22 снежня. Гэтымі днямі, помніцца, адзначалі дзень нараджэння Сталіна. У народзе некаторыя і сёння сумуюць па Сталіне: «Ён бы навёў парадак!» Мае калегі-апаратчыкі Сталіна не любяць, ён прымушаў працаваць ноччу і наганяў страх. Ходзіць выраз «перамалоць у лагерны пыл».
23 снежня. Няма ні мяса, ні каўбас, затое шанцуе ў зімніх відах спорту: фігурысты, хакей, лыжы. Асабліва напружана праходзяць паядынкі з чэхамі.
У кватэры, дзякуй ЦЭЦ, цёпла. Радыятары — гарачыя, не дакрануцца. Праз шчыліну ў покуце паступае з вуліцы паветра, ахалоджвае і асвяжае.
25 снежня. Пятніца. Нарада маладых пісьменнікаў у Брэсце, праводзіў Саюз пісьменнікаў. Удзельнікі: Міхась Рудкоўскі, Жэня Янішчыц, Ніна Мацяш, Васіль Жуковіч, Алесь Разанаў і інш.
Нешта з Камянеччыны, дзе я нарадзіўся, няма ці амаль няма вядомых пісьменнікаў. Выключэнне — Плакід Янкоўскі, які нарадзіўся ў Вайской (1810—1872), і мой сучаснік Вася Жуковіч.
Маладым цяжка ў тым сэнсе, што позна нарадзіліся, ужо ўсё апета: рукі, ногі, твар, валасы, плечы — усё. Расліны, дрэвы, пейзаж — усё ўжо было. Сёння паэзія эвалюцыянуе ад лозунгавасці і апісальнасці да філасафічнасці, сталасці думкі.
26 снежня. Дзень нараджэння не адзначаў, але ведаю: маю ўжо 33 гады. Кажуць, што чалавечае жыццё складаецца з дзвюх палавін па 33 гады. Адна з іх (не абавязкова першая) бывае лепшая, другая — горшая. А як будзе ў мяне? Ажаніцца? Лейбніц — знаны матэматык і філосаф — пасля працяглага роздуму вырашыў, што калі жаніцца, дык не раней як у сорак гадоў, бо надта важны гэты крок — шлюб. Дачакаўшыся сарака, ён прапанаваў руку сваёй абранніцы, але тая, аказваецца, таксама думала і прыйшла да супрацьлеглай высновы.
30 снежня. Завяршаецца год, і думаеш, што там наперадзе. На гэтае пытанне, мусіць, ніхто не адкажа. Бачыш тое, што навокал, але прадбачыць цяжка.
Атрымаў віншавальную паштоўку ад Віталіка з Ленінграда. Успомніў, як калісьці мы з ім і трэцім братам Лёнем шукалі навагоднюю ёлку. Было гэта перад новым, 1950-м годам (дваццаць гадоў назад). Хацелася, каб ёлка на Новы год стаяла не толькі ў школе (я вучыўся ў 6-м класе, Віталік — у 4-м, Лёнік — у 3-м), а і ў нашай хаце. У лес, у Бярэзіну, пайшлі з раніцы, прыхапіўшы сякеру. Бярэзіна не так і далёка. Ішлі гасцінцам да Бабіцкай гары, а там звярнулі ўлева, у лясны масіў і пачалі азірацца, але ёлкі не траплялі. Рушылі ў глыб лесу. Снег у лесе мяккі, пушысты, і навалена яго столькі, што не прайсці. Хутка змарыліся, але ад мэты не адступалі. Дзень быў без сонца і па-зімоваму кароткі. Не заўважылі як і павечарэла. Пара было вяртацца дадому. Мацнеў мароз. Мы агледзеліся і з жахам зразумелі, што заблудзілі. Вакол усталявалася злавесная, напоўненая нямой, гнятучай пагрозай, цішыня. У які бок ісці — прапановы былі супрацьлеглыя. Мы з Віталікам сталі паміж сабой спрачацца. Кожны даводзіў сваё, свой накірунак, як вяртацца дадому, у якім баку наш Кругель. Скончылася тым, што Віталік пайшоў у адзін бок, а мы з Лёнікам у другі. Давялося паблудзіць, але дадому мы з Лёнікам усё ж такі дабраліся. Я адразу спытаў у мамы, ці дома Віталік. Брата не было, і я расказаў, як мы шукалі ёлку. Было ўжо позна, паднялі родзічаў, вёску і, запаліўшы ліхтары, пачалі шукаць. Прачасалі поле, лес. Усчалася завея. Я, галоўны віноўнік, помню, ад знямогі, фізічнай і маральнай, валіўся з ног. Шукалі да раніцы, і безвынікова.
— Куды ж ты пайшо-оў? — галасіла бедная мама. — Ой, доля мая горкая!..
Крыху адпачылі, забыўшыся сном, і ўжо прадоўжылі пошукі пры дзённым святле, ідучы па слядах. Сляды засталіся: вось ён ідзе, вось спыніўся каля куста, пайшоў далей. Асабліва перажывала мама, баючыся знайсці сына замерзлым. Баялася кожнага куста. Баялася, што задралі ваўкі. На аднаго ў нас напалі ваўкі, дык ён палез на дрэва, але драпежнік паспеў учапіцца яму ззаду за кажух і рвануў так, што пакінуў толькі каўнер ды рукавы. Аднак чалавек на дрэве выратаваўся.
Знайшлі Віталіка ў далёкай лясной вёсцы, ажно ў Робанцы, куды ён прыблукаў, шукаючы дарогі дадому. Цяпер Віталік жыве і працуе ў Ленінградзе. З’езджу, праведаю!
1971
2 студзеня. Вярнуўся самалётам з Ленінграда ад Віталіка. Сустракаў Новы год разам з яго сям’ёй. Пабудавалі кааператыўную двухпакаёвую кватэру на бульвары Наватараў. Пяты паверх. Даволі ўтульна. Прыгожая жонка Ала Андрэеўна і дачка Наташа.
3 студзеня. Юзік расказаў, што ў суботу сустрэў быў Анатоля Вялюгіна. Пагаварылі (у «Полымі — вершы).
— Выпіў учора, Анатоль Сцяпанавіч, — прызнаўся Юзік, — дык сёння пачуваю сябе не лепшым чынам.