Выбрать главу

— Стой! Усе! У міліцыю! — Паказаў рукою на выхад са скверыку і здзівіўся: яны пакорліва пайшлі, угнуўшы галовы, туды, куды я паказаў. Бліжэйшае аддзяленне міліцыі месцілася насупраць кінатэатра «Перамога» — туды я іх і павёў. Па дарозе яны пачыналі апраўдвацца, нешта казаць, але я быў няўмольны і вёў сябе рашуча: «Там разбяромся!» Нарэшце прыйшлі ў тое аддзяленне насупраць «Перамогі». Дзяжурны ва ўсіх, у тым ліку

і ў мяне, запатрабаваў дакументы.

— Сведкі ёсць? Дзе пацярпелыя?

Пацярпелых не было, і маіх затрыманых, перапісаўшы іх прозвішчы, адрасы і месца працы, адпусцілі. Мне паабяцалі прыняць адносна іх магчымыя захады. Я пакінуў свой службовы тэлефон (29-35-55) і патрабаваў, каб міліцыя далажыла пра вынікі сваіх «захадаў».

24 ліпеня. Пазванілі з міліцыі, сказалі, што з хуліганамі «разобрались», на рабоце пра іх учынак ведаюць. Вось і ўсё, чаго я дамогся. Не іначай, бацькі нейкія «высокапастаўленыя».

4 жніўня. Падаў заяву на адпачынак. Вечарам дазнаўся, што шэф налажыў станоўчую рэзалюцыю.

10 жніўня. Ніна Іларыёнаўна Глебка дамагаецца, каб у кватэры стварыць музей Пятра Глебкі. Кажа, што гэта была думка і самога Пятра Фёдаравіча. Ёй дапамагае мой сябар Сцяпан Міско. А што ў тым музеі паказваць? Аб гэтай прапанове ведае і Машэраў. Невядома, як ён паставіцца.

13 жніўня. У часопісе «Новый мир» апублікавана новая аповесць В. Быкава — «Сотников». Прачытаў. Увагу спыняе постаць Рыбака. Ён здраднік, але не такі адназначны, якімі паказваліся гэтыя персанажы да Быкава. Відаць, гэта бліжэй да праўды жыцця. Задумваешся: дзе дабро, а дзе зло? Відаць, няма таго, хто чысценька аддзеліць іх адно ад другога.

14 жніўня. Алесю Кучару — 60 гадоў. Надта ён малы ростам. Мае «Волгу» (24-ю) і калі сядзе за руль, дык спераду і не відаць. Таму і называюць: «Всадник без головы». Не, галава ў Кучара якраз ёсць, і крытык ён таленавіты, але пра яго ідзе дурная слава: у 30-я гады запляміў сябе даносамі. Сябраваў з Броўкам, Глебкам, Крапівой. Броўка расказваў мне, што ў 1937-м яны — Броўка, Глебка, Крапіва і Кучар — трымаліся разам, начуючы па чарзе ў кожнага.

Ніякай узнагароды Кучару ў сувязі з юбілеем не планавалася. А ён, здаецца, у добрай форме: запомнілася яго талковая рэцэнзія на паэму А. Куляшова «Цунамі» («ЛіМ» ад 31.01.69 г.).

19 жніўня. Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР атрымаў паэт Хаім Мальцінскі ў сувязі з 60-годдзем. Можна было б выпісаць і ордэн, бо і паэт ён выдатны, і герой вайны. Да таго ж яшчэ і бязногі інвалід. Помню яго вершы, напрыклад, вось гэты (ужо не помню, хто пераклаў):

Вось у акопе —

у гадах салдат

Перахрысціў рукою аўтамат:

— Ты, Божа, на грымотным рубяжы

Мне ворага забіць дапамажы!

Пра гэтае чатырохрадкоўе шмат можна сказаць!

21 жніўня. Святкаваў сваё 60-годдзе байкапісец Уладзімір Корбан. Марцэлеў скардзіцца: «Юбілейшчына захліствае, патанулі ў юбілеях!»

Калісьці ўедлівы А. Клышка прыдумаў дасціпны загаловак для сваёй рэцэнзіі пра байкі Корбана — «За мухай з абухам». Але гэтак можна сказаць і пра ўсіх савецкіх байкапісцаў.

22 жніўня. Субота. Хадзіў на Камароўку. Прадуктаў хапае, можна купіць, але зніклі бочкі з віном, якое прывозілі колісь малдаване: «Кабернэ», «Лідзія», любімае маё — «Ізабэла» і інш. Не раз бачыўся тут з Піліпам Сямёнавічам і інш. 50 кап. за шклянку.

24 жніўня. Каля будынка СП па вуліцы Энгельса сустрэў Алеся Кучара. Падумаў, што будзе скардзіцца, што не атрымаў узнагароды, а ён пачаў з падзякі:

— Дзякуй вам.

— За што, Алесь Евелевіч?

— «Гадзіннік спыніўся апоўначы» назвалі класікай беларускага кіно. Гэта дарагога каштуе, для мяне гэта вельмі важна.

Я і сапраўды ўставіў нешта падобнае ў даклад Пілатовіча на нейкім пленуме. І вось вынік. Кучар — аўтар сцэнарыя гэтага фільма.

— Ну дык не зазнавайцеся, — пажартаваў я.