— Калі ёсць здароўе, то трэба піць. Натхняе! — адказаў знакаміты паэт.
Даўно даў сабе слова не піць — пасля таго выпадку, калі настаўнічаў у Тамашоўцы. Там «Чайная» добрая была. Зайшлі мы з Уладзімірам Іванавічам, і начальнік заставы зайшоў. Адправіў на граніцу каравул і зайшоў. Пазнаёміліся — сімпатычны чалавек, старшы лейтэнант Нерабееў. Ну і выпілі за знаёмства. Выпілі раз, другі, а потым піва захацелася. Дзе ўзяць? У чайной — адна гарэлка. Што рабіць? Уладзіміра Іванавіча жонка забрала дадому, а мне Нерабееў кажа: «Пойдзем на той бок, у мяне там сябры, у іх піва ёсць!»
Пайшлі. Селі ў човен. Пераплылі Буг. На польскім баку ніхто не сустрэў, заходзім на іхнюю заставу — і там нікога. Нарэшце ўсё ж такі адшукалі нейкага пагранічніка, паслалі яго па начальніка заставы. Прыйшоў начальнік. Знайшлі піва і… польскай гарэлкі. Пілі за дружбу і напіліся так, што папрачыналіся ўжо на гэтым беразе. Польскія пагранічнікі вярнулі назад, у СССР. Каравул нас знайшоў. Дык Нерабееў нічога, а мяне чуць з партыі не выключылі.
Пісьменнікі выпіваюць — гэта вядома. Некалькі год назад у Мінск з групай польскіх літаратараў прыязджаў Уладзіслаў Бранеўскі. Відаць, хварэў, бо яшчэ на пероне, выйшаўшы з вагона, папрасіў «кілішачак вудкі». Пра гэта я прачытаў ва ўспамінах Я. Брыля.
Пра Фадзеева кажуць (у Маскве): «Бесперапынны запой на працягу трыццаці гадоў». Але Фолкнер піў яшчэ болей і напісаў некалькі дзясяткаў раманаў.
4 студзеня. Першы дзень у новым годзе на працы. Сабраў загадчык, павіншаваў з Новым годам, пажадаў здароўя, поспехаў. На стале ў загадчыка ляжыць кніга «На задворках». Яна мне знаёмая, выйшла ў мінулым годзе: артыкулы, фельетоны, памфлеты супраць буржуазных нацыяналістаў. Сустракаюцца прозвішчы Астроўскага, Езавітава, Казлоўскага, Іваноўскага, Ермачэнкі, Абрамчыка, Станкевіча і інш. У мінулым годзе прыязджаў «па падручнікі» Я. Ліманоўскі. Прыязджаў быццам У. Клішэвіч. Пра іх не згадваецца. Артыкул «Не вам беларусамі звацца» падпісалі Р. Барадулін, Г. Бураўкін, В. Быкаў, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, І. Чыгрынаў.
Грунтоўная распрацоўка гэтай тэмы, на жаль, пад забаронай. Эмігранты нападаюць на нас, мы — на іх, а ісціна, хутчэй за ўсё, недзе пасярэдзіне.
6 студзеня. Заходзіў Аляксей Кулакоўскі. Выглядае вельмі мірна і шляхетна, а ў вайну, Шамякін казаў, камандаваў ротай штрафнікоў. Пагаварылі пра справы партыйныя. Аляксей Мікалаевіч лічыць, што пісьменнік абавязкова павінен працаваць у нейкай установе, інакш пра яго забудуць. Мне такая логіка не вельмі зразумелая, але я не пярэчыў.
Болей ужо не называе майго візаві «Лабада», кажа: «Лабадо». Правёў з Аляксеем Мікалаевічам «разъяснительную беседу» (слова з нашага партыйнага жаргону).
8 студзеня. Чуў выраз «наменаклатурны пахан», але не магу даўмецца, што ён азначае. Што гэта такое?
10 студзеня. Адпачываў пасля начнога дзяжурства ў прыёмнай Машэрава. У гадзіну ночы пазваніў нейкі шафёр. Прывёз, ажно з Нараўлянскага раёна, кароў на Мінскі мясакамбінат, а там нікога няма, адзін вартаўнік. «Чаго ж ты ў выхадны дзень іх вёз, — пытаю, — ды яшчэ нанач?» — «Так здарылася», — адказвае. Баіцца, што каровы за ноч схуднеюць, а то і наогул папрымярзаюць да долу, бо мароз. Чалавек з правінцыі ў сталіцы безабаронны. Я адшукаў дырэктара мясакамбіната, папрасіў прабачэння і растлумачыў, па якой прычыне званю. Ён паабяцаў разабрацца. Пад раніцу пазваніў шафёр, сказаў, што кароў паставілі ў цёплае месца. Перспектыва ў іх незайздросная, але і быдла паважаць трэба.
11 студзеня. А. Куляшову далі Дзяржаўную прэмію за пераклады «Энеіды» І. Катлярэўскага, вершаў Лермантава, «Спеву аб Гаяваце» Г. Лангфела. Паэма «Цунамі» не ўспамінаецца. Яна была надрукавана ў вераснёўскай кніжцы «Полымя» за 1968 год, але не спадабалася Машэраву. Машэраў, кажуць, з пасляваеннага часу, будучы на пасадзе «камсамольскага бога», сябраваў з Куляшовым — аўтарам вершаў «Камсамольскі білет», «Камуністы» і інш. Цяпер Куляшоў пачаў пісаць інакш, і ў адносінах наступіла прахалода. Не водзіць ён дружбы і са сваім калегам П. Броўкам і, калі жыў П. Глебка, то і з ім. Моцна пасварыліся яшчэ на пачатку 50-х. Зацяты народ — пісьменнікі.
Майго земляка і сябра Аляксея Гардзіцкага прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў. Павіншаваў.
14 студзеня. Даручэнне ад загадчыка аддзела: патрэбен матэрыял да чарговага мерапрыемства. Ён інструктуе (блакнот і аўтаручка заўсёды пры мне):
— На люты запланаваны ХХХІІ з’езд Кампартыі Беларусі. Момант — адказны. Кожны абавязаны працаваць лепш і больш. Вы напішыце, як творчы саюз можа аказваць уплыў на выхаванне новага чалавека. Вось, зыходзячы з гэтай думкі…