31 сакавіка. Усе ў аддзеле без настрою. Шкада Станіслава Антонавіча. Хай бы хутчэй паправіўся.
1 красавіка. Дзень падманаў, ці, як яшчэ кажуць, дзень дурняў. Ведаеш, але ўсё роўна трапляеш у непамыснае становішча.
7 красавіка. Ноччу зноў грымела і па небе сягала маланка. Аднак хораша ўзыходзіла сонца, нагадаўшы мне раман Кулакоўскага з аднайменнай назвай. Удзень было 13 градусаў цяпла. Многія паздымалі верхняе адзенне, абыходзяцца пінжакамі. Вясна — ранняя.
Замест газеты «Літаратура і мастацтва» выходзіць тыднёвік і выглядае больш па-сучаснаму.
10 красавіка. Камусьці з сакратароў ці іх сямейнікаў не падышоў дыяганалевы плашч, узяты на гандлёвай базе. Машэраўскі целаахоўнік Вася (па забеспячэнні) прычапіўся да мяне (мусіць, яму здалося, што я па фігуры якраз пад гэты плашч падыходжу):
— Бяры!
Выйшлі з кабінета ў самы канец калідора, каля ліфта. Я прымераў. У плячах плашч быў вузкі.
— Вузкі, — канстатаваў я.
— Чаму вузкі?
— Бо не на мяне шыты.
— А чаму дзярзіш? Як фамілія? — Яго твар зрабіўся злосным і грозным.
— Пры чым тут фамілія?
— Так чаму не бярэш? Ну, ладна! — сказаў ён і адстаў.
Хай нясе назад, дзе браў.
12 красавіка. Дзень касманаўтыкі. Помню 1961 год, калі паляцеў Ю. Гагарын. Я тады служыў у арміі. Роту паставілі на плацу, на «смірна», і камандзір віншаваў. У асваенні космасу мы адзін час перагналі былі ЗША, а цяпер не інакш, як даганяем.
15 красавіка. Добра сядзець у цёплым кабінеце, бо за вокнамі дождж са снегам. А зусім нядаўна было трынаццаць градусаў цяпла. Надвор’е — як само жыццё.
Працуем над дакладам П. М. Машэрава да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна.
16 красавіка. Усе работнікі нашага аддзела атрымалі медаль «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина». Уручаў загадчык аддзела. Мне не дасталося. «Молодой, — сказаў Парватаў, — у вас всё ещё впереди». Я не пярэчыў. Маю медаль «За освоение целинных земель». Ну і што?
18 красавіка. Суботнік. Зноў на бетонных работах. Рабілі пляцоўку пад новы цэх на МТЗ. Зноў чарга самазвалаў з вадкім бетонам. У рамане М. Шагінян «Гідрацэнтраль» будаўнікі Ленінабуда, апантаныя лозунгам «Даёшь пятилетку в четыре года», працуюць з прыпеўкамі:
Петух кричит: ку-ка-ре-ку!
А мы кричим — даешь кирку!
Мы моўчкі завіхаемся з бетонам.
— Заморышся пыл глытаць, — паскардзіўся Валерый Сяргеевіч, калі ішлі на абед.
Дзіва што! Апроч алоўка, нічога ў руцэ не трымаўшы.
Дамоў пусцілі ў другой палавіне дня, пачуваў сябе змораным. Калега Лабун ходзіць сагнуўшыся. Чую, нешта і мне закалола ў пахвіне. Што гэта можа быць? Але нічога. Даўняя ісціна: што не забівае — робіць нас мацнейшымі.
20 красавіка. Недзе ўжо год, як я тут. А як там Інстытут літаратуры? Часам сумую. Цікавыя ўсё ж такі там людзі — Н. Перкін, М. Грынчык, А. Адамовіч, А. Коршунаў…
24 красавіка. Урачыстае пасяджэнне ў Палацы спорту, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна. Даклад П. М. Машэрава. Шматлюдна. Пасля даклада — урадавы канцэрт. Спецыяліст па ўрадавых канцэртах — намзагаддзела Я. Б. Парватаў. Калі рыхтуюць урадавы канцэрт, ён заўсёды прысутнічае на здачы. Задача яго, як ён сам кажа, «шчакатлівая». Усякае можа здарыцца. Паводле яго слоў, у Маскве пры Сталіне такія абавязкі выконваў Храпчанка. Калі ў Вялікім тэатры — было гэта пасля вайны — ставілі оперу «Барыс Гадуноў», паўстала пытанне са славутай сцэнай «У Кромах». Да рэвалюцыі яе ставілі, але ж гэта было да рэвалюцыі. Храпчанка як начальнік Камітэта па справах мастацтваў звярнуўся ў ЦК: ставіць «У Кромах» ці не ставіць. Справу разглядалі на Палітбюро. Пасля таго, як Жданаў далажыў, пра што ідзе гаворка, усе доўга маўчалі, чакалі, як Сталін. І той, вытрымаўшы паўзу, абвясціў:
— Сцэну «У Кромах» паставіць, Храпчанку — пасадзіць!
Тут жа двое малойцаў схапілі Міхаіла Барысавіча пад рукі і пацягнулі з залы. І тут здарылася нешта нечаканае і неверагоднае: Міхаіл Барысавіч высока задраў галаву і гарлавым голасам, як певень, закукарэкаў: «Ку-ка-рэку!!!» Палічылі, што чалавек звар’яцеў. Такім чынам Храпчанка пазбег Гулагу і трапіў у псіхбальніцу.