Паміж некаторымі пісьменнікамі, паводле маіх назіранняў, існуе лютая злоба. Я гэта бачу, але гаварыць не хочацца. Непрыемна. І ўвогуле, кожны імкнецца цягнуць коўдру на сябе, ажно рвуць яе на часткі і лаюцца між сабой. Нават былыя рэпрэсіраваныя — людзі адной долі, якія столькі перажылі, не сябруюць паміж сабой і не цікавыя адзін другому. Успамінаюць, хто кім быў у «зоне», па той бок калючага дроту.
14 мая. Наперадзе — лета, а я павінен сядзець у гэтых мурах. Кожнага дня — пры гальштуку. Тут усе пры гальштуках, нават паштальён Саламон (яго кабінет у цокальным паверсе). Цікава, што было б, калі б прыйшоў на работубез гальштука?
21 мая. Цвітуць сады, але хмурна. Прашумела першая навальніца, непаўторная, як і першы снег.
Званілі з Брэста бацька з дзедам Лявонам. Дзядуля прасіў прыслаць гумовыя боты, старыя парваліся. Трэба будзе пашукаць па магазінах.
26 мая. Пілатовіч ужо збольшага ачуняў, і Марцэлеў носіць яму ў палату паперы. Добра гэта ці не? Мне здаецца, не надта. Але такі партыйны стыль — не пакідаць «паста». А папераў шмат.
1 чэрвеня. Пачалося лета. На досвітку спявалі салаўі. Ездзіў з Іосіфам Скурко электрычкай на Мінскае мора. Шмат сонца і тых, хто гераічна, да чарнаты, загарае. Пляжы густа ўсцелены людзьмі ў плаўках і купальніках.
Выкупаліся і мы.
Хтосьці ўтапіўся, шукалі аквалангісты.
2 чэрвеня. Панядзелак. Зноў на працы. Вечарам, як звычайна, дома. Шкада, што няма тэлевізара.
Знайшоў і купіў нарэшце гумовыя боты 42-га памеру. На пошце паклалі ў папяровы мяшок, на якім напісаў адрас. «Дойдзе!» — пасміхнулася паштарка.
8 чэрвеня. Трагічна загінуў у шахце ў Салігорску малады паэт Леанід Якубовіч. Зусім яшчэ малады, добры і зычлівы. Смерць у такім узросце — трагедыя.
12 чэрвеня. 70-гадоў — знакамітаму М. Забэйду-Суміцкаму. Гады дватры назад ён прыязджаў у Мінск, даваў канцэрт у зале кансерваторыі. Спяваў пад акампанемент «Дудку» і іншыя песні і арыі. Часам каменціраваў творы, якія выконваў, гутарыў з публікай. Побач са мной сядзелі Сцяпан Міско, Арсень Ліс, Алесь Яскевіч, Рыгор Піўтарак, хтосьці яшчэ. Крыху далей — Алесь Бачыла.
На канцэрце прысутнічаў Максім Танк — сябар Забэйды па міжваеннай Заходняй Беларусі. Прысвяціў яму верш. Была надзея, што Забэйда-Суміцкі пераедзе з Прагі, дзе ён жыве, у Мінск, але яна не здзейснілася. Родны дом для эмігрантаў чужы.
22 чэрвеня. Самы доўгі дзень. У гэты дзень пачалася вайна, і той час я выразна помню. Рухаўся праз Кругель нямецкі абоз. Паілі коней. У нас каля калодзежа даспелі прыгожыя буйныя вішні. Салдаты, не маючы часу стаяць і абіраць, дасталі з воза сякеру, ссеклі вішню і, прычапіўшы да воза, павалаклі з сабой. Мы толькі моўчкі пазіралі, страшна было штосьці сказаць.
23 чэрвеня. У тэатры імя Я. Купалы адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Чорнага. Пачынаў ён у 20-я гады. Цікавая пара! Гэта быў час бурнага росту маладой беларускай савецкай літаратуры, якая шпарка назапашвала жыццёвыя веды, мастацкае майстэрства, грамадзянскую сталасць. Я. Купала і Я. Колас, М. Гарэцкі і З. Бядуля, М. Лынькоў і К. Крапіва, М. Зарэцкі і П. Галавач, П. Броўка і П. Глебка, М. Лужанін і А. Александровіч і многія іншыя разам з К. Чорным былі сведкамі і актыўнейшымі ўдзельнікамі велічнага працэсу абуджэння і пераўтварэння жыцця, які ахапіў усю краіну, увесь народ.
«…Я думаю, — казаў Я. Брыль, — што К. Чорны настолькі ведаў тую зямлю, пра якую пісаў, што ён мог кожную грудку яе пазнаць навобмацак, кожнага жаваранка ці вераб’я назваць па імені ды па бацьку». Гэта «веданне» адбілася літаральна на ўсіх творах пісьменніка, які паслядоўна ўзнімаў у іх тэму сучаснасці.
Рэгіянальны каларыт у яго ўзмацняюць асаблівасці мясцовай гаворкі. У К. Чорнага шмат было гэтага рэгіянальнага, зямнога, свежага, сакавітага, пра што згадаў А. Бялевіч у сваіх успамінах:
«Хораша цяпер у полі, — гаварыў Кузьма Чорны. — Не забыўся. Калі ідзеш за плугам, у свежай баразне халадок пад босымі нагамі, прыемна пахнуць свежыя скібы. Любата… Або сенакос. Вельмі люблю. Сонцам, ветрам, чмяліным мёдам пахне ў пракосах ужо трошкі завялае, падсушанае сена. Дакосішся да ручаінкі, да крыніцы, а там вада чыстая, халодная, а ты сасмяг, прыляжаш напіцца, а халадок той крыніцы ўсяго цябе асвяжае. Паменціш касу і пайшоў свістаць, рэзаць: жых, жых!.. Музыка, браце. Музыка працы! — Кузьма Чорны задумаўся, закурыў, пачаў далей разгортваць сваю думку: — Ты панюхай паху на таку, водару ў бары, руку пагрэй зімою аб свежаспілаваны цёплы пень у лесе, ад вугалю ў кузні прыкуры, гэблікам дошку абгаблюй… Тады, як той казаў, чалавекам будзеш. Я тады добра зразумеў мудрага дзядзьку Кузьму: ён хацеў накіраваць мяне на тэмы жыцця і працы, хацеў каб пісаў я не толькі пра журавоў, буслоў, пра вербы і краскі, а каб ярчэй, паўней паказваў людзей працы, іх нялёгкія працоўныя будні, іх радасці, клопаты, смутак.