Выбрать главу

— А хто ў той камісіі?

— Мікола Ткачоў і Алешка.

— Антон Алешка?

— Ён самы. Камандзіроўка вам ужо выпісана, білеты бярыце на заўтра, на раніцу.

Што ж, трэба ехаць. У калідоры паспачуваў, курачы цыгарэту, Парватаў:

— Не простае ў вас даручэнне, — сказаў ён і, крывячы губу, выпусціў струмень дыму.

Я паспеў сазваніцца з Ткачовым і Алешкам, яны ўжо ў курсе справы. Едзем цягніком, білеты ўзяў на сябе Мікола Гаўрылавіч, каб ехаць у адным вагоне. Ён аргсакратар, пазваніў Карпюку ў Гродна, каб сустрэў.

У дарозе, пад стук колаў, зайшла размова — завёў Мікола Гаўрылавіч — пра чалавечую адказнасць, пра гуманнасць і далікатнасць. Для яго ўзор чалавечнасці — Максім Танк.

— Браў мяне адказным сакратаром у «Полымя». Я быў тады малады, кволы, — гэта ў сорак дзявятым было. «Ну, нічога, — кажа, — калі не справішся, дык тады я буду вінаваты. Уся адказнасць, — кажа, — на мне». Гэта значыць, на ім.

26 лютага. Аляксей Нічыпаравіч — чалавек абавязковы, сустрэў асабіста, паспеў нават заказаць гасцініцу. Распытаў, як ехалі, пацікавіўся настроем. Мікола Ткачоў сказаў, паўтарыўшы тое, пра што ён папярэдзіў па тэлефоне:

— Маем заданне паглядзець работу вашага Гродзенскага аддзялення.

— Правярайце, раз даручылі, — хітнуў галавой Аляксей.

Дамовіліся, што сустракацца з пісьменнікамі будзем з кожным паасобку, а потым збяромся ўсе разам. Аляксей Нічыпаравіч згодна хітае галавой. Уладкаваліся ў гасцініцу. Нумары, як манастырскія келлі, не павярнуцца, ложак кароткі нават для мяне (1,77 м), і хто гэта так суперэканомна праектаваў і будаваў? Але затое асобна, па аднаму.

27 лютага. Першая сустрэча — з самім Карпюком. У маіх вачах ён заслугоўвае і павагі, і пашаны. Родам з-пад пушчы. У давераснёўскія часы, яшчэ юнаком, стаяў за беларушчыну. Рос сярод людзей — вясковых падпольшчыкаў, якія свята верылі ў сацыялістычны ідэал. «Чысты, — як ён кажа, — і незаплямлены». У вайну сядзеў у нямецкім канцлагеры, уцёк, камандаваў партызанскім атрадам імя К. Каліноўскага на Гродзеншчыне.

Сустрэча наша адбывалася ў доміку Элізы Ажэшкі, дзе цяпер месцяцца некаторыя культурныя ўстановы, у тым ліку Гродзенскае аддзяленне СП. Пагаварылі пра жыццё, пра планы. Карпюк працуе цяпер над раманам «Вершалінскі рай» — пра вясковага сектанта з вёскі Грыбоўшчына, які стварыў «сваю царкву», папулярную ў мясцовага жыхарства.

— Няма кантакту з абкамам, — уздыхнуў Аляксей Нічыпаравіч, — няма з імі паразумення! Што ні параіш, не слухаюць.

Я яго разумею. Карпюк — праўдалюб і «праўдаруб». У яго аўтабіяграфічным нарысе «Мая Джамалумгма» ёсць такая мясціна: «Для чаго чалавек жыве? Мабыць, для барацьбы за Праўду. У мой век Праўда знаходзіцца ў вялікіх ідэях камунізму, я за іх змагаўся, як толькі мог. Канечне, часамі рабіў гэта няўмела, а часамі груба, але гэта ішло ад неразумення і ўзросту».

Гаворка, як бачым, пра тую ж «чысціню і незаплямленасць». Гэта — вялікая, сусветная праблема камуністычнага руху. У СССР, дзе ўлада належыць камуністам, яна асабліва вострая. Многае адкрылася ў 1956-м. «Оказался наш Отец Не Отцом, а сукою», — спявае Галіч.

Вядома, заглыбляцца ў гэтыя пытанні ніхто з нашай кампаніі не стаў. Небяспечна для ўсіх. Карпюк загаварыў пра сяброў, спытаў, што там у Мінску, як Максім Танк, Караткевіч, Брыль. Даведаўшыся, што я з Брэстчыны, вучыўся ў Калесніка, расказаў пра яго юнацкія адносіны з Зінай Маслоўскай, якую ён таксама ведаў і якая гераічна загінула ў часе вайны. Я яшчэ раз падумаў, што ўсе яны — і Карпюк, і Калеснік, і Быкаў, і загінуўшая Зіна Маслоўская — прадстаўнікі ўнікальнага пакалення, якому трэба давяраць, досвед якога неабходна цаніць і шанаваць.

28 лютага. Наведалі майго даўняга сябра па аспірантуры Сяргея Кліманскага. Заваліліся да яго ў складзе ўсёй камісіі. Ішлі па цаліку, грузнучы ў глыбокім снезе. Сям’я Кліманскіх — гасцінная. Пачаставалі добрай вячэрай. Асабліва смачнымі здаліся зразы. Была музыка з грамафона. Музычных навінак гаспадары не прызнаюць. Антон Антонавіч, танцуючы з гаспадыняй, зачапіўся за дывановую дарожку і ўпаў. Але ўсё абышлося.

1 сакавіка. На дварэ мароз, завіруха, а ў нумары гасцініцы «Беларусь» цёпла. Нумар маленечкі, але нічога, адпачыць, пераначаваць можна, а каб не наша «не простая», як сказаў Парватаў, місія, дык было б і зусім няблага.

На сустрэчу з Быкавым паехалі Ткачоў і Алешка ў рэдакцыю абласной газеты, дзе ён працуе. Я ўстрымаўся, хай, думаю, яны пагавораць паміж сабой па-пісьменніцку.

Быкаў уступіў у літаратуру ў канцы 50-х — пачатку 60-х аповесцямі «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», у аснове якіх быў асабісты ваенны вопыт пісьменніка і ў якіх ён паказаў вайну так, як ён сам яе бачыў, ведаў і памятаў, — з яе трагедыямі, жорсткасцю, крывёй і з вялікім гераізмам. Ядро яго прозы адно і тое ж: сюжэтна аповед арганізоўваецца вакол якога-небудзь аднаго, часам нязначнага з пункта гледжання агульнай стратэгіі вайны эпізода, а для ўсёй карціны ўласціва рэалістычная верагоднасць і дакладнасць, дакладнасць і яскравасць слова, гераічны пафас. Тым не менш, яго творчасць непакоіць многіх, асабліва ў партыйных колах. Некаторыя незадаволены тым, што, засяроджваючы ўвагу на псіхалогіі подзвігу, беручы яго маральны аспект, Быкаў недастатковую ўвагу надае раскрыццю другога аблічча героікі — яе дзейснасці. Гэты разрыў, разрыў «духоўнага і дзейснага», адчувальны і ў «Сотнікаве». Сотнікаў моцны духам, але нямоглы фізічна, а яго маральны антыпод Рыбак паказаны чалавекам дужым і фізічна моцным. Слабы фізічна «ачкарык» Ляховіч