Выбрать главу

Нешта маркотна. Цешу сябе думкай нейкага філосафа: не бывае чалавечага жыцця без маркоты.

9 лістапада. На рабочым месцы. Святы змяняюцца на будні.

Зноў пачуў, у трамваі, вяртаючыся з работы, панамароўскае слоўца «чувак». Адзін аднаму гаварыў: «Мало того, что чувак всего с одним рогом, так еще и с обрезанным».

Што да чаго — не зразумеў.

10 лістапада. Вечарам, пасля работы, наведалі музей крыміналістыкі ў міліцэйскім вучылішчы на Варвашэні. Адкрыўся крымінальны свет з яго жахлівымі сюжэтамі. Як падумаеш — няма канца злачынствам. Моцна ж цісне жыццё на клавішы злачынных схільнасцей чалавека, homo sapiensa!

Палкія каханкі — яна і ён. Ён жанаты, яна замужняя. Пайшлі на тое, каб наняць забойцу для сваіх законных — жонкі і мужа. Маса дэталей і фатаграфій, на многіх трупы і кроў. Няўжо кожны чалавек — носьбіт патэнцыяльнага зла? Хіба што так. Чалавек — стварэнне на мяжы. У ім усё спалучана (дыялектычнае адзінства): дабро і зло, рацыянальнае і пазарацыянальнае, канечнае і бясконцае. Талкова заўважыў мудрэц Талстой: людзі — істоты плынныя. Сёння ён такі, заўтра — інакшы. У «Дзённіку» ў Л. Талстога за 1889 год ёсць цікавы запіс: «Как бы хорошо написать художественное произведение, в котором бы высказать текучесть человека, что он один и тот же — то злодей, то ангел, то мудрец, то идиот, то силач, то бессильнейшее существо».

У Андрэя Платонава (апавяданне «Смерти нет») вычытаў думку: «Человек имеет больше свойств, чем полагает Фосс (герой гэтага апавядання): у человека столько свойств, сколько граней в окружности».

11 лістапада. Вось і першы снег. Чысты і безабаронны. Хутка растае, жыве адно імгненне, дае халадок і бадзёрасць. Што было б з намі, каб не прырода?

13 лістапада. Артыкул С. Грахоўскага да 70-годдзя Нічыпара Чарнушэвіча ў «ЛіМе» — «Паэзіі радавы».

«Зусім нядаўна жыў сярод нас і больш за сорак гадоў працаваў у беларускай літаратуры сціплы, далікатны, уважлівы Нічыпар Чарнушэвіч. Часам ён прыходзіў на пісьменніцкія сходы. Некаторыя яго нават не ведалі ў твар. Пасядзіць, паслухае і непрыкметна знікне, як і прыйшоў. І кнігі яго не выклікалі бурных спрэчак у друку і на абмеркаваннях. Ён шмат напісаў і вельмі мала надрукаваў. У архіве пісьменніка засталіся вершы, п’есы, кінасцэнарыі.

…Шляхоў Нічыпару Чарнушэвічу давялося прайсці шмат. І ніводнага лёгкага. Ён зведаў смак казённай апекі над дзецьмі бежанцаў, гадамі галадаў у часе імперыялістычнай вайны і рэвалюцыі. З першых дзён Кастрычніка Н. Чарнушэвіч адразу ведаў, куды яму ісці. У Дарагабужы скончыў курсы чырвоных камандзіраў і павёў сваю роту на белапанскіх акупантаў. З баямі дайшоў да Варшавы, там трапіў у палон і на радзіму вярнуўся толькі ў 1921 годзе.

…Потым зноў «шляхі, шляхі» павялі далёка ад дому. Давялося доўга жыць у Вятцы, працаваць у вучэбна-педагагічным выдавецтве Масквы, інжынерам ляснога ведамства, рэдактарам Беларускага тэлебачання. У 1962 годзе выйшла кніга лірыкі Н. Чарнушэвіча «Нясу надзею», у 1966 г. — зборнік «Гаворка дум».

Тыповы шлях беларускага інтэлігента, літаратара».

16 лістапада. З часопіса «Нёман» прынеслі машынапісны «Дзённік» рэпрэсіраванага Барыса Мікуліча (1912—1954). Знаёмы з ім па «Выбраным» (1959). Друкаванне «Дзённіка» забараніў Галоўліт, з якім спрачацца цяжка.

Непрабівальны. Паспрабаваў гаварыць у аддзеле, але прыхільнікаў не знайшоў, а маёй улады недастаткова. «Дзённік» — апісанне пакут і надзей. Трэба падумаць, што можна зрабіць для Мікуліча.

17 лістапада. Упершыню ў гісторыі чалавецтва на Месяц дастаўлены савецкі аўтаматычны самаходны апарат «Луноход—1», кіруемы з Зямлі. Выдатнае дасягненне!

21 лістапада. Новы кансультант СП — Мікола Гамолка. Часта сустракаю і кожны раз дзіўлюся, што гэта звычайны чалавек. У дзяцінстве зачытваўся (у газеце «Сталинская молодёжь») аповесцю «За великую трассу», у якой размова ішла пра небяспеку новай вайны, вайны касмічнай. Аўтар п’есы «Бітва ў космасе», пастаўленай у нашым ТЮГу. Гамолка яшчэ і паэт, калісьці хадзіла па руках яго кніжка вершаў «Б’юць куранты». Назва крыху дзіўная: каго яны б’юць — куранты тыя? Няўдалая назва. Цяпер вершаў, здаецца, не піша. А я помню яго радкі:

На небе зоркі — як цвікі,

Такіх цвікоў павек не адарваць!

Канкрэтна, але дрэнна. Ніхто ж і не збіраецца іх адрываць. Проза яму болей удаецца.

Гамолка — паляшук, вельмі сімпатычны, просты да наіўнасці.

24 лістапада. Хадзіў у лазню (на Зм. Бядулі). Стаяў натоўп, бо не было гарачай вады. Знайшоўся нейкі ініцыятыўны чалавек і пачаў званіць у райвыканкам, потым у гарвыканкам. Дамогся, вада пайшла.