Выбрать главу

Да юбілею ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Дакументы на ўзнагароджанне пісьменнікаў — у сувязі з юбілеямі, святамі і іншымі нагодамі — рыхтую я. Гэта мой абавязак.

3 снежня. Слухаў лекцыю для работнікаў апарата пра міжнароднае становішча. Чытаў лектар ЦК КПСС. Сказаў між іншым, што партыя і ўрад робяць усё для ўмацавання абароны, што «нарошчвае тэмпы лёгкая прамысловасць». Перашкаджаюць «засуха» і «навадненія».

Сапраўды, у ГДР, напрыклад, у «ограниченном контингенте» — паўмільёна чалавек, дзясяткі палігонаў. Пра гэта прыгадваеш, слухаючы песню «Огромное небо».

5 снежня. Група польскіх пісьменнікаў у Мінску. Адбылася сустрэча ў СП. З гарэлкай. Загаварылі, падпіўшы, пра Сянкевіча. П. Пестрак (быў на падпітку — ?) сказаў:

— «Огнем і мечом» — біблія польскага шавінізму. Польскія пісьменнікі з гэтым не згадзіліся. «Пан жартуе», — азваўся хтосьці з іх. Падобныя пікіроўкі і сапраўды лепш за ўсё успрымаць з жартам, з гумарам, прынамсі, памяркоўна, знаходзіць дасціпны адказ. Неяк прыязджаў у Мінск Уладзіслаў Бранеўскі. Беларускія пісьменнікі прымалі яго ў Каралішчавічах, у Доме творчасці, накрылі стол. Пан Уладзіслаў падпіў і ўспомніў польска-савецкую вайну 1919—1920 гадоў, у якой ён удзельнічаў, ды і кажа: «А пад Баранавічамі, панове, мы вам усыпалі, як трэба». Наступіла няёмкая паўза, і першым ачомаўся Броўка, чалавек даволі гарачы, які таксама быў на падпітку.

— Але ж потым! Потым! — загаманіў ён. — Як далі! Як далі!

Усе зарагаталі, у тым ліку і Бранеўскі, і, напэўна, яшчэ болей запаважалі адзін аднаго. Гэта мне расказваў сам Пятро Усцінавіч. 8 снежня. Прыехаў з Масквы Н. Пашкевіч, цяпер ён рэдактар нейкага аддзела «Правды». Пасада мае вагу, але, прызнаецца, «цягне дадому». 10 снежня. Меў гонар прысутнічаць на семінары творчай моладзі ў Наваполацку. Удзельнікі — маладыя паэты, празаікі, мастакі, кампазітары, артысты з усёй Беларусі. Праводзіў семінар ЦК ЛКСМБ. Былі, як звычайна, госці з Масквы. Няблага было б запрасіць таго-сяго і з іншых рэспублік, але гэтага чамусьці не практыкуецца. Летам пазамінулага года на такі ж семінар на Свіслачы прыязджаў з Масквы філосаф Васіль Талстых. Помню яго пытанне: «Калі б тапіліся Ландау і нейкі Іваноў, дык каго б вы ратавалі першага?» Пытанне сталася нечаканым, і не ўсе ведалі, як на яго адказаць. Ёсць пытанні, маральнага характару, адказ на якія падказвае сам час, час, у які ты жывеш…

Словам, запрашэнне гасцей трэба вітаць, яны будзяць думку, узбагачаюць. На гэты раз з Масквы былі вядомыя літаратурныя крытыкі В. Кожынаў і А. Міхайлаў. Даволі цікава выступалі па праблемах сучаснай (рускай) літаратуры, як бы ў дыялогу, змяняючы адзін аднаго і, мне падалося, не надта звяртаючы ўвагу на тое, ці іх хто чуе. Той-сёй усё ж такі пачуў, і не ўсе згадзіліся з неаславянафільскім ухілам у іх развагах. Той-сёй пачаў пярэчыць. Выступаць перад моладдзю няпроста, бо гэта публіка не толькі патрабавальная, яе так і падмывае на спрэчку. З гаворкі гасцей выходзіла, што аповесць В. Бялова «Звыклая справа» лепшы твор сучаснай літаратуры. У процівагу гэтаму былі названы творы Быкава, Мележа, Шамякіна. Бакі не паразумеліся, і, магчыма, гэта спарадзіла адасобленасць. Пасля вячэры госці ў сваім нумары выпівалі адны. Я жыў па суседстве і чуў, як грымелі чаркі са звонкага шкла завода «Неман». Ішла гучная размова і гучалі вершы. Слоў не разабраць, але водгалас магутны. Тосты і вершы. Звіняць чаркі і чытаюцца вершы. Цютчаў: «Умом Росию не понять…», потым яшчэ і яшчэ. Пераваліла за поўнач, але масквічы не зважалі на час. Я нават пазайздросціў. Я таксама люблю вершы, аднак, відаць, не ў такой ступені і не з такой раскаванасцю духу. Беларус.

Хацеў пастукаць, напрасіцца ў госці, далучыцца да гэтага натхнёнага вершагаварэння, але пасаромеўся. Беларус.

Маскоўскіх паэтаў (і не толькі паэтаў) добра ведае наш Р. Бярозкін, высока ставіць Твардоўскага, Слуцкага, Ціханава, Глазкова, Святлова. Здзіўляецца вострай і нейкай нязмушанай дасціпнасці двух апошніх. Аднойчы ён чуў і расказваў мне, як Святлоў сказаў пра паэта Уладзіміра Лугаўскога: «Ён помнік, які прапіў свой п’едэстал». Са смакам цытуе Мікалая Глазкова:

Если встретишь Нефертити,

Не хватай ее за тити.

Адкуль толькі ўсё ведае!

18 снежня. Памёр Пятро Глебка. Звярнуў увагу, што на пахаванні не было ні Броўкі, ні Крапівы. Дзе яны падзеліся?

Кажуць, што чалавек пасля сябе не можа пакінуць нічога лепшага, як добры ўспамін. Здаецца, гэта менавіта такі выпадак, выпадак з Глебкам. Я запомніў колішняе выступленне П. Глебкі на адным са сходаў у Акадэміі навук, яго словы:

«Калі ў маёй памяці ўстаюць словы Багушэвіча: «Не пакідайце роднай мовы, каб не памерці», у мяне па скуры прабягае мароз. Яны гучаць, як труба архангела, што склікае на страшны суд».