Трэба, кажучы інакш, каб у абсягах рабочай тэмы чалавек выступаў не проста як носьбіт пэўных (хай сабе і дадатных) якасцей — вытворчых, маральных, эстэтычных і інш., гэта значыць, спрошчана, схематычна, а як істота цэласная.
17 лютага. К. Кірэенка на вечары ў СП расказваў пра сваю паездку ў ЗША ў складзе беларускай дэлегацыі на Генеральную Асамблею ААН. Адчуваецца, што ад класавых пазіцый не адхіляўся.
25 лютага. Сонца і мароз. Пяць градусаў. У бібліятэцы (на цокальным паверсе) узяў раман Дастаеўскага «Братья Карамазовы». У студэнцкую пару прачытаў спехам, рыхтуючыся да экзаменаў. Пачытаю больш уважліва.
27 лютага. А прыемна вярнуцца пасля работы, вечарам, дадому, дахаты, у цёплую, нягледзячы на шчыліну ў куце, кватэру. Гэта нават арыгінальна, непрывычна: праз шчыліну бачу снег, але цёпла, топяць апантана, як у тым варшаўскім публічным доме. Помню шарж у «Шпільках». Такіх «дамоў» цяпер у сацыялістычнай Варшаве быццам бы і няма, але на малюнку прастытутка крычыць уніз качагару: «Перастаньце тапіць! Партнёры пацеюць і выкоўзваюцца з рук!»
1 сакавіка. П. Броўку прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы за 1969 г. за кнігі «Заўсёды з Леніным» і «Між чырвоных рабін».
У галіне журналістыкі прэмію атрымала Вера Палтаран за зборнік нарысаў «Ключы ад Сезама». За гэтую прэмію стаяў я. Гэта жывая нарысавасць, пазначаная жыццёвасцю сваіх вытокаў і творчым неспакоем. Добрая мова.
3 сакавіка. У «ЛіМе» змешчаны «Адказ гісторыку» навуковых супрацоўнікаў Інстытута літаратуры імя Я. Купалы. Правільна робяць мае калегі, што адбіваюцца, ставяць хулігана на месца.
6 сакавіка. Пятніца, але ва ўсю ішла падрыхтоўка да жаночага свята 8 Сакавіка. Куплялі кветкі, цукеркі, гарэлку (па адной бутэльцы). Ва ўсіх установах вечары, шмат афіцыйных дакладаў пра роўнасць савецкай жанчыны з мужчынай. «У нас дэмакратыя, — з гонарам гавораць дакладчыкі, — мужчына і жанчына роўныя, дыскрымінацыі няма». Але, думаю, роўнасць — гэта не толькі палёгка, але і цяжар, асабліва для жанчыны.
8 сакавіка. Заходзіў Юзік Скурко, чытаў новыя вершы. Відаць, цяжка яны яму даюцца. Лепш выходзяць вершы сюжэтныя. Вось на іх і трэба звярнуць увагу.
Выйшлі пагуляць. На тратуары шмат вераб’ёў. Надта не ладзяць паміж сабой, б’юцца, ажно пух ляціць. Верабей — птушка патрэбная. Кітайцы — разумныя, здавалася б, людзі — знішчылі сваіх вераб’ёў, а цяпер купляюць за мяжой.
9 сакавіка. Нядзеля. Чытаў «Братьев Карамазовых». Тыпы арыгінальныя да неверагоднасці. Савецкая літаратура і крытыка пакінулі мастацкі вопыт Дастаеўскага ўбаку, хаця час ад часу згадваюць. У 30-я гады толькі ў адмоўным плане. Вядомы крытык В. Шклоўскі абвясціў: «Дастаеўскага нельга зразумець па-за рэвалюцыяй і нельга зразумець інакш, як здрадніка». Гэта было ў 1934 г., на Першым Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў. Сёння ўсталяваўся іншы погляд на Дастаеўскага — як на тонкага псіхолага і гуманіста, які праўдзіва адлюстраваў сацыяльныя кантрасты свайго часу, сутыкненні яскравых і самабытных рускіх характараў і страсныя пошукі чалавечай і грамадскай гармоніі.
Дастаеўскі ўплываў на творчасць многіх пісьменнікаў, у тым ліку, думаю, і на беларускіх. Прыхільнік гэтай думкі — Алесь Адамовіч.
12 сакавіка. Старшыня СП М. Танк, сакратары І. Шамякін, І. Мележ, Я. Брыль, П. Панчанка, М. Ткачоў у С. Пілатовіча. Гаворка пра новы Дом пісьменніка, пра аб’яднаны пленум творчых саюзаў рэспублікі, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Леніна.
Пастаўлена задача, каб вобраз правадыра, «самага чалавечнага чалавека», удасканальваць і ўзвышаць. Старыя шаблоны сёння не пераконваюць, трэба новыя падыходы.
Пілатовіч незадаволены, што ролю Леніна ў нейкім тэатры даручылі акцёру па прозвішчы Трус. Дык што рабіць беднаму акцёру? Мяняць прозвішча?
Гаворка пра Аляксея Карпюка. Маюць, відаць, здымаць яго з пасады сакратара Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў. Танк спрабаваў бараніць Карпюка, успамінаў маладосць, сваё выступленне ў Віленскім універсітэце (пры Польшчы), калі камсамольцы, у тым ліку і Аляксей Карпюк, ахоўвалі яго ад хуліганаў, знаходжанне ў партызанах, нешта яшчэ. Пілатовіч на гэта нічога не адказаў, прамаўчаў. У рэзюмэ ён зазначыў:
«Я думаю, такая арганізацыя, як Саюз пісьменнікаў, павінна лічыць для сябе не толькі магчымым, але і абавязковым выйсці за рамкі сваіх унутраных пытанняў і займацца пытаннямі рэспублікі ў цэлым і пытаннямі больш шырокімі, чым яны сёння разглядаюцца. Бо гэта самая кваліфікаваная з усіх творчых партыйных арганізацый краіны, гэта бясспрэчна, і ні ў кога не можа быць якіх-небудзь крыўд, ні ў мастакоў, ні ў кампазітараў, ні ў кога іншага. Вось мы хацелі гэта пачуць.