Выбрать главу

12 верасня. Сустракаюся з Караткевічам, бачымся амаль кожнага дня. Заходжу да іх. Дом творчасці СП стаіць літаральна на пляжы, і, калі мора неспакойнае, пырскі пены залятаюць ім у акно — жывуць на першым паверсе. Валодзю гэта дужа імпануе, ён адчувае сябе як на караблі, Валі — не надта. Побач з імі жыве нейкі пісьменнік. У калідоры каля яго дзвярэй выстаўлена некалькі пустых бутэлек з-пад віна. Усё тое ж «Александрыні». Частка — «Псоў», «Ркацытэлі». Прыгадаўся верш Я. Смелякова, якога я калісьці, у студэнцкую пару, з падачы Калесніка, вельмі запаважаў. Смелякоў, як гэта вынікае з верша, аднойчы па вясне адпачываў у гэтым самым Доме творчасці, можа, нават у гэтым пакоі, і таксама пазіраў на пляж, на якім раніцой рабілі зарадку, разміналіся футбалісты маскоўскага «Спартака». З’явіліся радкі (было надрукавана ў часопісе «Юность»):

А у меня своя зарядка,

Она спортсменам не нужна —

Две сигареты для порядка,

Стакан грузинского вина…

Караткевіч курыць, пыхкае «Беламорам».

— Хачу падзякаваць за водзыў пра «Чазенію».

— Чыталі?

— Ну, а як жа. Разам з карэктурай.

Гаворка пра зборнік сучасных аповесцей нашых пісьменнікаў, што выходзіць у «Советском писателе» з маёй прадмовай. Асабліва моцная там аповесць Пташнікава «Тартак».

13 верасня. Хацеў запрасіць Караткевічаў у «ХVII партз’езд», але «чужых», у сувязі з халерай, не пускае адміністрацыя.

Я ўспомніў, як гады два-тры назад Караткевіч заходзіў да мяне разам са Сцяпанам Міско. Глядзелі па тэлевізары кінафільм «Шчорс» А. Даўжэнкі. Я жыў тады ў Лёні, чытаў «Каласы пад сярпом тваім» — раман, які высока падняў прэстыж беларускай літаратуры дома і ў свеце.

14 верасня. Пазнаёміўся з Юрыем Казаковым. Гэта — сусед Караткевічаў. Ён рэдка выходзіць са свайго нумара. Уладзімір Сямёнавіч з ім знаёмы з Масквы, калі вучыўся на курсах кінасцэнарыстаў. Казакова я ведаю па творах. Некалі ў аспірантуры разам з Алёшам Гардзіцкім і Сашам Яскевічам чыталі кнігу апавяданняў Юрыя Казакова: «Тэдди», «Голубое и зеленое», «Арктур — гончий пес» і інш. Выдатны апавядальнік, у традыцыях Буніна.

У апавяданні «Восень у дубовых гаях» Ю. Казакоў апявае рэдкую па прыгажосці ноч і дадае: «Галоўнае ў жыцці — не колькі ты пражывеш — а галоўнае, колькі ў жыцці ў кожнага будзе такіх начэй».

Загаварылі чамусьці пра абхазскую кухню.

— Вот кто знает абхазскую кухню, так это Симонов! — сказаў Казакоў.

Даведаўся, што жонка Юрыя — дачка нашага мовазнаўца М. Р. Судніка, дырэктара Інстытута імя Я. Коласа.

16 верасня. Тут недалёка знакамітая Піцунда — паўвостраў, на якім расце рэліктавая сасна. Наведаў гэты запаведны лес разам з Караткевічамі. Запрашалі Казакова, але ён нешта піша, адмовіўся. Незвычайная ігліца на сасне — доўгая і не зялёная, а нейкая бледна-блакітная, пад колер марской хвалі. Караткевіч увесь у палоне сумятлівых, узбуджаных пачуццяў, трапяткіх настрояў.

Вечарам, калі мы ўтраіх сядзелі ў кафэ, Караткевіч разважаў:

— А можа, мы і ёсць той рэліктавы этнас, пра які гавораць сучасныя этнографы? Рэліктавы этнас той, які дажывае адпушчаны яму на зямлі час, дажывае і нікому не пагражае.

— У чымсьці рэліктавы, а ў чымсьці і перспектыўны, — запярэчыла Валя. — Паглядзі, колькі ў нас вучоных! Выдатных вучоных! А літаратура, мастацтва!

Караткевіч ёсць Караткевіч. Помню, Калеснік мне казаў: «Ну што Барадулін: «Калаўроты, калаўроты…», а Караткевіч — «Матчына душа»!»

Гэта не зусім так ці, дакладней, зусім не так, — падумалася тады, — Калеснік задужа катэгарычны. Але сказаць — не сказаў, пашкадаваў нервы былога свайго выкладчыка. Пярэчанняў ён не церпіць, успыхвае як запалка.

18 верасня. Ездзілі на экскурсію ў Новы Афон. Гэта адсюль кіламетраў сто. Велічная гара, на якую вернікі паўзуць на каленях, вытоптваючы траву. Наверсе — храм, нейкія пабудовы, манастыр без манахаў. Царква вельмі прыгожая, напісаныя рускімі мастакамі абразы. Унутры ў сценах — вертыкальныя нішы, каб манахі ў час усяночнай маглі, стоячы, крыху адпачыць. Не відаць, што чалавек сядзіць, а ён стоячы сядзіць.

20 верасня. Атрымаў тэлеграму ад Сабіра Садыхава, запрашае да сябе ў Баку, а потым у Таўзскі раён Кіравабадскай вобласці, дзе жывуць бацькі, г. зн. на «малую радзіму». Сабір — мой прыяцель па вучобе ў аспірантуры АН БССР. Фізіёлаг. Жылі ў адным пакоі. Ехаць? Не ехаць? Вырашыў усё ж такі ехаць, хочацца паглядзець на Азербайджан. Шкада, што не поўнасцю выкарыстоўваю пуцёўку: да канца тэрміну застаецца яшчэ добры тыдзень. Купіў білет на самалёт да Баку.

21 верасня. Развітаўся з Караткевічамі, праводзілі мяне да таксі. «А мы ўжо будзем тут дабываць», — сказаў Уладзімір Сямёнавіч і дадаў, што ў Баку ў яго шмат прыяцеляў сярод паэтаў.