29 студзеня. У Доме мастацтваў адбыўся вечар у гонар 50-годдзя І. Шамякіна. На вечары былі М. Лынькоў, М. Танк, І. Навуменка, Б. Чалы, В. Бокаў… У «ЛіМе» цэлы разварот з артыкуламі М. Лынькова, В. Каваленкі і інш. Пра аповесць «Мост» калісьці добра пісаў В. Быкаў. І. Шамякін і В. Быкаў пачыналі пісаць пад уплывам твораў Дж. Лондана. Відаць, яго паэтыка здавалася ім найбольш прыдатнай, каб паказаць чалавека ў суровых абставінах вайны. Першае апавяданне І. Шамякіна «У снежнай пустыні» навеяна паэтыкай Дж. Лондана. Потым былі іншыя павевы, але пісьменнік развіваўся самастойна.
Творы Шамякіна запатрабаваныя, іх чытаюць, абмяркоўваюць. Чую часам крытычныя заўвагі ад сваіх калег партработнікаў. Памочнік Машэрава Панамароў сёння сказаў мне:
— Зря это он про охоту в Беловежской пуще, не надо было!..
Ён меў на ўвазе самы пачатак рамана «Снежныя зімы».
А лясны камандзір Кожар Ілья Паўлавіч, наадварот, прачытаўшы «Глыбокую плынь», выказаўся так: «Пісьменнік павінен быць што партызан: прайсці там, дзе ніхто не можа прайсці».
30 студзеня. Субота. Гуляў на банкеце, які даваў Шамякін у рэстаране «Юбілейны». Багата. Я залюбаваўся на белы абрус і іскрыстыя чаркі і фужэры з крышталю.
— Першы раз паставілі, думаем, не паб’юць, — патлумачыў афіцыянт з гальштукам-матыльком, праціраючы ручніком фужэр. — Усё ж такі Шамякін. Тамадой — Макаёнак. Шмат віншаванняў, тостаў, жвавасці. Іван Пятровіч крыху падпіў. Калі я яго віншаваў, ён жартам, але нечакана для мяне, спытаў:
— Уладзімір Васільевіч! Дык як Цака лічыць, таленавіты я ці не?
— Дзіва што! — пацвердзіў я, успомніўшы, што яго прадставілі да ўзнагароды ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
1 лютага. Адліга. Параспускаліся рэкі. На дрэвах пачалі набухаць пупышкі. Стан прыроды мяне цікавіць здаўна, з дзяцінства. Перадалося, відаць, ад дзеда Лявонція Міхайлавіча Сцепанюка, які зжыўся з навакольнай прыродай усёй сваёй сялянскай істотай і ўмее бачыць і прадчуваць яе паводзіны. «Ягадаў шмат, — казаў ён, — значыць, зіма будзе халодная».
Потым, у студэнцкія гады, трапіла да мяне кніжка маскоўскага фенолага Зуева «Времена года», і я дзівіўся назіральнасці яе аўтара. «Багаты ўраджай рабіны, — пісаў ён, — прадказвае, што зіма будзе суровая». Або: «Калі дровы гараць з трэскам — будзе мароз» і г. д.
5 лютага. «ЛіМ» сціпла адзначыў 85-годдзе кампазітара Аляксея Туранкова. Ён ураджэнец Санкт-Пецярбурга, дзе і атрымаў музычную адукацыю. Пераехаў у Беларусь яшчэ ў 1918-м. Асвоіў беларускі мелас, напісаў шмат песень, оперы «Кветка шчасця» і «Яснае світанне». Нешта дрэннае цягнецца за ім з часоў нямецка-фашысцкай акупацыі. Падазрона перагукваецца яго прозвішча з прозвішчам аднаго з персанажаў п’есы К. Крапівы «З народам» (1948) — Шкуранкоў.
8 лютага. Яшчэ адно пяцідзесяцігоддзе. На гэты раз — Івана Мележа. У тым жа Доме мастацтваў, што і ў Шамякіна.
Ведаю Івана Паўлавіча Мележа, як і ўсе, даўно — па творах. Кнігу апавяданняў «У завіруху» прачытаў яшчэ ў 1947 годзе. Помню марозны зімні вечар: сяджу на цёплай печы, цьмяна свеціць падвешаная да столі газнічка (кнот «укручаны» — эканомім газу), сачу за лёсам герояў, за цікавымі падзеямі.
Бабуля Фёкла (яна была непісьменная) просіць:
— Чытай уголас!
І я чытаю:
«…Цяпер ён быў у нейкім забыцці ад нечалавечай стомы. Спатыкнуўшыся, ён упаў у снег і ляжаў колькі хвілін нерухома і маўкліва. Конь пастаяў крыху, пачакаў, потым занепакоіўся, шмаргануў повад раз, другі. Заслужац бяздумна павярнуўся і ўбачыў над сабою храпу каня: галава каня здавалася незвычайна вялікай. Каштан пазіраў круглымі вачыма трывожна і нецярпліва…»
Гэта было цікава. Пісьменнік надзвычай праўдзіва, пераканаўча паказваў чалавека ў жорсткіх абставінах вайны. Праўда выклікала давер, суперажыванне. Гадоў праз дзесяць-пятнаццаць яна стане галоўным крытэрыем ваеннай літаратуры, узніме ў ёй «другую хвалю». Але моцныя, маральна забяспечаныя парасткі гэтай праўдзівасці былі ўжо ў ранняга Мележа.
Убачыў упершыню Івана Паўлавіча ў годзе 1962-м, у клубе Саюза пісьменнікаў па вуліцы Энгельса. Быў вечар апавядання (зараз такія мерапрыемствы чамусьці забыты), вёў Мележ. Здзівіла яго тактоўнасць, павага да творчасці таварышаў, што чыталі свае апавяданні, натуральнасць паводзін і рухаў.
З гэтага часу, здаецца, і пачало ўмацоўвацца наша знаёмства.
Бывае, пры сустрэчы чалавек пытаецца: «Як жывеш?», «Як сям’я?» Хочаш нешта адказаць: жывыя, маўляў, і здаровыя пакуль што. А ён, аказваецца, цябе не слухае, хоць і трымае за гузік. Спытаўся, відаць, для «ветлівасці» і пачаў гамонку пра іншае, пра сваё.
Іван Паўлавіч не з такіх. Ён любіць пытаць і ўмее слухаць. Слухаць не раўнадушна, а актыўна, зацікаўлена.