Выбрать главу

3 лютага. Пісьменнік, член партбюро, генерал Аляксееў паскардзіўся сакратару партарганізацыі Кулакоўскаму на прыстарэлага Янку Маўра. Аляксееў накіраваўся да яго ўзяць партузносы, не ведаючы пра Маўравы сюрпрызы, з якімі ён часта сустракае гасцей. На гэты раз дзівак падклаў пад ножкі крэсла, у якое павінен быў апусціцца генерал, петарды. Петарды самаробныя, але бухнулі, як сапраўдныя, з дымам. Баявы генерал не ўцяміў, што адбылося, ускочыў і кінуўся ў дзверы. Гаспадар хацеў спыніць і, магчыма, павініцца, але яму гэта не ўдалося.

На наступны дзень да Маўра паслалі Карпава, былога разведчыка, які, як сказаў Кулакоўскі, лепш можа ацаніць абстаноўку. Кулакоўскі не памыліўся, Маўр партузносы-такі заплаціў.

4 лютага. На імя Пілатовіча прыйшоў ліст ад Алеся Адамовіча. Аўтар «Войны под крышами» інфармуе сакратара ЦК адносна нейкага К. Пагоцкага, які пазнаў сябе ў рамане ў персанажы Казіку Жыгоцкім і, мякка кажучы, вельмі незадаволены гэтым (даслаў скаргу ў «Беларусьфільм»).

6 лютага. Паслалі ў Маскву, у ЦК КПСС, за подпісам Пілатовіча просьбу, каб дазволілі газету «Літаратура і мастацтва» («ЛіМ»), якая выходзіла два разы на тыдзень, ператварыць у тыднёвік такой жа назвы, меншым фарматам (палавіна паласы «Праўды»). Гэта — даўняя просьба кіраўніцтва СП і рэдакцыі «ЛіМа». Папера тая ж, аб’ём захоўваецца, а магчымасцей для публікацыі літаратурных твораў (асабліва прозы, апавяданняў) болей.

Можа, адгукнуцца?

11—12 лютага. Працавала міжрэспубліканская канферэнцыя-сімпозіум «Савецкі рабочы і яго вобраз у нашай шматнацыянальнай літаратуры». З’ехаліся госці. З Варашылаўграда прыехаў пісьменнік Уладзіслаў Цітоў — без абедзвюх рук. Былы шахцёр, пакалечыўся ў выніку выбуху на шахце. Даглядае яго жонка — прыгожая маладзіца. З Вільнюса з’явіўся В. Пяткявічус — аўтар рамана «Група таварышаў». Ад «Литературной газеты» Ф. Таўрын.

Нашы: Пестрак, Спрынчан, Карпюк, Маўзон, Мыслівец. Прысутнічаў дырэктар маторнага завода У. Ражкоў.

Мелі месца абмеркаванне, спрэчкі. І. Шамякін, адкрываючы сімпозіум, сказаў: «У Мінску ў восем разоў павялічылася насельніцтва ў параўнанні з даваенным, разоў у пяць павялічылася колькасць пісьменнікаў, якія жывуць толькі ў Мінску, не кажучы ўжо пра тых, што жывуць у іншых гарадах. Але колькасць твораў, на жаль, не вырасла. А галоўнае, яшчэ болей марудна растуць мастацкія вартасці твораў на тэму пра рабочы клас у параўнанні з творамі на іншыя тэмы — тэмы вясковыя, тэмы нашай гісторыі, на тэмы баявых подзвігаў нашага народа». Мне цікава было паслухаць Пестрака, старога камуніста-капэзэбаўца. Я таксама паспеў запісаць некалькі яго думак:

«Пра мараль і эстэтыку. Адчуваецца, што ў гэтым сэнсе сярод новага пакалення ламанне нейкае адбываецца, няма ўстойлівых норм паводзін. Адчуваецца ігнараванне старых норм. Але ж яно, новае пакаленне, будзе будаваць камунізм ужо ў складанейшых дасягненнях тэхнікі і навукі… Ключ да ўсяго, зразумела, асвета, адукацыя, якія штурхаюць новых людзей у яшчэ нязведаныя нетры агульнанароднага руху…»

Выступаў У. Юрэвіч. Ён прыхільнік таго, каб аднолькавую ўвагу удзяляць — гораду і вёсцы, 50 на 50.

Не ўтрымаўся, выйшаў да трыбуны Аляксей Карпюк, стаў казаць пра непарадак у сваім Гродне, пра, як ён сказаў, «хлеб на асфальце». Гараджане не шануюць хлеб, не даражаць харчамі, выкідаюць на сметнік харчовыя адыходы. Пяць тысяч тон харчовых адыходаў у год — паводле яго падлікаў — ідзе на сметнік!

Нехта гукнуў:

— Не па тэме гаворыш!

Прамоўца сумеўся і тут жа скончыў заклікам як найхутчэй вырашыць гэту праблему. Такім людзям, як Карпюк, па менталітэце наканавана змагацца. Змаганне — самы, відаць, глыбінны сэнс яго жыцця. Загану ён знойдзе ўсюды і ў кожным.

Пра многае гаварыў В. Пяткявічус, у прыватнасці, ён зазначыў: «Камсамол зжыў сябе як арганізацыя моладзі». Гэта было нечакана для ўсіх.

Выступалі яшчэ. Госць з Варашылаўграда У. А. Цітоў сказаў літаральна так: «Меня интересует такой аспект. Почему мы сидим здесь за этим столом на этом симпозиуме и говорим о токарях, слесарях, шахтерах, т. е. тех, кто стоит у станков, кто добывает этот уголь, а не сами стоим у станков и в шахтах, где добывается уголь?..» Пагадзіліся ўсё ж такі на тым, што адной тэхналогіі для пісьменніка мала, што за тэхналогіяй павінна быць чалавечая душа.

Вынікі гаворкі дыпламатычна падвёў Янка Брыль. «Искусство, — напомніў ён словы Л. М. Талстога, — есть микроскоп, который наводит художник на тайны своей души и показывает эти общие всем тайны людям». Але як адшукаць гэтыя «тайны» ў вытворча-тэхнічным працэсе, у бразгаце жалеза — няясна. Ясна адно: каб праца была не проста вытворчай тэмай, а паказвалася, асэнсоўвалася шырэй — як быццё, дзеянне. Да гэтага калісьці заклікаў Горкі.