты яшчэ. Будзеш вывучаць мяне ў школе.

Іван Гаўрылавіч распавядаў пра цяжкі перыяд свайго жыцця ў ваенную пару. Сям’я была вялікая, без бацькі. Жылі ў зямлянцы і вельмі галадалі. Нядаўна ён быў у камандзіроўцы ў Кіргізіі, дзе карэйцы частавалі яго смажанымі карэннямі папараці.

— Не ведаў, што гэта спажыўна. У вайну гэты корань многіх маіх аднапасельцаў выручыў бы, дапамог. Папараці ў нас шмат. Тым карэйцам папараць пасылаюць адсюль, ад нас.

16 чэрвеня. Даведаўся, што Коля Купрэеў бамжуе па Палессі, спыняецца ў знаёмых, перабіваецца выпадковым заробкам. Адзін час працаваў быў у Мінску, у «ЛіМе». Быццам бы кінуў якар, але ненадоўга. Паслалі ў камандзіроўку, і не вярнуўся. Ды і цяпер месца работы не трымаецца. У гэтым сэнсе Мікола Купрэеў нагадвае мне другога Міколу — свайго цёзку Міколу Лупсякова, які таксама любіў вандраваць. «Летам, — казаў, — кожны кусцік начаваць пусціць». Купрэеў надта падобны. Псіхалагічны тып валацугі. І жонак мяняе.

Пра яго кніжку (не помню ўжо назвы) я пісаў у «Дружбе народов».

З Колем я вучыўся у Брэсцкім педінстытуце. Купрэеў, помню, жыў у інтэрнаце ў адным пакоі са студэнтам-матэматыкам па прозвішчы Лось. Лось быў даволі дзівакаваты, хадзіў чамусьці не па тратуары, а па бруку (праўда, тады і аўтамабіляў было менш), харчаваўся выключна кабачковай ікрой. Стыпендыі на што іншае не хапала, але Лось з апломбам сцвярджаў, што лепшага прадукта для харчавання няма ў свеце. Залежаў ад стыпендыі, а навука давалася нялёгка. Матэматыку выкладаў прафесар Франкфурт, якога помню зімой і летам абгорнутым ад шыі да носа вязаным кашнэ, бо панічна баяўся прастуды, скразнякоў. На экзаменах быў выключна строгі. Коля пра свайго суседа прыдумаў верш (чаму запомніўся гэты «стишок», не ведаю):

О мудрый Лось,

О Лось великий!

И ты судьбу благословил,

Когда сам Франкфурт полудикий

Тебя «четверкой» наградил.

Што Коля сачыняе, сталі казаць ужо на другім курсе.

17 чэрвеня. Парады старадаўняга мудраца Ісака Сірына:

Никого не раздражай и никого не ненавидь;

Не воспламеняйся гневом;

Благотворением и честью уравнивай всех людей;

Бойся привычек больше, нежели врагов;

Будь дружен со всеми людьми.

Парады канкрэтныя і зразумелыя, апроч хіба што перадапошняй — «Бойся звычак…»

19 чэрвеня. Еду ў Маскву на VІ з’езд пісьменнікаў з гасцявым запрашэннем.

20 чэрвеня. Рагочуць з эпіграмы (прыпісваюць, як звычайна, Барадуліну):

Не трэба дэбаты,

Нашто нам падлікі:

Гілевіч цыбаты,

А Быкаў вялікі.

Мушу сказаць, што я з гэтай эпіграмай не згодны.

21 чэрвеня.VІ з’езд пісьменнікаў СССР пачаў пасяджэнне ў Вялікім Крамлёўскім палацы. Прыйшоў Л. І. Брэжнеў з «соратниками» — усё Палітбюро. З дакладам выступіў Г. М. Маркаў. Потым пачаліся прывітанні ад замежных гасцей і выступленні. Зашмат казёншчыны. Некаторыя выступленні гучалі як самапрапаганда, самарэклама. Пісьменнік, забыўшы пра сціпласць, расказвае, які ён таленавіты і як яго любяць чытачы. Вялікая зала поўная. Можна ўбачыць абліччы прадстаўнікоў усіх народаў і нацый Савецкага Саюза. І хто гэта прыдумаў паняцце «новая историческая общность людей», быццам у СССР ужо адна нацыя — гэтая «историческая общность»? Не, не адна, і па пісьменніках гэта добра відаць. І не толькі па творах, але і па абліччах, паводзінах, па ўсім менталітэце.

22 чэрвеня. Усе дэлегаты з’езда размешчаны ў гасцініцы «Россия». Намі, як заўсёды, апякуецца Валянціна Міканораўна Шчадрына — залаты чалавек, зямлячка. Жыву ў адным нумары з А. Кулакоўскім на дзявятым паверсе. Прыходжу позна — Аляксей Мікалаевіч ужо спіць. Узрост. У яго — да гэтага не даводзілася бачыць — глыбокая яміна на грудзях. След франтавога ранення. Ціхманы Кулакоўскі камандаваў ротай штрафнікоў, але расказваць пра гэта не любіць. Колькі працую з ім, ніколі не бачыў, каб ён павесіў на грудзі свае ўзнагароды. А мае — і ордэн, і медалі!