Выбрать главу

Вечарам запрасіў калегаў дадому, пакаштаваць маладога азербайджанскага віна.

10 кастрычніка. Салжаніцын — лаўрэат Нобелеўскай прэміі. У гэтай прэміі, можа, не столькі літаратуры, як палітыкі. Не ўсё з твораў Салжаніцына мне даспадобы. «Один день Ивана Денисовича» — падабаецца. У захапленні ад апавяданняў «Матрёнин двор» і «Случай на станции Кочетовка». Менш — тыя ўрыўкі з рамана «В круге первом», якія хадзілі ў самвыдаце. Іншая паэтыка.

14 кастрычніка. Сталі вядомыя вынікі праверкі. У цэлым яны дадатныя, і Кулакоўскі задаволены, але адзначаны і недахопы, галоўны — недастатковая ідэйна-выхаваўчая работа.

15 кастрычніка. Прысутнічаў (Марцэлеў паслаў) на аб’яднаным сходзе партыйных арганізацый у клубе завода аўтаматычных ліній. Камуністы-пісьменнікі і адміністрацыя завода. Гэта ў парадку паляпшэння ідэйна-выхаваўчай работы. З нашых выступілі А. Кулакоўскі, П. Пестрак, А. Русецкі, Е. Лось, В. Мыслівец, які не так даўно працаваў тут мадэльшчыкам.

А. Кулакоўскі трымаецца салідна, па-шляхецку фанабэрыста — напісаў аповесць пра рабочы клас «Расце мята пад акном». Пра іншых кажа: «Лайдакі!» Гэта яго любімае слоўца. Дарэчы, у ім адсутнічае які-небудзь негатыўны змест.

16 кастрычніка. Алесь Разанаў працуе ў маім Кругелі, у школе, у якой я вучыўся з першага па дзясяты клас. У Мінску выходзіць (ці ўжо выйшла?) першая яго кніжка «Адраджэнне». Напорысты. Апякуецца Разанавым найбольш У. Калеснік, лічыць яго вельмі таленавітым.

17 кастрычніка. У Кругелі кажуць: «Така доля, як у небе столя». Ці чуў гэтую прымаўку Алесь Разанаў? Кватэру мае ў Аляксандра Ільяшава. У нас кажуць не Аляксандр, а Ліксандыр. Каларытны чалавек гэты Ліксандыр.

23 кастрычніка. Дайшла вестка, што памёр Юліян Пшыбась. Для мяне ён увасабляў сабой класіку і мадэрнасць. Як паэт імкнуўся пашырыць погляд на акаляючае жыццё і на свет, знайсці агульнае, што можа аб’яднаць усіх.

28 кастрычніка. У СП сустрэча з Янам Гушчам. Прыйшоў і я. Побач з Гушчам сядзеў Пятрусь Макаль, які яго суправаджае. Ян Гушча — перакладчык і папулярызатар беларускай паэзіі ў Польшчы, неўзабаве мае выйсці Анталогія беларускай паэзіі на польскай мове. Гэта — у Лодзі, дзе жыве перакладчык. Ян Гушча — смелы чалавек. Горкаўскае «человек — это звучит гордо» ён перайначыў так: «Чловек — то бжмі думне, кеды лежы ў трумне». Як у сук! Мне думаецца аднак, што тут з боку Гушчы ёсць нейкае іранічнагратэскавае перабольшванне. Але ж урэшце мастак мае на гэта права. Права згусціць, завастрыць. Зразумела, у рамкі сацрэалізму такое не ўкладваецца. Успамінаю, як гады два назад па радыё «Свабодная Еўропа» расказвалі пра драматурга Іянеска, які нібыта даказваў, што пяцьдзясят год Кастрычніцкай рэвалюцыі былі пяцьдзесяццю гадамі злачынств супраць чалавека.

1 лістапада. Слата. Няспынна, цэлы дзень, марасіў дождж. У ЦК новы сакратар па ідэалогіі — Кузьмін А. Т. Кажуць, пратэжэ Машэрава. Пілатовіч ужо не сакратар ЦК КПБ, а пасол СССР у Польшчы. Прыйшло распараджэнне ад Суслава. Калі чалавек ужо не начальнік, дык пачалі крытыкаваць. Гаспадар, маўляў, але без шырокага кругагляду. Разбурыў Нямігу.

2 лістапада. «Маладосць» працягвае публікаваць раман І. Чыгрынава «Плач перапёлкі». Добрыя водзывы. Мы стаялі з Барысам Сачанкам ля веснічак Дома пісьменніка, калі падышоў Чыгрынаў. Барыс Іванавіч жартам сказаў:

— А ты лысееш, Іван Гаўрылавіч.

У адказ пачулася:

— Напішы ты такі раман, і ты палысееш.

Барыс Іванавіч не разгубіўся:

— Я не лысею, каб ты ведаў, таму, што п’ю не гарэлку, а адвар з абляпіхі, адварваю ягады, — парыраваў ён.

Амерыканская пісьменніца Уіла Кадэр сцвярджала (недзе чытаў), што большая частка найболей важнага матэрыялу, які маецца ў распараджэнні пісьменніка, назапашана ім да пятнаццацігадовага ўзросту. «Плач перапёлкі» гэта пацвярджае.

4 лістапада. Дзіўлюся з Кулакоўскага — наколькі ён неабыякавы да жанчын. Сямейны чалавек, паважаны ўзрост, а паводзіць сябе, як халасцяк. У кішэні заўсёды мае шакаладку, каб пачаставаць.

Скардзіцца на яго мой візаві Валерый Сяргеевіч: называе яго прозвішча не Лабадо, а Лабада і сцвярджае пры гэтым, што так больш правільна. Трэба будзе з ім пагаварыць.

7 лістапада. Быў на парадзе і дэманстрацыі. Усё прайшло, як заўсёды. Некаторыя дэманстранты, выйшаўшы на праспект, былі ўжо на падпітку, гучна крычалі: «Ур-ра!» На трыбуне, сярод членаў Бюро ЦК А. Т. Кузьмін.

Завіталі з Савіцкім у госці да Івана Пятровіча. Пілі каньяк, закусвалі чырвонай рыбай. Марыя Філатаўна гатуе няблага.

Ні пра якую літаратуру не гаварылі.

8 лістапада. Апахмяляўся півам. Кажуць, што яго любіў Ленін, асабліва калі жыў за мяжой. Гэта, відаць, было добрае піва, а наша такое, што калі вып’еш, дык губляешся ў здагадках, што гэта было — піва ці проста нейкая вадкасць.