На думку правадыра, ён праявіў палітычную тупасць, не ўцяміў патрабаванні «моманту». А момант быў такі, што сцэну «У Кромах» трэба было ставіць.
27 красавіка. Цёпла. Гняздо на бярозе атулілася зялёнай лісцвяной наміткай, за лісцем яго і не відаць. Але не чуваць пчол. Ёсць прыкмета: «У красавіку не лётаюць пчолы — спадзявайся халадоў і слаты». А можа, іх патравілі гербіцыдамі?
28 красавіка. Размова з Міколам Ткачовым, аўтарам схематызаванага рамана «Згуртаванасць» і цудоўнага апавядання «Краіна Цыганія». Ён часта курыць і лыпае вачыма. Не то ад здзіўлення, не то ад страху. Але збянтэжаным я яго не бачыў. Я з прыхільнасцю стаўлюся да Міколы Гаўрылавіча.
— Нешта я даўно ўжо нічога вашага не чытаў.
— Пішу… — Ён паглядзеў на мяне, нібы выпрабоўваючы.
Партыйныя ідэолагі не любяць, калі пісьменнік піша «не так», але і не любяць, калі ён наогул маўчыць. Гэта насцярожвае. Падумаць, дык яно і сапраўды, калі пісьменнік маўчыць, ён фактычна выпадае з-пад крытыкі, яго ўжо «не дастаць».
Каб супакоіць, я сказаў:
— Але ж вам хапае клопату і па Саюзу пісьменнікаў.
Міколава мянушка ў Саюзе пісьменнікаў — «Руды».
29 красавіка. Атрымаў і я медаль «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина». Відаць, аказаліся лішнія. Але дзякуй!
30 красавіка. Атрымаў у размеркавальніку прадукты. Даюць — бяры, б’юць — уцякай. Але, калі што, не надта і ўцячэш.
Настрой — перадсвяточны.
1 мая. Быў на дэманстрацыі працоўных. Пісьменнікаў на гэты раз не выпускалі. Можа, гэта і да лепшага. А дзень цёплы, сонечны. Пра такі час кажуць: ласкавы май. На гасцявой трыбуне ўгледзеў сакратара партарганізацыі СП А. Кулакоўскага. Павіталіся.
Быў у гасцях у брата Лёні. Пасля дэманстрацыі народ выпівае сваю «законную» першамайскую чарку.
6 мая. Па старых традыцыях сёння Юр’я. На Юр’я мы, пастушкамі, выганялі на пашу кароў, на Панскае. Рана даводзілася ўставаць — гадзін у шэсць, калі гаспадыні падояць кароў.
8 мая. На вуліцы, як звычайна ў гэты дзень, шмат людзей. З медалямі, ордэнамі, стракатымі значкамі. Некаторыя ўжо на падпітку. Хто яны — героі? Хутчэй тыя, каму пашанцавала. Але я не супраць, каб іх называлі героямі. Сустрэў вечарам на праспекце Бярозкіна, ён прыкметна хвалюецца, курыць адну папяросу за другой, свой «Беламор». Павіншаваў яго з надыходзячым святам. У яго, ведаю, шмат узнагарод, ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, але чамусьці не пачапіў. Можа, пачэпіць заўтра? Прайшоў вайну ад пачатку да Берліна.
9 мая. Святкавалі свята Перамогі. Гулянні, аркестры, песні, перапоўненыя кафэ і рэстараны.
Франтавікі, хто прайшоў само пекла вайны, неахвотна яго ўспамінаюць.
12 мая. Збіраюцца цвісці каштаны — не дазваляюць пакуль што халады.
Тэмпература паветра раптам апусцілася да сямі градусаў. «Халады на першацвет», як кажа Г. Далідовіч, які выпусціў кнігу прозы з такой назвай. 13 мая. На пасяджэнні секцыі прозы абмяркоўваліся раманы Л. Арабей «Іскры ў папялішчы» і Уладзіміра Карпава «Сотая маладосць». З разглядам гэтых твораў выступіў П. Пестрак. Успомніў, «для затраўкі» патрабаванне А. М. Горкага: «Писатель обязан смотреть на своих героев именно как на живых людей, а живыми они у него выйдут, если он в любом из них найдет, отметит и подчеркнет характерную, оригинальную особенность языка, жеста, фигуры, лица, улыбки, игры глаз и т. д. Отмечая всё это, литератор помогает читателю лучше видеть и чувствовать то, что им, литератором, отражено. Людей совершенно одинаковых нет, у каждого есть нечто своё — и внешнее, и внутреннее». Калі ідэя выказана ў творы абстрактна, калі агульнаму не адпавядае індывідуальнае і бракуе жывых чалавечых вобразаў і фарбаў жыцця, такі твор наўрад ці закране струны чалавечага сэрца. Тады можна гаварыць пра брак мастацкасці. Гэта Піліп Сямёнавіч «выразна», як ён сказаў, бачыць і ў адным рамане, і ў другім.
Ён адзначыў, што аўтары часам залішнюю ўвагу надаюць паказу побыту і забываюць на больш важныя рэчы. Як водзіцца, напомніў, што ў пісьменніка шмат абавязкаў перад народам, пра якія мы недаравальна забываем. Не паспеў скончыць свой даклад, як выступіў Карпаў з крыкам: «Гэта не даклад, а брэд маразматыка!..» Раманы У. Карпава схематычныя — Пестрак так пра іх і сказаў, дадаўшы сваё фірменнае: «Замест павярхоўнасці трэба шукаць глыбіню!»
Пестрака бараніла Вера Палтаран — жанчына з яскрава выражаным пачуццём спагадлівасці і справядлівасці. Калісьці яна падтрымала Івана Ралько, якога ў такой жа сітуацыі адправілі «ў накаўт», а цяпер вось — магло быць — і Пестрака. Апроч Палтаран, выступілі А. Асіпенка, І. Мележ, Я. Герцовіч.