Выбрать главу

— Як жывяце? Як сям’я?

— Пакуль што адзін, халасцяк.

— А колькі вам?

— Ды за трыццаць ужо…

— Калі ж тады жыць, — спакойна, мудра ўшчувае ён мяне.

У 60-я гады ён, інтэнсіўна працуючы над палескімі раманамі, час ад часу заходзіў у Інстытут літаратуры імя Я. Купалы абмяняцца думкамі пра апублікаванае, паслухаць калег-літаратуразнаўцаў.

Мяне і маіх таварышаў вабілі і вабяць у Мележу яго мастакоўскі аўтарытэт, самастойнасць, самавітая асоба з незалежнасцю думкі і ў той жа час жаданне зразумець цябе, праверыць тваю думку, стаўшы на твой пункт погляду.

Мележ і Шамякін — землякі, абодва з Гомельшчыны, з Палесся. Старажытны край! Некаторыя вучоныя лічаць Палессе прарадзімай славян. Кажуць, калі хочаш пачуць, як гаварылі ў часы Кіеўскай Русі, едзь на Палессе. Вядома, шмат вады сплыло з тых часоў. Шмат!

Мележ і Шамякін — пастаянныя сапернікі. Сапернікі і апаненты. Як і Шамякіна, яго ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. «Трудавіком» — як у народзе называюць гэты ордэн.

9 лютага. Юбілейны банкет І. Мележа ў адрозненне ад І. Шамякіна ў рэстаране «Беларусь». Банкет таксама шыкоўны. Юбіляр не піў, а слухаў, што пра яго гаварылі, хто выступаў з тостамі.

12 лютага. Дапамагаю калегам у падрыхтоўцы Справаздачнага даклада ЦК ХХVII з’езду Кампартыі Беларусі. Вылучана пэўнае кола ідэй. Вось некаторыя. Чарговай ступені мы дасягнулі. Нашы людзі пад кіраўніцтвам партыі і ўплывам савецкага ладу жыцця, выхаваўчай работы, значна выраслі, асабліва ў духоўным плане. Зрабіць акцэнт на ўзмацненні ідэалагічнай барацьбы з буржуазным Захадам, на выпрацоўку ў савецкага чалавека правільнага, навуковага светапогляду і пачуцця савецкага патрыятызму. Зверху спушчаны тэзіс: над ідэалогіяй трэба больш працаваць, чым над эканомікай.

Не забыта і літаратура: развіццё літаратуры (і мастацтва) адстае ад запатрабаванняў грамадства развітога сацыялізму.

Часам можна пачуць выраз: «дрымучая свежасць думкі». Ён, па-мойму, не блага стасуецца да нашага «кола ідэй».

Як выпрацаваць «адзіны навуковы светапогляд», калі людзі з розным жыццёвым досведам, з рознай адукацыяй.

20 лютага. Быў у лазні. Дужа прыемная працэдура. Абнаўляе і цела і душу. Некаторыя абліваліся халоднай вадой. Нейкі дзядзька сказаў: «Халодная вада для паясніцы бяда». Трэба запомніць, бо гэтым часам злоўжываю і я.

Дадому вяртаўся з добрым настроем.

22 лютага. Пачаўся чарговы ХХVII з’езд Кампартыі Беларусі. На яго адкрыцці дэлегаты — так цяпер прынята — доўга апладзіравалі. Усе партыйныя форумы (з’езды, пленумы, канферэнцыі) ідуць пад бурныя і працяглыя апладысменты. Апладзіруюць усе — і зала, і прэзідыум. Апладысменты — вельмі значная, важная і абавязковая частка партыйнага рытуалу. Умелі бурна апладзіраваць пры Сталіне і асабіста яму. Старажылы нашай установы расказваюць, што на ХІХ з’ездзе ВКП(б) адна дэлегатка так горача запляскала ў далоні і пацягнулася да правадыра, калі ён узышоў на трыбуну, што звалілася з балкона, дзе яна знаходзілася, у партэр. Дарэчы, у кадрах кінахронікі, якая захавалася і паказвае Сталіна, калі ён падняўся на трыбуну, ёсць момант: правадыр у сваёй зашпіленай на ўсе гузікі «сталінцы» здзіўлена пазірае кудысьці ўверх, пад столь. Ці не на той балкон ён глядзіць, з якога звалілася ці валіцца ягоная фанатка? Вядома, што яе забрала «хуткая дапамога». Доўга вялося следства на той конт, што, можа, хто яе спіхнуў.

Сёння таксама апладзіруюць бурна, хаця, можа, крыху і механічна.

На ХХVII з’ездзе КПБ П. М. Машэраў сказаў (тое, што мы напісалі): «духоўны рост працоўных значна апярэджвае дасягненні літаратуры і мастацтва».

23 лютага. Выступаў М. Танк. Цікава. У паэзіі, у вершах ён вельмі праўдзівы. Паэзія яго мне імпануе, падабаецца. Галоўная думка яго выступлення: беларуская савецкая літаратура знаходзіцца на крутым уздыме. Я так бы не сказаў, хаця працэсы самаруху літаратуры, творчы пошук не спыняюцца. Дрэнна, аднак, што яна паднявольная, абмежаваная прынцыповымі патрабаваннямі сацыялістычнага рэалізму.

М. Танку, як звычайна, прапанавалі выступіць «зверху».

Нехта з дэлегатаў ад Гродзенскай абласной партарганізацыі пакрытыкаваў сакратара Гродзенскага аддзялення СП Беларусі Аляксея Карпюка за слабы ўдзел у ідэйна-выхаваўчай рабоце.

25 лютага. Дзень прайшоў нібыта спакойна, але пад канец тэрмінова выклікаў загадчык аддзела.

— Паездзеце ў Гродна ў складзе пісьменніцкай камісіі для праверкі Гродзенскага аддзялення.

Гэта сталася для мяне нечаканасцю і нечаканасцю не надта прыемнай.