Побач, праз калідор, пасяліўся П. Панчанка. На лацкане пінжака дэпутацкі значок.
Дэлегаты шмат выпіваюць, але пісьменнікі — народ трывалы, ходзяць роўна, з годнасцю.
Каля Шамякіна круціцца перакладчык Гарбачоў.
Разам з Лужаніным сустрэлі Л. М. Навічэнку і вечарам добра пасядзелі ў рэстаране ЦДЛ. Пагаварылі аб усім. Леанід Мікалаевіч — добры апавядальнік, расказчык. Асабліва цікава расказваў пра пісьменніка Уладзіміра Бяляева — аўтара рамана «Старая крепость», які я чытаў у дзяцінстве.
З П. Панчанкам паглядзелі выстаўку мастака Аляксея Пластава ў Манежы. Я люблю работы гэтага мастака за яго назіральнасць, удумлівасць, пластыку, нейкае своеасаблівае, скупое багацце фарбаў, пачуццё каларыту. З дзяцінства помню — па рэпрадукцыі з нейкага часопіса — яго карціну «Немец пролетел». Яна была на гэтай выстаўцы.
Панчанка выстаўкай, «рэалізмам» быў расчулены, сказаў, што абавязкова напіша верш.
У Маскве, у выяўленчым мастацтве, шмат школ, нямала цікавых майстроў. Няблага было б убачыць карціны Ільі Глазунова, пра якога гавораць усё больш.
Вярнуўшыся, сядзелі ў нумары за бутэлькай віна. Пімен Емяльянавіч з усмешкай расказаў пра маскоўскага паэта Сямёна Кірсанава. Гэта вельмі вядомы паэт, я ведаю яго вершы — віртуоз! Панчанка сустрэўся з ім на Бранскім фронце, працавалі ў адной газеце. Ці, калі сказаць па-вайсковаму, служылі. Баязлівец. Пастаянна насіў каску і падбіраў у лесе газетныя паперкі, каб не дэмаскіравалі. Паперкі маглі ўбачыць з самалёта.
— А дзе Чыгрынаў? — пытаецца Пімен Емяльянавіч. — Луконін хваліў мне яго рыжыкі.
Чыгрынаў сустракаўся са сваім перакладчыкам. Замест яго зайшоў Алесь Асіпенка. Чалавек пракідкі, ён ужо паспеў пачуць некалькі маскоўскіх эпіграм. Адну агучыў:
Был я молод — водку пил
И читал Аверченко,
А теперь я вот купил
Однотомник Верченко.
Гаворка ідзе пра тоўсты тэлефонны даведнік СП СССР (я таксама яго купіў), які склаў сакратар СП Ю. Верчанка — былы камсамольскі дзеяч. Прозвішчы і тэлефоны пісьменнікаў усяго Савецкага Саюза.
Забег Янка Брыль, і з яго прысутнасцю гаворка перайшла на Льва Талстога, вялікім прыхільнікам якога Янка Брыль з’яўляецца. Я, між іншым, сказаў, што Талстому, пры ўсёй яго шматграннасці, зусім не было ўласціва пачуццё гумару. Асіпенка запярэчыў, а Брыль згадзіўся. Панчанка таксама згодны.
Разышліся позна.
Кулакоўскі выглядае жанчын і, здаецца, адну прыгажуню ўжо нагледзеў. Просіць мяне дапамагчы пазнаёміцца. Купіў ужо для знаёмства бутэльку віна «Узбекистон» і сыркоў на закуску. «Небагата, — падумаў я, — нават скупа». Але Аляксею Мікалаевічу пасаромеўся казаць. Хаця, калі ён выбраў мяне за «свата», мог бы.
24 чэрвеня. Падзяліліся на секцыі. Гэта правільна, бліжэй да літаратуры, можна пагаварыць пра яе ўнутраныя праблемы. Пайшоў на секцыю «Сучасная савецкая літаратура і сусветны літаратурны працэс», якая працавала ў Інстытуце сусветнай літаратуры імя Горкага на вуліцы Вароўскага. Гаворка ішла ў асноўным пра раман. Выказвалася думка, што раман змагаецца з энтрапіяй, ратуе чалавецтва ад бяспамяцтва і забыцця, захоўвае на сваіх старонках жыццёвы вопыт у яго канкрэтна-пачуццёвых формах. Я слухаў і мне падалося, што наш беларускі раман выглядае ў гэтым сэнсе прыстойна.
Сучасны беларускі раман — у лепшых сваіх узорах — спалучае ў сабе паказ і раскрыццё, мастацтва і адлюстраванне. Доказ таму можна знайсці — калі браць абсяг апошніх двух-трох гадоў — у раманах І. Мележа, І. Чыгрынава, В. Адамчыка (знаёмы з урыўкамі), І. Шамякіна, І. Навуменкі, В. Хомчанкі і іншых пісьменнікаў, дзе бачны і знешні, «падзейны», і чалавечы, «асабовы», план жыцця, узятага ў вельмі напружаных сацыяльна-псіхалагічных вымярэннях. Тут чалавек вывучаецца таксама ў вельмі складаных, крытычных сітуацыях і абставінах, якія дазваляюць убачыць яго наскрозь.
Раман наогул стаў для некаторых — гэта можна пачуць ад многіх — нейкім прэстыжным жанрам. Што там, маўляў, апавяданне! Пішу раман, —часта чуецца ў асяроддзі літаратараў і ў сталіцы, і ў іншых месцах. Сапраўды, раманны «бум»! А між тым сучасны перыяд развіцця літаратуры мае асаблівую патрэбу ў развіцці менавіта апавядальных жанраў «малой прозы» — навелы, нарыса, публіцыстыкі, закліканых прыкмячаць і адкрываць новае ў жыцці, у чалавечым светаадчуванні, «фармуляваць» гэтае новае і выносіць на суд чытача.
Зрэшты, не варта супрацьстаўляць адно другому.
Не надта пашанотна выказаўся пра Шолахава Ежы Путрамент, у тым сэнсе, што «Ціхі Дон» ужо ўстарэў. Гэта надта пакрыўдзіла нашага Івана Паўлавіча. Мележ хацеў даць самаўпэўненаму Путраменту «адлуп», але адчуваў сябе не ў форме, болей, чым звычайна, гнуў набок галаву.