Тут была нейкая логіка, але хутчэй за ўсё логіка блазна. Я адчуў прыступ дзікага рогату і выбег з кабінета. Папрасіў Савіцкага завяршыць размову, бо сам ужо не мог.
3 ліпеня. Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горад выглядае прыгожа, па-святочнаму. Духоўны цэнтр свята — плошча Перамогі з помнікам героям Айчыны. Помнік, мне здаецца, ды і плошча таксама, стаіць не на месцы. Не на месцы, бо ў яміне. Гэта асабліва відаць, калі глядзіш на помнік з гары, збоку Даўгабродскай. Вось на гэтай гары, на скрыжаванні праспекта і Даўгабродскай (дзе цяпер ходзіць трамвай), яго б у свой час і паставіць! Было б велічна — як узыходжанне на гару, на нашу Галгофу.
4 ліпеня. Памёр — прыйшла вестка — паэт і геолаг Міхайла Грамыка. У свой час рэпрэсіраваны, жыў у Маскве. У самым першым нумары «Полымя» (1922 год) апублікаваў паэму «Гвалт над формай». Чалавек універсальнай, шматграннай дзейнасці. Між іншым, адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі.
Кніга «Выбранае» выйшла ў Мінску, у 1967 годзе.
6 ліпеня. Забытае купальскае свята. Наперадзе купальская ноч, моладзь гуляе да раніцы: «Схожахуся на ігрышча, і ту умыкаху жены собе…»
Дзеці нараджаліся ў сакавіку. Сакавіцкія — народ здаровы і таленавіты, шчодра адораны Ярылам.
8 ліпеня. Апошнім часам чуў і занатаваў прымаўкі:
Прыбяры пень, дык і пень прыгожы;
З аднаго вала дзве шкуры не дзяруць;
Варанае яйка ўжо не зробіш сырым;
Прапаў, нібы бунька на вадзе;
Ад яго ўжо запалкі трэба хаваць, а мы яго…
9 ліпеня. Надта спякотны месяц — ліпень. Горача. Сонца смажыць, ажно млее зямля. У Сцяпана Гаўрусёва ёсць верш «Спёка».
Дарэмна, сонца, ты перасвяціла,
Свяціць і сонцу трэба разумней.
Кажуць, што гэта сказана пра Сталіна. Трэба будзе запытаць у самога Гаўрусёва. Але што можа адказаць паэт? Разумей, як хочаш, як зможаш…
10 ліпеня. Вычытаў у Фрэйда: лібіда. А што гэта такое, не ведаю, не магу даўмецца. Назва кнігі: «Леонардо да Винчи, этюд по теории психосексуальности». Гэта — старое выданне. Фрэйд ужо даўно не выдаецца, фактычна пад забаронай. У слоўніках нават слова гэтага няма.
14 ліпеня. Гарачыня 30 градусаў. Сустрэў Мікалая Губскага, даўняга знаёмага.
— Пар касцей не ломіць, — пажартаваў ён, выціраючы з ілба пот. — Я пасля вайны таксама працаваў у ЦК, у аргаддзеле. Аднойчы сядзелі мы ў пакоі на другім паверсе, якраз над ступенькамі. Курылі. Мой таварыш кінуў акурак у фортачку. Ішоў якраз, вылез з машыны, Панамарэнка, і акурак як на тое ўпаў проста яму на галаву, на тое месца, дзе ўжо добра намецілася лысіна. Віноўніка, вядома, знайшлі адразу. Прызнаўся. «Ну, с кем не бывает», — сказаў тады Панцеляймон. Але праз тыдзень звольнілі, бо, сказалі, некультурны. Тады, пры Сталіне, мы і па начах сядзелі. Сталін не спаў, дык Панамарэнка таксама не спаў, а раптам пазвоніць, пра нешта папытае. Што тады? А раз першы не выходзіць з кабінета, дык і ўсе загадчыкі на месцах. А раз загадчыкі, дык і мы, інструктары. Ну, а раптам даведка якая спатрэбіцца. А як цяпер?
— Цяпер вальней. Дапазна не сядзім.
15 ліпеня. Споўнілася 70 гадоў Уладзіміру Дубоўку. Выстаўка твораў паэта наладжана ў бібліятэцы імя У. І. Леніна. Дубоўка жыве ў Маскве, у Мінск наязджае рэдка, новых знаёмстваў сярод пісьменнікаў не заводзіць. Таленавітым быў незвычайна, але, як і многім з таго пакалення, не пашанцавала. Зрэшты, магчыма, пашанцавала ў чым іншым.
16 ліпеня. З’явілася новая «Волга», якую называюць «дваццаць чацвёртая». На гэтых машынах ездзяць сакратары ЦК.
17 ліпеня. Ужо ноч, але да гэтага часу ўсё ўва мне калоціцца. Зрэшты, запішу ўсё па парадку. Пасля работы (заўтра ж субота, выхадны) выйшаў у купалаўскі скверык. Сонца ўтаймавалася, не пякло. Паперадзе ішлі дзве маладыя, прыгожыя жанчыны. Мяне быццам нешта тузанула («лібіда»?), захацелася пазнаёміцца. Яны прыселі на лавачку каля прадаўгаватай клумбы. Пасярэдзіне клумбы тырчаў знак з надпісам, што тут будзе пастаўлены помнік выдатнаму рэвалюцыйнаму дзеячу Мяснікову (быў такі беларусафоб). Я павярнуў налева і прысеў на такую ж пафарбаваную лавачку з процілеглага боку. Нас аддзяляла клумба, і я са шкадаваннем убачыў, як мяне апярэдзілі нейкія хлопцы ў белых кашулях і, не марудзячы, падсуседзіліся да маіх прыгажунь. Завязваюць размову, хочуць пазнаёміцца. Я ўздыхнуў, дакараючы сябе за сціпласць, якая заўсёды мне перашкаджала: «Зноў упусціў шанец…» Не паспеў я гэтак падумаць, як убачыў нейкіх налётчыкаў. Нібы з неба зваліліся, чалавекі чатыры. Пераскочылі цераз клумбу, падляцелі да тых хлопцаў і давай іх біць. Білі жорстка. Кулакамі, а калі тыя пападалі на дол, дык нагамі. Адзін падхапіўся і пабег, замільгала паміж ліпамі яго белая акрываўленая кашуля. І жахнуўся. Шкада стала хлопцаў. Нічога дрэннага прагажуням яны не зрабілі. Гэта ж на іх месцы мог быць і я, калі б памкнуўся зрабіць спробу пазнаёміцца з красунямі. Таксама б — аднаго! — збілі б на горкі яблык. Да мяне дайшло, што гэтыя налётчыкі сядзелі ў засадзе, чакалі на «прынаду», захацелася пачасаць рукі. Цяпер да іх наблізіліся і красуні, і ўсе разам пачалі рагатаць, ажно згінаючыся ад рогату. Я не вытрымаў, падышоў да гэтай кампаніі і гучна, на ўвесь голас, скамандаваў: