Выбрать главу

Вядома, літаратура ў многім фарміруе свядомасць чалавека, але патрэбны творы цікавыя, прарыўныя, а такіх нешта не відаць.

— Падумайце, як узмацніць сувязі пісьменнікаў з жыццём.

Думаю.

Прысутны намеснік загадчыка прамовіў, адкапыліўшы ніжнюю губу:

— Я назіраю за працэсам і бачу, што некаторыя на працягу гадоў маўчаць, чамусьці не пішуць. Як быць з такімі?

— Можа, такім варта плаціць ганарар за тое, што не пішуць. Невядома яшчэ, што б яны напісалі.

Усе засмяяліся.

А што? У 20-я гады ў Нарвегіі — я недзе пра гэта чытаў — сялянам плацілі грошы за тое, каб яны не апрацоўвалі зямлю.

15 студзеня. Л. Прокша змясціў у «ЛіМе» артыкул, скіраваны супраць вядомага дзеяча беларускай эміграцыі С. Станкевіча. Гаворка ідзе пра аповесць В. Быкава «Сотнікаў», пра якую С. Станкевіч даволі прыхільна азваўся па мюнхенскай радыёстанцыі «Свабода». Справа ў тым, што пра гэту аповесць у мінулым годзе пісаў і сам Л. Прокша. Хваліў. А тут хваліць С. Станкевіч. Атрымліваецца, што іх пазіцыі блізкія або наогул супадаюць?

Л. Прокша імкнецца адмежавацца: «Спадар Станкевіч не можа пагадзіцца з тым, што Сотнікаў — станоўчы герой аповесці. Наіўным было б думаць, што гэта асабістая думка спрытнюгі-«літаратара». За гэтым крыецца зусім іншае. А іменна: імкненне паралізаваць выхаваўчую ролю мастацкіх твораў, якія паказваюць мужнасць і стойкасць савецкіх людзей у час мінулай вайны, звесці значэнне мастацкай літаратуры аб вайне да паказу «трагедыі і пакутніцтва народа, спрычыненае вайной і партызаншчынай».

Апошняе — пытанне вельмі балючае і зусім не асветленае ў нашай літаратуры.

Вышэйшая асалода — гэта асалода ад праўды, — сказаў папулярны цяпер Васілій Шукшын. Недахоп праўды — ахілесава пята нашай літаратуры.

17 студзеня. Адкрыўся новы тэатр — Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Гэта ў Доме афіцэраў. Пайшоў адзін. Пакуль што халасцякую.

Давалі «гераічную камедыю» (нейкае новае жанраўтварэнне!) «Спявае «Жаўранак», музыка Ю. Семянякі. Выйшаў з думкай, што прыстойную аперэту мог напісаць толькі Кальман.

19 студзеня. Вадохрышча. Бабулькі нясуць у бутэльках ваду. Вада — свянцоная. На Вадохрышча наша Зямля, як вядома, максімальна набліжаецца да Сонца, якое сілай сваёй энергіі ачышчае ваду і робіць яе лячэбнай.

У Кругелі, калі стаяла царква, гэта было вялікае свята, на замерзлай Лясной, у затоцы, прабівалі палонку і ставілі з ільду алтар. Адбывалася ўрачыстае богаслужэнне, стралялі з ружжа, выпускалі галубоў. Было ўсё па поўнай праграме. Было…

21 студзеня. Наведаў у Дзяржаўным музеі выстаўку Заіра Азгура. Уражанне такое, нібы трапіў у нейкае вельмі сумнае месца. Але добра відаць, што Азгур — вялікі працаўнік. Нездарма нейкі гумарыст з мастакоў сказаў: «У яго ў майстэрні галоў столькі, як у іншых бутэлек». Што відаць і на выстаўцы.

22 студзеня. А. Карпюк друкуе фрагменты са свайго «Вершалінскага раю» пра сектанта Альяша з Грыбоўшчыны. Асуджае Альяша і яго «апосталаў» з пазіцый асветніцкага бязбожжа.

Артыкул у тым жа «ЛіМе» У. Юрэвіча «Першапачатак народнага подзвігу» пра раман Чыгрынава «Плач перапёлкі» («Маладосць», № 10, 11, 12 за мінулы год). Хваліць, і заслужана.

24 студзеня. Чытаў нядаўна выдадзеную кнігу Гегеля — «Работы разных лет» (М., 1970. Т. 1). На стар. 385-й думка: «Каков человек, таков имир, и каков мир, таков и человек». З думкі філосафа вынікае, што свет творыцца кожным. Дабро і зло перамяшаліся. Часам цяжка аддзяліць адно ад другога. І яшчэ. Калі дэградуе асоба, дэградуе ўсё. Мы яшчэ не зразумелі значэння чалавечага фактару. У мяне, дарэчы, такое ўражанне, што гадоў 10—15 назад (я тады быў студэнтам, працаваў, служыў у арміі) людзі былібольш зычлівыя адзін да аднаго, дапамагалі ў жыццёвых цяжкасцях, падтрымлівалі. Сёння ў чалавечых адносінах больш адчужанасці, зайздрасці, непрыхільнасці.

25 студзеня. Панядзелак. З раніцы неяк апынуўся ў кабінеце загадчыка аддзела. Пачуваўся даволі раскавана і спытаў: «Што новага, Станіслаў Віктаравіч?» Той паглядзеў на мяне больш, чым строга: «Гэта вы павінны дакладваць мне, што новага, а не я вам!»

Настрой сапсаваў на цэлы дзень, але нічога не зробіш, бо ён начальнік. Але не разумею, чаго гэта ён на мяне так напусціўся.

28 студзеня. З добрымі вынікамі працуе Салігорскі калійны камбінат. Аднаму пісьменніку зрабілі закід, што герой яго аповесці атрымаўся залішне інтэлігентным — інфантыльным і кволым. Калега С. параіў аўтару:

— А ты яго ў Салігорск адпраў, у шахту апусці.

Там, маўляў, больш акрэслена вызначыцца яго грамадзянская пазіцыя. Неспавядзімы шляхі гасподні…